Яго мэта – стымуляваць працаздольных да фінансавання дзяржрасходаў

Яго мэта – стымуляваць працаздольных да фінансавання дзяржрасходаў

декрет президента

Дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны 2 красавіка 2015 года з мэтай стымулявання працаздольных людзей да легальнай працоўнай дзейнасці і выканання канстытуцыйнага абавязку – удзелу працаздольных у фінансаванні дзяржаўных расходаў, што прадугледжваецца артыкулам 56 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзе запісана, што грамадзяне Беларусі абавязаны прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам аплаты дзяржаўных падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў.
Плацельшчыкамі збору прызнаюцца грамадзяне Беларусі, замежныя і асобы без грамадзянства, якія атрымалі дазвол на пастаяннае пражыванне ў нашай краіне. На выпадак іх няўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў ці ўдзелу ў такім фінансаванні менш як 183 каляндарныя дні ў падатковым перыядзе.
Пра сітуацыю з выкананнем Дэкрэта № 3 гутарка з начальнікам інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне Любоўю Ярмашук.
– Любоў Іванаўна, колькі чалавек на Жабінкаўшчыне з’яўляюцца плацельшчыкамі збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў, які ў народзе ахрысцілі “падатак на дармаедства”?
– Давайце не будзем прымяняць народную назву гэтага збору, таму што не ўсе, хто з’яўляюцца плацельшчыкамі яго, сапраўды дармаеды. Розныя жыццёвыя сітуацыі прывялі да таго, што людзі не маюць працы.
База дадзеных плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржрасходаў сфарміравана ўпершыню і ў гэтым працэсе прымалі ўдзел 27 ведамстваў і 82 арганізацыі. Вядома, не выключаны выпадкі, калі ў спіс плацельшчыкаў трапілі і тыя, якія імі не з’яўляюцца. Першапачаткова грамадзянам – патэнцыяльным плацельшчыкам збору – інспекцыяй былі накіраваны паведамленні аб тым, што ў нас адсутнічаюць звесткі аб іх удзеле ў 2015 годзе ў фінансаванні дзяржаўных расходаў з прапановай падаць у падатковы орган дакументы, якія пацвярджаюць наяўнасць ільготы. Больш за 400 грамадзян пасля атрымання паведамлення дакументальна пацвердзілі сваё права на вызваленне ад збору ці на змяншэнне яго сумы. Удакладненне спісаў плацельшчыкаў ідзе пастаянна і на сённяшні дзень яшчэ не завершана. Дакументы ад жабінкаўцаў працягваюць паступаць штодня, таму прадметна гаварыць аб фактычнай колькасці плацельшчыкаў збору ў раёне пакуль рана. Жыхарам яго адпраўлена 916 паведамленняў.
– Як паводзіць сябе грамадзяніну, калі ён атрымаў паведамленне на аплату, але ў адпаведнасці з нормамі Дэкрэту № 3 плаціць збор не абавязаны?
– Такі чалавек мае права ў 30-дзённы тэрмін падаць дакументы, якія пацвярджаюць права на вызваленне ад збору ці на змяншэнне яго сумы на столькі, які падаходны падатак, ці адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асобаў, ці падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання заплаціў грамадзянін у 2015 годзе. Падаць такія дакументы можна асабіста пры наведванні падатковай інспекцыі, па пошце ці ў выглядзе электроннага паведамлення з прымацаванымі файламі праз размешчаны на сайце Міністэрства па падатках і зборах сэрвіс “Электронное обращение” – “Обращение граждан” – “ИМНС по Жабинковскому району” ці на электронную пошту imns207@nalog.gov.by. Гэтым правам на сённяшні дзень ужо скарысталіся больш як 70 чалавек.
– Права на якія льготы найбольш пацвердзілі грамадзяне самастойна.
– У большасці выпадкаў – гэта пражыванне грамадзяніна ў 2015 годзе больш як 183 дні за межамі Беларусі, работа за мяжою, выхаванне дзіцяці ва ўзросце да сямі гадоў, выхаванне траіх і больш непаўнагадовых дзяцей.
– Любоў Іванаўна, ці ёсць выпадкі самастойнага паведамлення аб сваім няўдзеле ў фінансаванні дзяржрасходаў?
– Дэкрэтам прадугледжана змяншэнне збору на 10 % тым, хто з 1 жніўня бягучага падатковага перыяду да 31 мая года, наступнага за прайшоўшым падатковым перыядам, самастойна падаў у падатковы орган звесткі аб сваім няўдзеле ў фінансаванні расходаў. За 2015 год іх можна было падаць з 1 жніўня 2015-га па 31 мая 2016 года. У нашу інспекцыю паступіла 13 такіх паведамленняў. Акрамя таго, пяць грамадзян яшчэ да накіравання яго намі самастойна прыйшлі ў інспекцыю для атрымання і заплацілі збор.
– Скажыце, калі ласка, ці ёсць нязгодныя з тым, што ім прыйшло паведамленне на аплату збору?
– У некаторых нашых людзей вельмі развіты спажывецкія адносіны да сваёй краіны: яны хочуць толькі атрымліваць ад дзяржавы, пры гэтым нічога не аддаваць ёй. З дадатковымі пытаннямі звярнуліся 9 чалавек, 4 вызвалены ад збору, а 5-і адмоўлена. Частка людзей, якія трапілі ў спіс плацельшчыкаў збору і атрымалі паведамленне, заяўляюць, што ніякімі сацыяльнымі дабротамі ў 2015 годзе не карысталіся. Сцвярджаюць, што ніякія расходы дзяржава на іх не патраціла, чым чалавек паказвае сваю, мякка кажучы, неінфармаванасць. На тэму сацыяльнай накіраванасці палітыкі нашай дзяржавы можна многа гаварыць. Назаву толькі некалькі з тых паслуг, якімі мы ўсе карыстаемся штодня і якія аплачваюцца за кошт бюджэту. Гэта камунальныя паслугі (святло, цяпло, газ) – тарыфы для насельніцтва ніжэйшыя за фактычныя затраты на іх вытворчасць, розніца кампенсуецца дзяржавай. Атрыманне розных медыцынскіх паслуг, добраўпарадкаванне і чысціня нашых вуліц, іх асветленасць таксама аплачваюцца з бюджэту, а штодзённая праца міліцыі ў ахове правапарадку! Зноў жа трацяцца бюджэтныя сродкі.
Галоўная задача Дэкрэта № 3 – стымуляваць насельніцтва да працы. Чалавек, які зарабляе сродкі для сябе і сваёй сям’і, стварае даброты для грамадства (тавары, работы, паслугі) і, як вынік, папаўняе бюджэт.
– Ці датычыцца збор паводле Дэкрэта № 3 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працавалі ў 2015 годзе не ўвесь час?
– Плацельшчыкамі збору з’яўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі, якія на працягу 2015 года працавалі менш як 183 дні ці аплацілі адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб, падатак пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання ў памеры менш як 20 базавых велічыняў.
– Якія змены ў частцы вызвалення ад аплаты збору ўнесены ў дэкрэт?
– Названы вышэй дэкрэт дапоўнены абставінамі, у перыяд наступлення якіх грамадзяне прызнаюцца ўдзельнікамі фінансавання дзяржаўных расходаў. Гэта альтэрнатыўная служба (з ліпеня 2016 года); знаходжанне грамадзяніна ў спісачным саставе нацыянальнай ці зборнай каманды Беларусі па відах спорту (з 2015 года); прымяненне да грамадзяніна прадугледжаных заканадаўчымі актамі мер у забеспячэнні бяспекі, якая не дазваляе яму ўдзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў (з 2015 года).
Як сказана раней, Дэкрэтам № 3 прадугледжана магчымасць змяншэння сумы збору, калі грамадзянін на працягу каляндарнага года плаціў падаходны і адзіны падатак ці прымяняў спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Унесенымі ў гэты дакумент зменамі прадугледжана магчымасць змяншэння памеру не толькі за кошт аплаты, але і ў тым выпадку, калі яна праходзіла шляхам заліку. Напрыклад, Беларусь заключыла шэраг міжнародных дагавораў аб ліквідацыі двайнога падаткаабкладання. З улікам гэтага ў некаторых выпадках грамадзяне Беларусі, працуючы за мяжою, плацяць там падаткі. Гэтая сума прымаецца да заліку і ў нашай краіне. Сумы, аплачаныя беларусамі на тэрыторыі замежных дзяржаў, будуць улічвацца пры разліку памеру збору і яго змяншэнні.
Акрамя таго, унесены змены, згодна з якімі ў якасці аплачанага падаходнага падатку з фізічных асобаў улічваюцца таксама сумы такога падатку, на якія ён быў зменшаны ў выніку прымянення падатковых вылікаў (стандартных, сацыяльных, маёмасных). Унесены змены ў адносінах бацькоў, якія маюць дзяцей да сямі гадоў. З 2017 года яны будуць прызнавацца ўдзельнікамі ў фінансаванні дзяржрасходаў у перыяд выхавання дзіцяці да сямі гадоў пры ўмове, што сын ці дачка ад 3 да 7 гадоў не атрымліваюць дашкольную адукацыю.
Змены датычацца людзей, якія стаяць на ўліку беспрацоўных ці тых, якія навучаюцца па накіраванні службы занятасці. З сёлетняга года такія людзі будуць прызнавацца ўдзельнікамі фінансавання дзяржрасходаў толькі пры адсутнасці ўстаноўленых фактаў парушэння імі абавязкаў у галіне занятасці насельніцтва.
Акрамя таго, грамадзянін для пацвярджэння перыяду часовай непрацаздольнасці можа звярнуцца ў арганізацыю аховы здароўя самастойна па такія дакументы з наступнай падачай іх у падатковы орган, ці звярнуцца праз яго (паводле папярэдняй пісьмовай згоды на атрыманне звестак аб яго непрацаздольнасці). У прыватнасці гэта датычыцца жанчын – з 30 тыднямі цяжарнасці на 126 каляндарных дзён. Дэкрэт дапоўнены таксама пунктам, згодна з якім мясцовыя Саветы дэпутатаў ці па іх даручэнні мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права вызваляць ад збору грамадзян у сувязі са знаходжаннем іх у цяжкай жыццёвай сітуацыі.
– Якія тэрміны вызначаны для аплаты збору?
– Да 20 лютага 2017 года трэба аплаціць збор на фінансаванне дзяржрасходаў за 2015 год.
– Якая сума збору ўжо паступіла ў нашым раёне?
– 139 грамадзян-плацельшчыкаў Жабінкаўшчыны аплацілі збор у суме каля 50 тысяч рублёў.
Цяпер ідзе работа па фарміраванні спісаў плацельшчыкаў збору за 2016 год. Таму прапануем тым, хто летась не ўдзельнічаў у фінансаванні дзяржрасходаў ці ўдзельнічаў менш як 183 дні, падаць у інспекцыю паведамленне для змяншэння сумы збору. Грамадзянам, якія пражывалі летась за межамі Беларусі больш як 183 дні, ці тым, хто працуе ў іншай краіне, неабходна падаць дакументы, што пацвердзяць гэта.
Інтэрв’ю правяла Людміла ВОЛЬЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Калі «
    сацыяльны iждевенец» заплаціць 20 базавых велічынь (360 руб) у год які артыкул павінна быць запісана ў працоўную кніжку, каб атрымліваць годную для жыцця пенсію

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro