Іван ды Мар’я – кветка гаючая

Леўчукі

60 год пражылі ў згодзе, зберагаючы ад жыццёвых нягод сямейнае сваё шчасце, брыльянтавыя юбіляры Іван Сямёнавіч ды Мар’я Фёдараўна Леўчукі. Адзін для аднаго яны і сёння, як тая кветка гаючая, што аб’яднала іх імёны.

ЯНЫ СПРАДВЕЧНЫЯ жыхары вёскі Баранцы. Ёй – 80, яго ўзрост набліжаецца да 85-годдзя, ужо не шпарка, у змаганні з хваробамі, але ж, як гаворыць гаспадар:
– Старое ўжо рыпіць, а не спявае, дыміць, а не гарыць. Ды ўсё ж добрае жыццё пражылі, ні перад кім не сорамна.
Гаспадыня далучаецца, паказваючы партрэты, на якіх яны ў час, калі ехалі да вянца:
– Вось якія мы з дзедам маладыя былі.
Нават не адчувае, як нязвыкла гучаць побач словы “дзед” ды “маладыя” і толькі дзеяслоў “былі” прамаўляе ўздыхаючы. А потым вохкае, быццам аладкі на пліце падсмаліліся:
– Ох, я і не заўважыла, як 60 гадоў разам пражылі… – і трошкі вінавата дадае: – Людзі нагадалі, а я зусім за-бы-ла-ся.
На падворку зімна, снежна, мароз за рукі і твар шчыпле, а ў хаце парадак, сняданак, печка з раніцы напаленая – усё ладненька, па-гаспадарску. Утульна не толькі ў пакоі, у словах і вачах Івана ды Мар’і – цеплыня. Нават калі пра вайну, якая балюча закранула дзяцінства, прыгадалі, цеплыня тая не знікла. Даўно тое перажытае зарубцавалася, толькі ва ўспамінах і засталося. Як нейкае кіно, дзе ты не галоўны герой, але таксама меў сваю невялічкую ролю.
…Мікалай, старэйшы Іванаў брат, пайшоў у атрад імя Міхаіла Фрунзэ. У 1943 годзе немцы ўварваліся ў хату партызана. Учынілі над бацькам Сямёнам Тарасавічам расправу: прывязалі да воза і пацягнулі ў бок Кобрына, у дарозе забілі, а жытло ўшчэнт спалілі. Пелагею, жонку Сямёна Леўчука, з сынамі Іванам і Васілём выратавала толькі тое, што паспелі схавацца ад карнікаў у блізкім лесе.
Марыі пашчасціла – бацька, хоць і паранены, жывым вярнуўся з фронту. Самы яркі ўспамін з таго часу – нібыта ўспышка, як грукаталі выбухі, цінькалі кулі, а яна, сямігадовая, разам з бабуляй хавалася ў падполлі, вырытым бацькам Фёдарам Букачам, каб ратавацца ад бамбёжкі. За горкім успамінам – адразу радасны, з таго цёплага дня, калі рвала белы наліў у Карасёвым садзе і пачула звонкі крык:
– Тата твой вярнуўся!
Падбегла, з падолу сакавіты яблычак дастала, бацьку-салдату працягнула. Вось дзе было шчасце!
Марыя скончыла сем класаў. Хоць строга кажучы, у школу не хадзіла… А навошта, калі яна месцілася ў Букачавай хаце і вясковыя дзеці штодня спяшаліся нібыта да Мані на вячоркі?
Івану з навукай пашчасціла менш. Скончыў толькі адзін клас, але… тройчы!
– Улады ўвесь час мяняліся, – тлумачыць гаспадар. – Пры паляках скончыў першы клас, вядома, польскі, прыйшлі Саветы зноў у пачатковы клас запісалі, ужо рускі, а потым немцы загадалі выкладаць па-ўкраінску, зноў давялося за парту сядаць. Затым у войска прызвалі – не было калі працягваць навучанне. Так і застаўся першакласнікам.
Дзякуючы арміі жыў далёка ад роднага парога. Ажно на Каспіі, у Баку, дзе Івана залічылі ў чыгуначныя войскі. 1953 год памятны для яго дзвюма падзеямі: Сталін памёр, а маладзён вярнуўся ў родныя мясціны. Уладкаваўся будаўніком у тагачасны калгас “Беларусь”, працаваў, не ленаваўся. Пяць кватэр пабудаваў Іван, вялікі кароўнік у Старым Сяле, безліч гаспадарчых будынкаў. Справу сваю любіў і меў за яе павагу, лічыўся майстрам на ўсе рукі, асвоіў розныя рамёствы – адным словам, і цяслярыць, і тынкаваць, і цэглу класці – усякая праца ў руках гарэла.
Марыя таксама жыццё прысвяціла роднай зямлі, была паляводам, затым даяркаю, мела за тое ўзнагароды, у тым ліку грамату райвыканкама. Паказальным быў кароўнік у Баранцах, калі на ім працавала жанчына. Неяк завіталі сюды ажно 22 машыны – дэлегацыя, каб паназіраць ды вопыт пераняць.
Неўзабаве час прыйшоў, калі Івану Сямёнавічу спатрэбілася не толькі дамы, але і ўласную сям’ю будаваць – пара ў пары быць! Для такой справы на край свету па шчасце не паехаў, прыгледзеў прыгожую аднавяскоўку на Букачавым падворку. Але ж надарылася замінка: у Марыі меўся ўжо іншы кавалер. А Івану што? Рашучы быў, падышоў да дзяўчыны і нібыта загадаў:
– Выходзь за мяне!
Тая сумелася, але згадзілася. А юнак – да бацькоў, па блаславенне:
– Мама, тата, мы з Маняй распішамся.
Тыя ў адказ:
– Калі яна згодная, дык ідзіце.
Навошта ісці, калі ёсць ровары (прэстыжны, трэба сказаць, тады транспарт на сяле)? Зіма 1957 года выдалася цёплай, адліжнай, марудзіць маладыя не сталі – праз тры дні рушылі на веласіпедах у бок Азятаў. Там сельсавет, улада. Там і пакінулі свае подпісы. А пад вянец рушылі ўжо ў Верхалессі, дзе белабароды святар, сівы ды мудры, блаславіў на доўгі шлях, якім поруч ісці. Праз месяц, як грошы зарабілі, і вялікае вясковае вяселле згулялі. Тры дні Баранцы шчасця ім жадалі і, відаць, шчыра, бо жывуць Іван ды Мар’я шэсць дзясяткаў гадоў ладна, паўтарыліся ў нашчадках.
– Маем сыноў Івана і Мікалая ды дачку Люду, а яшчэ сямёра ўнукаў, трох праўнучак, – з задавальненнем займаецца сямейнай “арыфметыкай” Марыя Фёдараўна. – Харошыя яны ў нас, працавітыя. У лістападзе, калі мне 80 год стукнула, адзначаць і не думала, ды родныя настаялі, завіталі з падарункамі, віншаваннямі, пажаданнямі. Хата стала, як чаша поўная. Быў і ўнук Віталь са сваёй Аленай, якія год таму шлюбам пабраліся, а разам з імі – самая маленькая госцейка, іх дачка, якую ў гонар мяне назвалі Марыйкай.
Гэтак прыгожа працягваецца сёння сямейны радавод Івана ды Мар’і.

Анатоль РОСТАЎ.
На здымку: сапраўднымі брыльянтамі за доўгія гады сталі адзін для аднаго Іван і Марыя ЛЕЎЧУКІ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*