Дапамажыце птушкам

Дапамажыце птушкам

5096

Паважаная рэдакцыя! Нярэдка чуеш: бусел – сімвал Беларусі. А да кожнага сімвалу сваёй краіны і адносіцца патрэбна з беражлівасцю ды павагай. Што ж назіраецца ўжо другі год у нашай вёсцы Сакалова?
СПРАДВЕКУ аблюбавалі буслы гэтыя мясціны. Летась, як бывала ўжо не аднойчы, птушкі пабудавалі сваё гняздо на слупе. Неўзабаве сям’я вывела буслянятак, дапамагла ўстаць ім на крыло, а як восень надышла і птушкі адляцелі ў вырай, завіталі ў вёску рабочыя з электрасетак з вышкай-пад’ёмнікам ды віламі і скінулі тое гняздо. Людзей, якія прасілі не чапаць, не знішчаць буслянку, і слухаць не захацелі, адно, што вяскоўцы пачулі ў адказ: “У нас такі загад!” Вясной птушкі вярнуліся ў старыя абжытыя мясціны, дзе іх радзіма спрадвеку, а жытла няма. Пакружыліся і не знайшлі былога месца. Зноў узяліся будаваць буслянку. Відовішча кранала да слёз. Працавітыя белыя птушкі насілі галінкі, траву, мох, узводзячы новае гняздо. Аднак, як час мінуў, пакінулі родныя мясціны і пацягнуліся на поўдзень разам з чатырма сваімі буслянятамі.
Але зноў паўтарылася ўсё, як у мінулым годзе. У адзін са студзеньскіх дзён прыехалі рабочыя, якія “па-гаспадарску” віламі скінулі буслянку. Загад яны выканалі, а ў маёй душы засталася горыч ад такога ўчынку. Хіба ж так можна? Не аднойчы заўважаў, калі ехаў праз Залуззе ў бок Кобрына, як на тэрыторыі суседняга раёна ставяцца да гэтай з’явы. Так, і там буслы селяцца на слупах, аднак людзі ім не шкодзяць, а наадварот – дапамагаюць.
Як, спытаецеся? На слупах, на самай вяршыні ўладкоўваюцца металічныя прыстасаванні, што дазваляюць птушкам будаваць сваё жытло, і, паўтаруся, нікому гэта не замінае. Хіба вопыт, якім валодаюць кобрынцы, нельга выкарыстаць і ў нас? Бо столькі добрага звязана ў Беларусі з бусламі, і каму стане лепш, як перастануць тут сяліцца цудоўныя птушкі? Абяднее гэтая зямля, страціць часцінку сваёй адметнасці ды прыгажосці.
Аднойчы, памятаю, праз нашу вёску ехалі расіяне з Комі-Пярмяцкай акругі. Яны шукалі пахаванні сваіх родзічаў, загінулых у Вялікую Айчынную вайну на Брэстчыне. Раптам пабачылі буслоў, што клекаталі ў гняздзечку, спыніліся і глядзелі на птушак, быццам заварожаныя, а потым з захапленнем гаварылі: “Які ж цуд у вас! Упершыню бачым, што буслы вось так проста жывуць на волі”. Але ж найперш гэта патрэбна самім жыхарам гэтых мясцін. Да нас, старых, нярэдка прыязджаюць унукі, якія з замілаваннем сочаць за бела-чорнымі птушкамі. Хіба ж гэта не выдатнае выхаванне, калі малыя не ў кніжках, а на ўласныя вочы бачаць, як развіваецца жывая прырода?
Васіль ШАХНЮК, 67 гадоў, в. Сакалова.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro