Сёння — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Сёння — Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

І сніцца мне Афганістанафганец

Маёру міліцыі ў адстаўцы Ігару Саўчуку і сёння цяжка ўспамінаць некалькі гадоў са свайго юнацтва.
“Шчыра, я не аматар расказваць пра сваю службу ў Афганістане. Хваліцца няма чым, я не герой, толькі выконваў загад. Відаць, афіцэру міліцыі не да твару гаварыць, што баяўся смерці, але было страшна. Хацелася жыць, вярнуцца дадому, да бацькоў, працаваць, гуляць з сябрамі. Вельмі хочацца забыць тыя аўтаматныя чэргі, разрывы пад нагамі бомбаў, кішлакі, запоўненыя ўзброенымі баевікамі, горныя дарогі, кожны метр якіх утойваў небяспеку, вочы параненых сяброў, але, на жаль, Афганістан мне яшчэ сніцца”, – ціхім голасам расказвае Ігар Віктаравіч, перабіраючы чорна-белыя фотаздымкі з той вайны. Іх ён таксама дастаў вельмі неахвотна пасля шматразовай просьбы. “15 лютага – сумны дзень для мяне і сяброў, якія выжылі. Гэты дзень вяртае ў мінулае, абпальвае пякучым сонцам. Вы ўсё роўна не зможаце дакладна апісаць тое, што мы адчуваем у гэты дзень. Думаеш, жывы застаўся, а колькі хлопцаў загінула тады”, – дадае воін-інтэрнацыяналіст.
Нарадзіўся Ігар Саўчук 21 снежня 1967 года ў вёсцы Замошаны, што на Жабінкаўшчыне. Калі скончыў сярэднюю школу ў сённяшнім аграгарадку Ленінскі, адразу ж пайшоў працаваць у племсаўгас “Рагазнянскі” (цяпер сельгасвытворчы кааператыў). У красавіку 1986 года яго прызвалі на службу ва Узроеныя Сілы СССР. Вучэбная часць дыслацыравалася ў Фергане ва Узбекістане. Некалькі месяцаў юнак пазнаваў асновы ваеннай справы, а ў кастрычніку яго накіравалі ў Афганістан. “Аб тым, куды еду і чаго, меў цьмянае ўяўленне, але паабяцаў сабе, што абавязкова вярнуся жывым”, – успамінае суразмоўца.
Малады чалавек быў залічаны ў 742 асобны батальён сувязі 103-яй паветрана-дэсантнай дывізіі на пасаду вадзіцеля радыёрэлейна-кабельнай роты. Часць дыслацыравалася ў Кабуле. На аўтамабілі ГАЗ-66, вадзіцелем якога ён быў, на шасі размяшчалася станцыя спадарожнікавай (касмічнай) сувязі, якая забяспечвала зносіны ў цяжкадаступных раёнах Афганістана. Без гэтай станцыі не праводзілася ніводная воінская аперацыя, таму што горы стваралі перашкоды для радыёсувязі, выратоўвала толькі яна. Пад час рэйдаў у машыну закладваўся зарад трацілу 7-9 кілаграмаў, калі раптам здарылася б пазаштатная сітуацыя, байцы абавязаны былі ўзарваць машыну са станцыяй, таму што яна з’яўлялася сакрэтным аб’ектам.
Адным з яркіх момантаў той службы быў чэрвень 1987 года, калі ў Кабул з канцэртам прыляцеў Аляксандр Разэнбаум. Сярод нялёгкіх салдацкіх будняў яго выступленне стала для воінаў сапраўднай падтрымкай. “Сядзеў я з сябрамі ў сталоўцы, абедаў. Тут нечакана загучала музыка. Пайшлі на яе гукі і праз некалькі метраў убачылі Аляксандра Якаўлевіча з гітарай. Адразу нават не паверылі. Пасля выступлення артыст размаўляў з намі, даваў парады”, – дзеліцца ўражаннямі Ігар Віктаравіч.
Неаднаразова наш зямляк удзельнічаў у перадыслакацыі воінскіх часцей з аддаленых правінцый Афганістана, якія мяжуюць з Пакістанам і Іранам. У адным з такіх рэйдаў у Шахджой адбылася прыемная нечаканасць: сустрэў свайго аднакласніка Уладзіміра Страдзіньша. “Я ведаў, што Валодзя служыць у Афганістане, але думаў, што мы з ім не ўбачымся. Перад сваім адлётам на радзіму запытаўся ў земляка, што перадаць яго маме. Адказаў толькі, каб яна яго чакала, і тады ён вернецца. Да слова, так і атрымалася”, – ужо з усмешкай гаворыць Ігар Саўчук.
Адной з самых цяжкіх вайсковых аперацый, у якіх удзельнічаў, лічыць “Магістраль”. “Гэта адна з найбольш буйнамаштабных планавых агульнавайсковых аперацый у Афганскай вайне, – працягвае мой расказчык. – Яе мэтаю з’явіліся дзеянні маджахедаў па блакіраванні горада Хоста, на тэрыторыі якога лідары афганскіх маджахедаў восенню 1987 года планавалі стварыць альтэрнатыўную Ісламскую дзяржаву.
У маі 1988 года 20-гадовы юнак вяртаецца дадому. Шэсць сутак у дарозе – і вось родныя твары. Бацькі спачатку не гавораць ні слова, а потым як бы выходзяць з забыцця, плачуць, абнімаюць, прыгаворваючы: “Жывы, жывым вярнуўся”.
У скарбонцы Ігара Саўчука медалі “За баявыя заслугі” і “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”, а таксама нагрудны знак “Воіну-інтэрнацыяналісту”.
Пасля вяртання на радзіму Ігар паступае ў Брэсцкі педагагічны інстытут імя Аляксандра Пушкіна на факультэт фізічнага выхавання, па заканчэнні якога ў 1992 годзе ўладкоўваецца трэнерам у ДЮСШ, што ў пасёлку Ленінскі. Праз чатыры гады вырашае звязаць жыццё з міліцэйскай службай. Прыходзіць у Жабінкаўскі РАУС на пасаду ўчастковага інспектара спраў непаўнагадовых, праз шэсць гадоў становіцца ўчастковым інспектарам райаддзела, апошнія гады служыць дзяжурным.
“Мне давялося служыць ра-зам з Ігарам Віктаравічам, – расказвае намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС маёр міліцыі Яўген Самускевіч. – Многаму ад яго навучыўся. Ён чалавек слова, усе абяцанні, дадзеныя калегам і людзям, заўсёды выконвае дакладна і ў тэрмін. Яшчэ ў яго асаблівая вытрымка, заўсёды здзіўляўся, як ён спакойна мог падоўгу размаўляць з самым злосным хуліганам”.
Ганна ІВАШЧАНКА.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro