Жыццё яе сплецена з працы

Ковальчук

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

У студзені сваё 90-годдзе адзначыла жыхарка вёскі Рагозна Надзея Захараўна Кавальчук. Важкую юбілейную дату жанчына сустрэла разам з дзецьмі, унукамі і праўнукамі.
У свае дзевяноста Надзея Захараўна нядрэнна выглядае, на ўласных нагах, якія часам і падводзяць, мае добрую памяць. На жаль, слых не той і рухаецца не так упэўнена, як раней, але без справы не любіць сядзець, з хатнімі клопатамі дасюль спраўляецца сама. Гатуе сабе ежу, даглядае свойскую птушку, летам рупіцца на агародзе. Я заўважыла: калі працавітасць і няўрымслівасць закладзены ў чалавеку з нараджэння, яны непадуладны часу.
Да Надзеі Захараўны часта наведваюцца дзеці, якія дапамагаюць, і клічуць матулю да сябе. Лілія жыве ў Буснях, Віктар – у Брэсце, Міхаіл і Людміла – у Кобрыне. Але не хоча жанчына нават на некаторы час пакідаць родную хату: у ёй кожны куточак дарагі, бо там жывуць успаміны.
Надзейка Здзярук (дзявочае прозвішча гераіні аповеду) гадавалася ў вялікай і дружнай сям’і і была самай малодшай з васьмярых дзяцей. У працы праходзілі дні: дапамагала бацькам па гаспадарцы і ў полі (тады на зямлі ўсе працавалі, каб было што на стол падаць). На вучобу часу не ставала: да вайны Надзейка скончыла чатыры класы польскай школы.
Была падлеткам, калі пачалася Вялікая Айчынная. Жыццё ў акупацыі жанчына ўспамінае са слязамі на вачах і як час, калі знаходзіліся ў пастаянным страху. У памяці расстрэлы рагазнянцаў за сувязь з партызанамі, папялішчы спаленых хат, гул варожай тэхнікі і незразумелая чужая мова нямецкіх салдат. А яшчэ перад вачамі спалоханы позірк маці, якая прыслухоўваецца, углядаецца ў вокны, ці не ідуць чужынцы – баялася за жыццё дзяцей. Вайна, як вядома, забірае мужчын. У хату да Здзерукоў таксама прыйшла пахавальная – загінуў старэйшы брат Надзейкі.
Цяжкім успамінаецца і пасляваенны час, але ён быў асветлены каханнем маладых людзей – Надзеі і Івана. Праўду кажуць, што шчасце побач і шукаць яго далёка не трэба, дастаткова азірнуцца і паглядзець вакол. Суседскі хлопец Іван Кавальчук даўно падабаўся Надзеі: да работы быў спраўны, характар меў сапраўды мужчынскі, з-за гэтага і іншыя дзяўчаты на яго заглядваліся. Іван таксама даўно прыкмеціў сінявокую суседку: працавітая, увішная – разумеў: добрай гаспадыняй будзе. Двухгадовыя сустрэчы маладых людзей скончыліся вяселлем, якое згулялі ў 1948 годзе. Спачатку жылі ў бацькоў Івана, працавалі ў калгасе і адначасова ўзводзілі свой дом. Цяжка было, не хапала грошай, будаўнічых матэрыялаў. Дапамог маладой сям’і тагачасны старшыня гаспадаркі Мікалай Аляксандравіч Прасмыцкі, які выдзеліў на будоўлю 10 кубаметраў лесу. Калі Надзея і Іван пераязджалі ў сваю хату, на руках у іх было трое дзетак: дачка Ліля і двое сыночкаў – Віця і Міша. Бусел да Кавальчукоў прылятаў яшчэ, прынёс вестку аб нараджэнні дачушкі Людмілы.
Надзея Захараўна разам з мужам Іванам Ульянавічам усё жыццё рупіліся ў калгасе, які спачатку насіў назву “8 Сакавіка”, потым “Маладая гвардыя”, а пасля аб’яднання гаспадарак –
саўгас “Рагазнянскі”. Яна –
даяркай і паляводам, муж – вадзіцелем. Па тры разы на дзень уручную даіла сваіх рагуль Надзея Захараўна. У групе, якую абслугоўвала, было іх 15. Механічная дойка з’явілася пасля, ужо ў канцы яе працоўнай дзейнасці.
У працы раслі і дзеці: дапамагалі на ферме, у полі, даглядалі свойскую жывёлу і птушку. Дзяўчаты выхоўваліся як будучыя гаспадынькі: сачылі за чысцінёй у хаце, гатавалі смачныя абеды, палолі агарод. Бацька прывучаў сыноў да сапраўдных мужчынскіх спраў – нарыхтоўкі дроў, касьбы, ворыва. У сям’і побач з працай жыла і песня. Улетку ў нядзелю ці ў святочныя дні, калі абеды праходзілі ў двары на свежым паветры, любілі Кавальчукі зацягнуць песню, і не адну. Іншы раз цэлы канцэрт атрымліваўся пад адкрытым небам. І звыкла гэта было для суседзяў, якія атрымлівалі асалоду ад прыгожых мужчынскіх і жаночых галасоў.
Кожны з дзяцей Каваль-чукоў вызначыўся са сваім прафесійным шляхам, атрымаў спецыяльнасць па душы, стварыў сям’ю. Ліля стала медыкам, Віктар – электрыкам, Міхаіл – будаўніком, Людміла – кантралёрам пральна-ткацкай фабрыкі. Яны – дастойны працяг сваіх бацькоў, якія ў шлюбе пражылі 57 гадоў. І дзе б ні былі дзеці, заўсёды спяшаліся ў родную хату 17 студзеня і 16 мая – на дні нараджэння матулі і таты, які, на жаль, адзінаццаць гадоў таму пайшоў з жыцця. Традыцыя збірацца разам жыве і цяпер. На 90-годдзе Надзеі Захараўны, акрамя дзяцей, зяцёў і нявестак, з’ехаліся ў Рагозна 9 унукаў і 16 праўнукаў. Калі за святочным сталом сабраць усіх нашчадкаў Кавальчукоў, атрымаецца каля чатырох дзясяткаў.
Ветэрана працы Надзею Захараўну Кавальчук не забывае і родная гаспадарка ў асобе цяперашняга старшыні СВК “Рагазнянскі” Аляксандра Васільевіча Семенюка. Да Дня жанчын, сельскай гаспадаркі, Дня маці, пажылых людзей, на Новы год і дні нараджэння жанчына атрымлівае віншаванні і падарункі.
У чым сакрэт доўга-жыхарства Надзеі Кавальчук? Жанчына прызналася, што ген даўгалецця дастаўся ёй у спадчыну ад родных. Многія браты і сёстры, цёткі і дзядзькі дажылі да 80-ці і больш.
Няхай доўгая рака жыцця Надзеі Захараўны цячэ яшчэ доўга-доўга, ад якой атрымліваюць жывіцу яе родныя і блізкія, дарагія сэрцу людзі.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*