Адданая прафесіі і ганарыцца ёю

Адданая прафесіі і ганарыцца ёю

Созинова

Сярод прафесій няма больш гуманнай, высакароднай і шматфункцыянальнай, чым педагог. Настаўнік ва ўсе часы вызначаў узровень культуры, адукацыі і развіцця як падрастаючага пакалення, так і грамадства ў цэлым. Для маладых лю-дзей, якіх вядзе настаўнік па дарозе светапазнання і светастварэння, ён з’яўляецца флагманам, асобаю, творцам. Такое можна сказаць пра дзейнасць Ірыны Валянцінаўны Созінавай, якая творча служыць усё сваё свядомае жыццё педагогіцы. І, дарэчы, яна невыпадковы тут чалавек.
Крыніца натхнення настаўніцы класічна бярэ свой пачатак з дзяцінства, з матулі, якая больш за 40 гадоў аддавала вучням сваю душу і веды, выкладала ў школе рускую мову і літаратуру. Прыклад Людмілы Міхайлаўны стаў зыходнай кропкай для Ірыны Созінавай у час выбару прафесіі. Вызначыцца ў юнацтве з гэтым дапамагла таксама любоў да рускай літаратуры і мовы. Пазней Ірына Валянцінаўна ніколі не здраджвала любімай справе. Каб выкладаць літаратуру і мову творча, зацікаўлена, неабходна вельмі многа ведаць самой і пастаянна быць у навуковым і метадычным пошуку, што паспяхова робіць Ірына Валянцінаўна.
– Закончыўшы ў 1980 годзе Брэсцкі педагагічны інстытут імя Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна, я заўсёды добра ра-зумела: каб стаць майстрам педагагічнай працы, неабходны не толькі веды, але і абавязкова добрая душа, чулае сэрца, любоў да дзяцей і жаданне аддаць ім усё сваё жыццё. Лічу, што мне гэта ўдалося. Сорак гадоў я побач з дзецьмі – лепшай палавіны чалавецтва. Не было ніводнай сітуацыі ў жыцці, каб я пашкадавала, што некалі вырашыла прадоўжыць сямейную педагагічную дынастыю, – расказвае Ірына Валянцінаўна.
За сваю шматгадовую працу настаўніца вышэйшай катэгорыі Ірына Созінава мае розныя ганаровыя ўзнагароды ад міністэрства, абласнога і раённага аддзелаў адукацыі і райвыканкама. Але самае галоўнае для яе – гэта ўдзячнасць дзяцей і бацькоў.
Яна працавала выхавальнікам групы падоўжанага дня, выкладала рускую мову і літаратуру, сусветную мастацкую культуру. Кабінет сусветнай мастацкай культуры ў СШ №1 г. Жабінка быў самым лепшым у раёне і вобласці.
У настаўніцы ёсць пасведчанне лектара-метадыста па сусветнай мастацкай культуры, таму што закончыла трохгадовыя курсы па ёй у Мінскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, чытала лекцыі па гэтай жа тэме ў Рэспубліканскім інстытуце адукацыі, у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, удзельнічала ў абласных семінарах настаўнікаў сусветнай культуры, уваходзіла ў склад абласной творчай групы педагогаў СМК. Як педагог рускай мовы і літаратуры ўзначальвала шмат гадоў раённую творчую групу.
– Я да цяперашняга часу дасканала рыхтуюся да кожнага ўрока, стараюся, каб ніводная рабочая хвілінка не прапала дарэмна. Таго ж чакаю ад вучняў. Лічу, што для вучобы ў ВНУ вельмі важная добрая школьная падрыхтоўка. Цяпер па-іншаму нельга. Мы жывём у час актыўнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій. Парою сумняваюся: можа, вельмі многага я патрабую ад сваіх вучняў. Сама не лічу сябе вельмі строгім педагогам. Стараюся быць сумленнай у адносінах ацэнкі ведаў. Сваім вучням (цяпер я працую ў Маціевіцкай базавай школе) пастаянна паўтараю: нягледзячы на ўсе сучасныя тэхналогіі, беражыце кнігі, чытайце мастацкую літаратуру, класічную – абавязкова!
Ірына Валянцінаўна Созінава ўзбагачае сваё прафесійнае майстэрства пастаянна, займаецца самаадукацыяй. Удзельнічала ў раённым конкурсе “Настаўнік года”, педагагічных чытаннях, навукова-практычных канферэнцыях настаўнікаў, давала ўрокі ў школе маладога педагога. У студзені правяла ў Маціевіцкай базавай школе Тыдзень рускай мовы і літаратуры, які садзейнічаў фарміраванню станоўчай матывацыі вучэбнай дзейнасці.
Настаўніца Ірына Валянцінаўна шукае падыход да сваіх новых вучняў і стараецца рабіць так, каб разумнае, добрае, вечнае было неабходна маладому пакаленню. Яна выкарыстоўвае розныя метады, каб прыцягнуць увагу вучняў на ўроку. Часта пераключаецца на нагляднасць: паказвае карціны, рэпрадукцыі, у гэты час дзеці крыху адпачываюць. Асноўны прынцып, якім кіруецца настаўнік, – пошук свайго падыходу да кожнага школьніка.
– Вучні штогод розныя. Гэта новы этап у маёй творчай справе, таму што менавіта творчасцю лічу працу настаўніка. Імкнуся да новых пошукаў, поспехаў, радасці, – гаворыць Ірына Валянцінаўна Созінава.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro