Адзначаны
на рэспубліканскім узроўні
Адзначана шматгадовая добрасумленная праца і асабісты ўклад у дзейнасць банкаўскай сферы супрацоўнікаў ЦБП № 109 філіяла № 100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення ААТ “ААБ “Беларусбанк” у Жабінцы. Асабіста з рук выконваючага абавязкі старшыні праўлення Аляксандра Паліўкі Ганаровую грамату атрымаў дырэктар ЦБП № 109 Валянцін Кушнярэвіч, падобная ўзнагарода і ў галоўнага спецыяліста Наталлі Лабадзінскай, падзяка ад імя старшыні праўлення банка – у вядучага спецыяліста Ірыны Кічкайла.
Яе вершы ў зборніку медыкаў
Беларускі прафесійны саюз работнікаў аховы здароўя выпусціў кнігу, у якой змешчаны вершы медыкаў розных спецыяльнасцей краіны, але ўсіх іх аб’ядноўвае адданасць выбранай справе, любоў да блізкіх, прыроды, роднага краю. У зборнік увайшлі вершы і нашай зямлячкі Святланы Раманюк, якая дзесяць гадоў адпрацавала ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай аптэцы № 27, а потым з 1982-га, як у аграгарадку Ленінскі адчынілася аптэчная ўстанова, стала яе загадчыкам. Цяпер на пенсіі. За добрасумленную працу, уважлівыя адносіны да наведвальнікаў заслужыла нямала цёплых слоў ад жыхароў аграгарадка і вёсак. Так сказала пра яе загадчык ЦРА № 27 Вольга Гацкевіч.
Святлана Раманюк актыўны аўтар літаратурнай старонкі “Плынь”, якая выходзіць у “Сельскай праўдзе”. Сваім настаўнікам у паэтычнай творчасці яна лічыць Алеся Каско, які пастаянна рыхтуе “Плынь” і сур’ёзна, паводле яе слоў, працуе з аўтарамі старонкі.
Беларускія калядкі гучалі ў Польшчы
28-29 студзеня ў польскім Цярэспалі адбыўся ХХІІ Міжнародны фестываль усходнеславянскіх калядак. Яго праводзілі фонд “Дыялог народаў”, праваслаўная епархія “Люблінска-Хелмская” і гарадскі цэнтр культуры ў Цярэспалі.
Ад Жабінкаўшчыны ў фестывалі ўдзельнічаў вакальны ансамбль “Натхненне”, кіраўнік якога Наталля Пакроўская. Калектыў з васьмі чалавек падрыхтаваў праграму беларускіх калядак, куды ўвайшлі “Новая радасць”, “Шчодры вечар”, “Ой на моры-моры”, “А ўчора з вячора”.
Ансамбль выступіў цудоўна і атрымаў дыплом за ўдзел у фестывалі і памятныя падарункі ручной работы. Да слова сказаць, месцы тут не прысуджаюцца.
Узнагароды за творчасць
Супрацоўнікі-творцы Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі могуць і ўмеюць раскрываць здольнасці сваіх выхаванцаў, работы якіх неаднойчы траплялі на выставы абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў і адзначаліся там высокімі ўзнагародамі.
Сярод пераможцаў 46-ай абласной выставы дзіцячай творчасці “Вясёлкавы калейдаскоп” ёсць і жабінкаўскія творцы. Так, дыпломамі другой ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўзнагароджаны Марыя Мацвяюк, Лізавета Ляўчук, Паліна Шыркавец (педагог – Святлана Постнікава, якая дапамагае раскрыць таленты дзяўчынак пад час заняткаў па выяўленчым дызайне), а таксама майстэрня мяккай цацкі “Бусляня” (пад кіраўніцтвам Наталлі Уласюк).
Дыпломамі першай ступені ДУ “Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр моладзевай творчасці” ў “Вясёлкавым карагодзе” адзначаны аб’яднанні па інтарэсах “Залатая саломка” (педагог – Тамара Казлова) і “Кераміка” (педагог – Наталля Сцепанюк), а таксама Настасся Шумік (дзяўчынка займаецца ў “Паслухмяных вузельчыках” пад кіраўніцтвам Таісіі Журомскай).
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%