Чаго не стае на гандлёвых паліцах?

Чаго не стае на гандлёвых паліцах?

продовольственная тележка

Часта даводзіцца чуць, што жабінкаўцы скар-дзяцца на недастатковы асартымент тавараў у гандлёвай сетцы раёна. То ботаў патрэбнай мадэлі і памеру не могуць знайсці, то куртку ці пальто дзіцяці, то халадзільнік даводзіцца аж з Мінска заказваць, і абыходзіцца ён па кошце танней, чым набыць у райцэнтры. Пацікавіліся ў жыхароў Жабінкі, дзе яны купляюць мэблю, бытавую тэхніку, абутак і адзенне, ці задаволеныя выбарам у жабінкаўскіх магазінах, чаго ім не хапае.

Сяргей Дзічко:
– Думаю, многія пагодзяцца, што асартымент тавараў у Брэсце значна шырэйшы, кошты ў асноўным больш прымальныя, чым у Жабінцы. Па гэтых дзвюх прычынах плюс невялікая адлегласць да абласнога цэнтра мы не трацім час на пошук значных тавараў (мэбля, бытавая тэхніка, абутак) у Жабінцы. Часта купіць якую-небудзь рэч у Брэсце з дастаўкай да нас у райцэнтр выходзіць танней, чым тут на месцы. Гэта меркаванне тычыцца буйнагабарытных тавараў, з дробязямі ўсё проста. Пры пакупцы тавараў оптам у горадзе над Бугам часта робяць нядрэнную зніжку. І яшчэ адзін немалаважны момант: гандлёвая культура ў Жабінцы ў параўнанні з Брэстам моцна “кульгае”…
Валянціна Цвыд:
– Купіць сабе або дзецям абутак у Жабінцы – праблема. Выбар тут, мякка кажучы, небагаты. Таму звычайна “абуваемся” ў Кобрыне ці Брэсце. Там і зніжкі прывабныя (у фірменных крамах да 45%), і акцыі разнастайныя. Невялікі выбар у нас у райцэнтры тканіны для пасцельнай бялізны, для пашыву адзення яе зусім няма. Смешна сказаць, што ў Жабінцы не хапае… гузікаў і маланак, за якімі трэба ехаць у Брэст.
Галіна Дулевіч:
– На жаль, у нас у райцэнтры немагчыма купіць модныя моладзевыя абутак і адзенне, за ўсім гэтым ездзім у Брэст. Тая ж праблема і з пакупкамі для 8-9-гадовых дзяцей: зімовую куртку для малодшага сына Генрыха, якая адпавядала нашым жаданням і патрабаванням, знайшлі ў брэсцкім магазіне “Дзіцячы свет”. У нас усё даражэй: няма столькі акцый і распродажаў з немалымі зніжкамі.
Галіна Шалягейка:
– Неяк наведалася ў Івацэвічы, здзівілася, што скідкі там літаральна на ўсе прамысловыя тавары, а ў нас? Мяне не задавальняе малы выбар тканін, галантарэйных тавараў у нашым райцэнтры. Існуе растэрміноўка плацяжоў, напрыклад, на бытавую тэхніку, але першы ўзнос робіцца ў магазіне, а астатнія выплаты ажыццяўляюцца ў касу філіяла: асабіста для мяне гэта не вельмі зручна.
Юлія Ківель:
– Дзіцячыя тавары (у асноўным адзенне і абутак) купляем у абласным цэнтры. Хачу адзначыць, што ў Брэсце больш багаты асартымент, шырокі выбар тавараў – шмат якасных і прыгожых рэчаў, ніжэйшыя кошты, шматлікія акцыі. А вось школьныя прылады набывалі ў магазіне “Кнігалюб” у Жабінцы.
Апытанне правялі Анатоль БЕНЗЯРУК
і Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

Каментарый дырэктара філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” Аляксандра Быкава:
– На мой погляд, у асартыменце нашых магазінаў дастаткова прадстаўлены трыкатажныя вырабы, абутак, адзенне, бялізна. Нядрэнны іх выбар ва ўнівермагу, у магазіне “Прамтавары”, што ў мікрараёне цукровага завода, у аграгарадку Ленінскі, у краме “Абутак” паблізу гарадскога рынку. Яскравым паказчыкам, як спрацаваў філіял “Жабінкаўскі” напрыканцы мінулага года, з’яўляецца тавараабарот за снежань. У найбуйнейшых гандлёвых кропках ён склаў: у магазіне “Універмаг” — 60000 рублёў, “Абутак” – 13200 рублёў, “Прамтавары” – 14700 рублёў. Тэмп росту ў параўнанні са снежнем 2015 года – 111 % у супастаўных коштах. У снежні-студзені філіял “Жабінкаўскі” Брэсцкай гандлёвай міжрайбазы праводзіў акцыю “Шчодрая зіма” са зніжкамі да 10% на бытавую тэхніку, мэблю, абутак, іншыя тавары.
Мы заўсёды ідзём насустрач пакупнікам, яны могуць скарыстацца растэрмінаванай беспрацэнтнай аплатай на паўгода. Напрыклад, агульная сума тавараў, прададзеных у крэдыт за лістапад, 17800 рублёў. Найчасцей жыхары горада і раёна карыстаюцца гэтай паслугай, набываючы бытавую тэхніку (халадзільнікі, тэлевізары, газавыя пліты), мэблю (Пінск, Калінкавічы, Гомель, Косава). Думаю, жабінкаўцы ўжо паспелі ацаніць тыя добрыя змены, што адбыліся ва ўнівермагу летась: гэта і пераезд сюды “Мэблі”, і адкрыццё дыскаўнтара “Востраў чысціні”.
Ёсць нараканні на асартымент магазіна “Бытавая тэхніка”: маўляў, ён прадстаўлены выключна вырабамі айчынных вытворцаў. Гэта выклікае асноўныя прэтэнзіі з боку людзей. У любым выпадку будзем працаваць у гэтым накірунку, каб асартымент пашыраўся на карысць нашых пакупнікоў.­

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro