“…Кваліфікаваны, сваёй справе адданы”

“…Кваліфікаваны, сваёй справе адданы”

1

“Прафсаюзны лідар павінен быць кваліфікаваным, сваёй справе адданым”, – гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз усю сустрэчу кіраўнікоў абласных, раённых, гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, што сабраліся на пачатку лютага ў аграгарадку Ждановічы пад Мінскам, каб падзяліцца вопытам, павысіць кваліфікацыю, пазнаёміцца з найбольш карыснымі напрацоўкамі калег.

У першы дзень перад прысутнымі (а гэта 144 прадстаўнікі, дэлегіраваныя з усіх куткоў краіны) выступіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён падкрэсліў значнасць спраў, падуладных рукам сяброў прафсаюзных арганізацый, што аб’ядноўваюць звыш чатырох мільёнаў нашых сучаснікаў, занятых ва ўсіх сферах дзейнасці.
Пад час лекцыйных і семінарскіх заняткаў узнімаліся вельмі актуальныя на сёння пытанні. Між іншым, закраналіся праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, канкурэнтназдольнасці айчыннай эканомікі ва ўмовах глабалізацыі. Асобна ішла гаворка пра заключэнне, падаўжэнне, скасаванне кантрактаў, аб прафсаюзным маніторынгу ў галіне аплаты працы і судовай практыцы па індывідуальных спрэчках. Не абмінулі ўвагай і пытанні ўзаемадзеяння абласных аб’яднанняў прафсаюзаў з раённымі і гарадскімі, а таксама супрацоўніцтва Федэрацыі са СМІ.
Адным з найбольш запамінальных і актуальных стала выступленне намесніка старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Андрэя Кардаша, які разважліва і шматбакова засяродзіўся на калектыўна-дагаворным рэгуляванні працоўных адносін у арганізацыях на мясцовым узроўні. Пры абмеркаванні шэрагу пытанняў вёўся жывы дыялог.
Не менш запамінальнымі сталі мерапрыемствы, у якіх паўдзельнічалі прафсаюзныя лідары. Так, 1 лютага яны былі запрошаны на ганаровае адкрыццё экскурсійна-турыстычнай выставы “ПРАФТУР-2017”, якая праходзіла ў Палацы культуры прафсаюзаў. Нашай увазе быў прадастаўлены прагляд тэатралізаванага відовішча-падарожжа “Сем таямніц Беларусі”.
Акрамя таго, старшыні абласных, раённых, гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў наведалі ААТ “Мінскі завод калёсных цягачоў”, дзе адбылася экскурсія па цэхах прадпрыемства. Увачавідкі пабачылі, як адбываецца зборка магутнага 14 метровага цягача. А затым на практыцы пазнаёміліся з вопытам дзейнасці пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі завода, прынамсі, як дзейнічаюць на прадпрыемстве тарыфнае пагадненне, калектыўны дагавор, як арганізаваны грамадскі кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы і яе ахове.
Працяг практычнай размовы адбыўся і на наступны дзень, цяпер ужо ў горадзе Ашмяны Гродзенскай вобласці, дзе вывучалася ўзаемадзеянне мясцовага раённага аб’яднання прафсаюзаў з арганізацыйнымі структурамі галіновых прафесійных аб’яднанняў Ашмяншчыны.
Калі падвесці рысу гэтай сустрэчы, то кожнаму яе ўдзельніку, не абыякаваму да пытанняў абароны правоў чалавека працы, яна прынесла карысць, новыя веды і знаёмствы.
Ніна КАЛЫБСКАЯ, старшыня Жабінкаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro