Вялікая размова з Прэзідэнтам

Вялікая размова з Прэзідэнтам

216178-24

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 лютага правёў сустрэчу з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ. Мерапрыемства прайшло ва ўнікальным фармаце пад агульнай назвай «Вялікая размова з Прэзідэнтам». На яго былі запрошаны амаль 50 журналістаў, якія прадстаўляюць найбольш буйныя дзяржаўныя і недзяржаўныя беларускія СМІ, папулярныя інтэрнэт-парталы, аўтарытэтныя замежныя мас-медыя. Таксама ў сустрэчы прынялі ўдзел каля сотні экспертаў, сярод якіх вядомыя палітолагі, эканамісты, прадстаўнікі партый, канфесій і грамадскіх аб’яднанняў.
У жывой дыскусіі былі абмеркаваны некалькі дзясяткаў тэм, у тым ліку знешняя палітыка Беларусі, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за мінулы год, праблематыка смяротнай кары, абстаноўка ў сферы бяспекі, турыстычны патэнцыял дзяржавы, будаўніцтва БелАЭС і многія іншыя.
На заканчэнне Прэзідэнт сказаў, што найлепшым вынікам мерапрыемства будзе дапамога людзям па тых пытаннях, якія былі ўзняты. «Хачу, каб тыя, ад каго залежыць вырашэнне пытанняў, якія тут узнімаліся, пачулі мяне і не чакалі новых законаў і нарматыўна-прававых актаў – іх дастаткова. Лічыце, што я прыняў рашэнні, і гэтыя рашэнні трэба рэалізоўваць», – даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Не ўсё атрымалася, але нам удалося захаваць мір і стабільнасць

Прэзідэнт звярнуў увагу, што разважанні аб стабільнасці – гэта зусім не пустыя размовы, як некаторыя могуць лічыць. «Але, каб ісці далей, неабходна сапраўды шчырая размова аб праблемах, якія непакояць чытачоў, слухачоў, гледачоў, ды і ўсіх нас з вамі. Не сакрэт, ёсць сілы (і тут, і за межамі), якія мараць уцягнуць Беларусь у канфлікты і хаос. Не ўсім падабаецца наша спакойнае жыццё. Таму грамадству цяпер як ніколі патрэбны духоўная стойкасць і кансалідацыя, усведамленне адказнасці за лёс сваёй краіны. Давайце проста падумаем аб лёсах нашых дзяцей, нашых родных і блізкіх, любімых, якія ўсім дарагія», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
На сённяшнім мерапрыемстве сабраліся людзі розных перакананняў і поглядаў. «Але ў адным мы адзіныя – у адданасці нашай Айчыне, нашай незалежнай Беларусі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Не прымаю іншай мадэлі эканомікі, чым сацыяльна арыентаваная

Ён падкрэсліў, што любая дзяржава нечага варта, калі яна звернута да людзей. «Калі чалавек ад гэтага нічога не мае, навошта яму гэта дзяржава? Сацыяльна арыентаваная эканоміка – гэта эканоміка для людзей», – патлумачыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што эканоміка Беларусі цяпер перажывае не лепшыя часы, але дзяржава не перастане дапамагаць людзям.

Аб сацыяльнай сферы

Заработная плата і пенсіі могуць быць павышаны толькі за кошт эфектыўнай работы эканомікі
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перш за ўсё трэба клапаціцца аб вытворчасці: «што заробім, тое і атрымаем». Ён акцэнтаваў увагу на тым, што тэмп росту заработнай платы не павінен перасягаць тэмп росту прадукцыйнасці працы.

Патрабуе безумоўнага выканання патрабавання аб павышэнні сярэдняй зарплаты да $500 у 2017 годзе

«Кроў з носа, але $500 павінны быць забяспечаны, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Гэта не спантанна названая лічба. Больш таго, мы гэта праходзілі ўжо. І ў снежні мінулага года ў краіне было $412. Засталося зусім няшмат».
«Сярэдняя зарплата ў краіне $500 – гэта тое, што дзяржава павінна дапамагчы зарабіць чалавеку, каб ён больш-менш мог жыць у той сацыяльна-эканамічнай сістэме, якую мы стварылі. Усё астатняе (вышэй за $500. – Заўвага БЕЛТА) – не забараняецца, вітаецца. Мы жывём у рыначнай эканоміцы – хто колькі заробіць», – дадаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што пры невыкананні гэтай задачы «ні адзін ва ўрадзе з партфелем не застанецца».
«Чаму ў Беларусі многія раз’язджаюць на шыкоўных лімузінах, маюць магчымасць па паўгода адпачываць на нятанных курортах, выводзіць у афшоры грошы, а іншыя павінны перабівацца з вады на хлеб? Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Я не рэтраград, не папуліст: $500 сярэдняй зарплаты – гэта справядліва. Амаль алігархі беларускія могуць адпачываць і раз’язджаць на шыкоўных машынах толькі таму, што працуюць людзі. Дык давайце дадзім ім хаця б $500. Вось і ўся эканамічная мадэль. З гэтага я зыходжу. На большым пакуль не настойваю. Але хтосьці, можа, і $600 атрымае, і $1000 – і на здароўе».
«Гэта ганьба, калі мы, нябедныя людзі (і такіх нямала), прыходзім да ўрача, патрабуем ад урача, каб ён нас вылечыў на высокім узроўні, і не думаем аб тым, што гэты ўрач сёння атрымлівае нейкіх Br800, а то і гэтага не мае. Вось і ўся сацыяльная справядлівасць, – зноў падкрэсліў беларускі лідар. – Трэба ў жыцці крыху разбірацца, жыццё гэта адчуваць».
«Людзям трэба даць магчымасць зарабіць зарплату ў памеры $500. Людзі не павінны звяртацца да Прэзідэнта і гаварыць: «Дай $500 зарплату». Я магу даць, але тады праз падаткі я павінен буду з усіх вас у два разы больш узяць і тады даць праз бюджэт. Трэба ставіць пытанне аб заробленых грашах. Прадукцыйнасць заўсёды павінна быць вышэйшая», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Даведзена заданне па штогадовым стварэнні не менш як 50 тыс. рабочых месцаў. «Не думаю, што нехта прыпіскамі займаецца. Можа, недзе і ёсць, але ўсё ж такі працэс пайшоў», – канстатаваў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ствараемыя рабочыя месцы павінны быць не мінулага стагоддзя, а будучага.

Паабяцаў вырашыць праблему
з дзіцячымі садамі

Гаворачы пра будаўніцтва сацыяльнай інфраструктуры ў новых мікрараёнах (дзіцячыя сады, бальніцы), кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта праблема вырашаецца. «Мы гэтую праблему вырашым, бо яна звязана з дзецьмі, гэта адказнасць дзяржавы, асабліва дзіцячыя сады», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка і патлумачыў, што, магчыма, гэта пытанне вырашаецца не так хутка ў сувязі з фінансавай сітуацыяй у краіне.

Аб школьных праграмах

Дзяцей нельга перагружаць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў перагле-дзець школьныя праграмы і падручнікі для таго, каб аптымізаваць нагрузку на дзяцей.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, шосты дзень у школе прадугледжвае, што дзеці будуць мець магчымасць займацца тым, што ім цікава. «Калі трэба дзесьці факультатыўчык у суботу – паўтары-дзве гадзіны, не больш, не перагружайце дзяцей… Добра, няхай будзе факультатыў. Трэба да гэтага па-чалавечы падысці», – лічыць кіраўнік дзяржавы.
У той жа час настаўнік павінен больш часу працаваць з вучнямі ў школе, каб на дамашняе заданне ім даводзілася затрачваць нават не дзве гадзіны ў дзень. «А ў нас сёння чатыры, у старшых класах – пяць, і яшчэ рэпетытарства», – заўважыў Прэзідэнт.
«Дзяцей нельга перагружаць, нельга ім даваць тое, што яны не ўспрымаюць і не ўспрымуць, а тым больш тое, што ім не патрэбна. Працуем мы над сістэмай адукацыі. Мы яе адрэгулюем. Хацеў бы атрымаць дапамогу ад нашага рэктарскага корпуса. Хоць некаторыя ўжо, сапраўды, засядзеліся», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён заклікаў арыентаваць школьнае навучанне на працоўнае выхаванне.
Паводле яго слоў, субота якраз павінна стаць для вучняў спартыўным днём, днём працоўнага навучання і часам – рэпетытарства. Няма неабходнасці ў празмерных нагрузках.

Ільгатаваць у Беларусі будуць тое,
што дасць вынік

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што ў пытанні прадастаўлення льгот трэба ўлічваць эфектыўнасць выкарыстання гэтых сродкаў. «Станьце на месца дзяржавы: у вас ёсць нейкія невялікія грошы – каму вы іх дасце? Проста «закапаеце ў пясок» або вы падумаеце, што прынясе гэтая пазыка, якую вы некаму дасце? Гэтак жа і ў дзяржаве», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
«Ніхто не адмяняў ільготнае жыллё. Проста стала менш грошай. Каб даць грошы на льготны крэдыт, іх трэба недзе ўзяць. І на доўгі час. А гэта грошы прадпрыемстваў і вашы грошы. Ільготнае жыллё было і ёсць, але не ў такім аб’ёме. Будзем багацейшыя – будзе больш», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, павелічэнне аб’ёмаў будаўніцтва жылля разглядаецца як лакаматыў эканомікі.

Не выключае магчымасці
адмены дэкрэта нумар 3

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дэкрэт у першую чаргу нацэлены на тых, хто нідзе не працуе і не ўдзельнічае ў фінансаванні дзяржрасходаў, аднак жыве не па сродках і карыстаецца ўсімі дабротамі, напрыклад, бясплатнай адукацыяй і медыцынскай дапамогай. «Мы падштурхоўваем іх да таго, каб яны працавалі. І мы ж не прымушаем працаваць, але атрымліваеш паслугу – заплаці», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што нядаўна ў дакумент былі ўнесены змяненні. Цяпер мясцовыя органы ўлады маюць права вызваліць грамадзяніна ад выплаты падатку, калі чалавек трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю.
Будзем старацца ствараць умовы для большага будаўніцтва. Але пра Мінск трэба паціху забываць, там мы будаваць не будзем. Прынамсі, такімі тэмпамі, як было раней. Я не хачу, каб у Мінск мы сабралі ўсю краіну і агалілі ў плане працоўных рэсурсаў рэгіёны. Мы ім ільготы далі, няхай там бізнес развіваецца, там будзем старацца падтрымліваць будаўніцтва жылля», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў рамках падтрымкі жыхароў сельскіх населеных пунктаў дзяржава выдзяляла крэдыты на будаўніцтва жылля пад 1 працэнт гадавых. «Нам трэба было затрымаць там людзей. І гэта часткова ўдалося. Таму будзем у гэтым напрамку працаваць», – сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі будзе захавана дзяржаўная падтрымка спорту

«Дзяржпадтрымка спорту захаваецца на ўзроўні мінулага года», – сказаў беларускі лідар.
Гаворачы аб падтрымцы клубаў па гульнявых відах спорту, Прэзідэнт адзначыў, што ў эканоміцы краіны бягучы год будзе не горшы за мінулы, а магчыма, у чымсьці і лепшы. У падтрымцы ж магчыма захаваць той узровень, які склаўся ў мінулым годзе.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што падтрымка клубаў будзе прадоўжана. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на іншую сітуацыю, якая не датычыцца гульнявых відаў.
«Падтрымліваць спорт будзем, але галоўнае – вынік. Золата, серабро, бронза – тады можна прасіць, што патрэбна. Так яно і было. Прыходзіў чалавек, прасіў выдзеліць участак зямлі для будаўніцтва дома, а я адразу даю каманду, каб адказныя вырашылі пытанне, паколькі чалавек славу прынёс краіне. Не – да пабачэння», – заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі расказаў, што адмовіўся ад прапановы выбарачнай падтрымкі відаў спорту.

Аб прадпрымальніках і бізнесе

Цяжкія часы аднолькава ўдарылі па прыватных і дзяржаўных прадпрыемствах

Прэзідэнт расказаў, што асабіста кантралюе стан спраў на такіх прамысловых гігантах, як МТЗ, МАЗ, «Гомсельмаш», БМЗ, параўноўвае з тым, што адбываецца на прыватызаваных прадпрыемствах, напрыклад, «Амкадоры».
Разам з тым «Амкадор» выйграе ў хуткасці рэалізацыі праектаў. «Глядзіш – за год-паўтара ўжо стаіць новае вытворчае прадпрыемства, гэта значыць хутчэй гэта робіцца. Але ўсё роўна тыя ж праблемы – абаротных сродкаў не хапае», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прадпрымальнікі павінны прыняць актыўны ўдзел у фарміраванні абноўленага складу савета. «Накіруйце таго, хто там павінен быць. Але без тых, хто ўмее толькі балбатаць, але нічога не хоча рабіць», – даручыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што члены савета павінны быць сумленнымі і гаварыць аб тым, што ў цэлым хвалюе прадпрымальнікаў.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў кіраўніку цэнтра Мізеса Яраславу Раманчуку ўвайсці ў Савет па прадпрымальніцтве. «Калі вы захочаце як перадавы чалавек быць членам гэтага савета, я супраць не буду. Мы цяпер падбіраем добрага старшыню, каб ён меў адміністрацыйны рэсурс, мог дастукацца да Прэзідэнта ў любы час. Па задуме і яго палажэннях, савет павінен акумуляваць увесь негатыў, але не толькі ў прыватнасці, а ў цэлым, і ўносіць Прэзідэнту для вырашэння», – растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Пакуль, паводле яго слоў, члены савета ў асноўным вырашаюць асабістыя пытанні, звязаныя са сваёй прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Аб адносінах Беларусі і Расіі

Пакуль я Прэзідэнт, ніводны камень
у бок рускага чалавека кінуты не будзе

Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні стан беларуска-расійскіх адносін важнейшым пытаннем. «Тэма вельмі вострая. Баюся сказаць лішняе, з аднаго боку. А з іншага – сітуацыя ўжо дайшла да таго, што я мала што маю права ўтойваць», – адзначыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго складваюцца часам няпростыя, але ў цэлым добрыя адносіны з расійскім Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. Але, як звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, у Расіі дзейнічаюць розныя сілы, у тым ліку і ў кіраўніцтве краіны. У выніку «некаторыя рэчы разыходзяцца з меркаваннем і рашэннямі самога Прэзідэнта», канстатаваў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ўрады Беларусі і Расіі да гэтага часу працуюць па нафтагазавых перагаворах. «Дамовіцца пакуль не змаглі. І пачалася ўжо нейкая валакіта: то яны згаджаюцца, добра, давайце па-старому працаваць, то праз суткі гэта не падыходзіць, таму што начальнікі нібыта не згадзіліся. Ідзе гэтая цяганіна», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што ў нафтагазавай сферы Беларусь і Расія працавалі па формуле роўнадаходных цэн. Калі сусветныя цэны на нафту былі высокія, адпаведна каштаваў і газ. «І Беларусь плаціла гэтую цану», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Затым кошт нафты знізіўся, тое ж адбылося і з цаной на прыродны газ. Раней агавораная для Беларусі цана – $132,77 за тыс. куб.м, цяпер па формуле краіна павінна плаціць $83-82. Аднак расійскі бок адмаўляецца прадаваць газ па такой цане, матывуючы гэта тым, што ранейшая цана нібыта і без таго самая нізкая. Такую пазіцыю Аляксандр Лукашэнка лічыць нелагічнай, паколькі ў бакоў ёсць дамоўленасці, якія трэба выконваць.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што нафтагазавая спрэчка можа прывесці да эскалацыі па многіх напрамках.
Беларусь падала ў суд наконт скарачэння паставак расійскай нафты. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія – дзве самыя блізкія краіны і такія канфлікты не павінны быць.
«Без расійскай нафты мы абыдземся. Нам будзе вельмі цяжка, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Але свабода, незалежнасць не ацэньваецца ніякімі грашамі». Прэзідэнт падкрэсліў: «Гэта несупастаўна, калі на адной чашы незалежнасць, а на другой – расійская, іранская, азербайджанская або амерыканская нафта».
«Незалежнасць, прыстойнасць, наша гістарычнае мінулае даражэйшае, чым нафта», – дадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, калі Беларусь яшчэ знаходзілася пад санкцыямі, Уладзімір Пуцін раіў яму выйсці з заходнімі калегамі на нармальныя адносіны. Цяпер, пасля адмены санкцый, яны развіваюцца больш актыўна, але не на шкоду ўзаемадзеянню з Расіяй. «Расія – гэта святое», – падагульніў Прэзідэнт. Адзначана, што з-за няроўнасці цэн на беларускім і расійскім рынках Беларусь страціла $15 млрд.

Беларусь не парушыла ніводнага дагавора з Расіяй

Іншая справа – расійскі бок. «Па нафце дамовіліся 24 млн. т штогод пастаўляць. Да 18-ці скарацілі, потым да 16-ці нібыта хочуць, а наогул гавораць – 12 будзем пастаўляць», – расказаў Прэзідэнт.
Закранаючы перагаворы па кошце расійскага газу для Беларусі, Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь у 2016 годзе плаціла $107 за тыс. куб.м, хоць павінна была плаціць $83 – па формуле роўнадаходных цэн і з улікам спаду кошту нафты на сусветных рынках. Паводле слоў Прэзідэнта, расійскім кіраўніцтвам прапаноўваліся розныя варыянты ўрэгулявання гэтай сітуацыі, праблема пакуль застаецца нявырашанай.
«У мяне просяць забясплатна аддаць высокатэхналагічныя прадпрыемствы, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Гэта па-брацку? Гэта прыстойна?» Як удакладніў Аляксандр Лукашэнка, у свой час размова ішла аб продажы на нявыгадных для Беларусі ўмовах «Інтэграла», МЗКЦ, «Пеленга» і «Гродна Азота», а таксама аб далучэнні МАЗа да КамАЗа. Аднак ён не згадзіўся. «Мы расіянам гаворым: давайце вашы і нашы лепшыя прадпрыемствы ахоўваць, давайце не будзем ствараць альтэрнатыўныя прадпрыемствы ў Расіі. Ну навошта ствараць, напрыклад, вытворчасць БелАЗ у Расіі?» – задаўся пытаннем Прэзідэнт.

Беларусь не пераклейвае наклейкі на санкцыйныя прадукты, а перапрацоўвае імпартуемую сыравіну

«Другі момант – Украіна, Захад, эмбарга і іншае. Калі Расія ўвяла эмбарга – яны з намі не раіліся. Пры гэтым мы як знешняя граніца з Польшчай, Украінай, Літвой і Латвіяй выконваем ролю адзінай граніцы. Мы паабяцалі, што такія тавары прапускаць у Расію не будзем. Але калі мы атрымліваем сыравіну – малако, яблыкі, рыбу і іншае – мы перапрацоўваем яе, не пераклейваем наклейку. Раз мы яе перапрацавалі – гэта іншы тавар, гэта прадукт ужо глыбокай перапрацоўкі», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што практычна ўся прадукцыя, вырабленая з імпартуемай сыравіны, пастаўляецца на ўнутраны рынак.
Прэзідэнт расказаў, што і ў Беларусі выяўляюцца выпадкі, калі сапраўды пераклейваюцца наклейкі або падробліваюцца накладныя на санкцыйныя прадукты. «Але гэта мізэр, гэта нават не паўпрацэнта, гэта сотыя працэнта. І мы з гэтым змагаемся», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка і растлумачыў, што часцей за ўсё такія махінацыі ажыццяўляюцца пры непасрэдным удзеле расійскіх мытнікаў і іншых службовых асоб.

Увядзенне Расіяй пагранічнай зоны – гэта чыста палітычны выпад

«Яны ад каго граніцу закрываюць сёння? Што гэта за пагранічная зона 30 км? Яны што, лепш абараняюць граніцу, чым мы? У тысячу разоў горш. І ў іх ёсць дзе абараняць граніцу. Гэта (увядзенне Расіяй пагранічнай зоны. – Заўвага БЕЛТА), лічу, чыста палітычны выпад. Нельга гэтага рабіць», – перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт заўважыў, што ўстанаўленне пагранічнай зоны расійскі бок апраўдвае ўвядзеннем пяцідзённага бязвізавага ўезду ў Беларусь для грамадзян 80 краін. Аднак пры гэтым не гаворыцца, што такі загад быў падпісаны Федэральнай службай бяспекі Расіі яшчэ ў канцы снежня 2016 года.
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што ў свой час Беларусь неаднаразова прымала рашэнне не закрываць граніцу з Расіяй, нягледзячы на розныя знешнія фактары.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што бязвізавы ўезд у Беларусь ніяк не паўплывае на нацыянальную бяспеку Расіі, паколькі мытны і пагранічны кантроль у пункце прыбыцця іншаземцаў беларускі бок адмяняць не мае намеру. Да таго ж Беларусь і Расія карыстаюцца адзіным спісам грамадзян, чыё знаходжанне ў краінах непажадана.
«Мы свята аберагаем агульную прастору. Для нас расіянін ніколі не быў чужым чалавекам і не будзе. Гэтыя бяздумныя нескаардынаваныя крокі, якія толькі пагаршаюць нашы адносіны, рабіць нельга», – лічыць беларускі лідар.

Адказваючы на пытанне аб увядзенні Расіяй рэжыму пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Наколькі мяне інфармавалі, там ёсць нейкая прывязка да канкрэтных нейкіх кропак. Паўстае пытанне: гэта што, Расія пачала праводзіць дэмаркацыю граніцы? Дык гэта перагаворны працэс, гэта ж можа выліцца ў сур’ёзны канфлікт».

Ніколі не зміруся са зневажаннем беларускай дзяржавы і народа

«Я ніколі не нарываюся на непрыемнасці. Я ўжо шмат што паспрабаваў і апёкся на ўсім, што папала. Дзе трэба, магу адступіць і быць гібкім, але, калі зневажаюць маю дзяржаву і народ, я з гэтым ніколі не зміруся», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падрабязна расказаў удзельнікам сустрэчы пра беларуска-расійскія ўзаемаадносіны, спыніўся на існуючых рознагалоссях паміж краінамі і абазначыў магчымыя шляхі іх пераадолення. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў перагаворы аб цане на газ, канфлікты ў сферы паставак прадуктаў харчавання і ўвядзенне Расіяй пагранічнай зоны на граніцы з Беларуссю.
«Ні адзін рускі чалавек не паверыць, што Лукашэнка вораг Расіі», – сказаў беларускі лідар.
Гаворачы аб крытыцы маючых адбыцца сумесных вучэнняў “Захад-2017” у некаторых СМІ, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Расія не ставіць мэту акупіраваць Беларусь. «Расійскія войскі, якія будуць уведзены ў Беларусь, гэтак жа адсюль і пойдуць. Расія ніколі не акупіруе Беларусь», – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што абарона дзяржавы з’яўляецца фундаментальным крытэрыем. «Ніякая эканоміка не патрэбна дзяржаве, калі людзі не будуць адчуваць сябе ў бяспецы, калі яны будуць не абаронены», – рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
«Кажуць, ваенная база. Каму патрэбны гэтыя 10 самалётаў, якія Расія хацела пасадзіць у Бабруйску? – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Я Пуціну гавару, трэба аднаўляць гэты аэрадром, там ужо ўзлётна-пасадачную паласу напалавіну разабралі. Гавару, дайце нам 20 самалётаў. У нас выдатныя пілоты, выдатная школа, вы ведаеце, што мы ўмеем ваяваць на ваенных самалётах, мы ж адзіная групоўка. Не. Шайгу (міністр абароны РФ. – Заўвага БЕЛТА) хацеў не так».
Прэзідэнт Беларусі адзначыў няяснасць задач з ваеннага пункту гледжання, якія павінна была б вырашыць такая база. «Што такое ў сучаснай вайне, дапусцім, супраць НАТА самалёт? Гэта 10 хвілін бою: ён узляцеў – і яго няма. Вайна сёння іншая. Гэта ў Сірыі можна лятаць, калі няма сістэмы проціпаветранай абароны. У нас жа ўсё відаць, нават калі самалёт узляцеў дзесьці за 200 км», – адзначыў беларускі лідар.

Аб унутранай палітыцы

У Беларусі не павінна быць паліцэйскай дзяржавы

«Усё павінна быць абгрунтавана, па законе», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, гаворачы аб затрыманнях чыноўнікаў і бізнесменаў.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што не павінна быць такога і няма цяпер, калі ў цяжкі для краіны час хтосьці з чыноўнікаў будуе сабе асабнякі і рэзідэнцыі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнім часам шэрагу банкіраў прабачылі парушэнні заканадаўства. «Плаці ў бю-джэт у трохразовым памеры тое, што зафіксавана, і з мятлой на вуліцу. Банкірам ты ўжо ніколі не будзеш, ты ўжо на ўліку стаіш», – канстатаваў ён.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне ёсць і сумленныя бізнесмены.
Беларускі народ справядлівы і нават крыху савецкі, адзначыў Прэзідэнт.
«Што датычыцца дзяржрасходаў, то іх аптымізацыю, якую мы сёння праводзім, мы пачынаем якраз з сябе, вось непасрэдна з Прэзідэнта», – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Так, у Палацы Незалежнасці, дзе праводзяцца важнейшыя мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню, працуюць усяго тры чалавекі. «Я бяру канкрэтны прыклад, каб прадэманстраваць, што скарачэнне дзяржаўных расходаў – гэта праграмнае палажэнне Прэзідэнта Лукашэнкі. Я ведаю, чаго гэта ўсё каштуе», – адзначыў ён.
Беларусы пакуль не прыйшлі да стварэння нацыянальнай ідэі, а выдумаць яе немагчыма
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў краіне на працягу доўгага часу спрабавалі сфармуляваць нацыянальную ідэю, прыцягвалі да гэтага розных экспертаў і грамадскіх дзеячаў. «Мы не змаглі яе адміністрацыйным чынам сфармуляваць. Я ўсё больш пераконваюся, што, напэўна, мы не прыйшлі ў сваім развіцці да той кропкі, калі б гэта ідэя ўдарыла ўсіх па розуме і па сэрцы. Я супакоіўся: калі грамадства нічога прапанаваць не можа, я таксама не магу прыдумаць, нават баюся, таму што гэта вельмі адказна. Таму мы жывём як жывём, без гэтай ідэі. Яе няма, а хацелася б», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Прэзідэнт перакананы, што выдумаць нацыянальную ідэю немагчыма. «Нас да гэтага павінна падвесці само жыццё, развіццё нашай краіны. Вельмі мала мы, напэўна, пражылі як абсалютна суверэнная, незалежная дзяржава. Нават Расія не можа яе (нацыянальную ідэю. – Заўвага БЕЛТА) сёння сфармуляваць, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. – Тут трэба быць вельмі дакладнымі і акуратнымі, каб гэта захапіла ўсіх».
Адказваючы на прапанову члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Алены Анісім стварыць у Беларусі нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Вы мой пункт гледжання наконт моў – беларускай, рускай і іншых – ужо, напэўна, на памяць ведаеце. Я вельмі акуратна стаўлюся да гэтага пытання. І, дзякуй богу, што гэта не стала ў нас у грамадстве нейкай перашкодай. А магло быць, зыходзячы з палітыкі, якую праводзіў той Вярхоўны Савет, у якім мы служылі з Іосіфам Паўлавічам (Сярэдзічам. – Заўвага БЕЛТА) у свой час».
«Тады ўжо вельмі было палітызавана гэта пытанне, і я лічу добра, што мне ўдалося ўсё ж такі неяк пагасіць у грамадстве напал гэтай спрэчкі па мовах. Не будзем да гэтага вяртацца. Пакуль я Прэзідэнт, я не дапушчу таго, каб мы дзялілі людзей па тым, ведаеш ты беларускую мову ці ты яе не ведаеш. Гэтага не будзе, пакуль я Прэзідэнт. Дрэнна гэта ці добра – час пакажа», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
«Што датычыцца нацыянальнага ўніверсітэта, то адразу ўзнікае пытанне: а Беларускі дзяржуніверсітэт у нас не нацыянальны? Ці іншыя якія-небудзь? Мне здавалася, што яны ўсе нашы, нацыянальныя. Там вывучаюць і рускую мову, і беларускую, і англійскую, і іншыя», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Размова ідзе аб вышэйшай навучальнай установе, дзе было б выкладанне на беларускай мове, – прадоўжыў ён. – Вы ведаеце, я не магу сказаць «не» і не магу сказаць «так», таму што гэта трэба прапрацаваць. Можа, на базе якога-небудзь універсітэта, калі гэта будзе нармальна ўспрынята, калі туды будуць жадаючыя ісці па конкурсе і іншае. Не толькі сям’я Алега Трусава ці ваша, ці мая і гэтак далей, а сапраўды будуць жадаючыя там атрымліваць адукацыю на беларускай мове», – сказаў Прэзідэнт.
«Толькі я вось супраць таго, каб некаторыя людзі выхваляліся беларускай мовай: вось я беларускую мову ведаю, я больш беларускі, – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. – Ну не трэба! Пройдзе час, мы навучымся размаўляць на беларускай мове, вельмі добра навучымся. Але я вас заклінаю і прашу: не адмаўляйцеся ад рускай мовы”.
З пытаннем увядзення прыватнай уласнасці на зямлю спяшацца не трэба, лічыць кіраўнік дзяржавы. «Не гатовы пакуль для гэтага. Тым больш што аддаём зямлю ў арэнду на працяглы перыяд – калі ласка, ідзі, працуй, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Кажуць, маўляў, калі зямля будзе ў прыватнай уласнасці, то яе не адбяруць. Ды кіньце: калі вы парушыце закон, то адбяруць, у нас жа ў адпаведнасці з законам вызначана канфіскацыя маёмасці». Прэзідэнт лічыць лішнім зацыклівацца на пытанні прыватнай уласнасці на зямлю.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што не мае права адмяніць смяротную кару або накласці мараторый на яе прымяненне, паколькі праведзены ў Беларусі рэферэндум паказаў: большасць насельніцтва падтрымлівае вышэйшую меру пакарання. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгарнуць у грамадстве (у парламенце, партыях, грамадскіх аб’яднаннях) дыскусію па гэтым пытанні, каб вывучыць усе за і супраць. «І калі мы потым у грамадства спытаем, і людзі прагаласуюць большасцю супраць смяротнай кары, я ў гэты ж дзень падпішу па выніках гэтага рэферэндуму», – падкрэсліў Прэзідэнт.
«Я падпісваю кожны ўказ па смяротнай кары. Вы не ўяўляеце, што са мной адбываецца. Я разумею, што пасля гэтага чалавека ўжо не будзе, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Мне адразу нясуць папку – за што: фатаграфіі, аператыўныя матэрыялы і іншае. Я калі гэта бачу, у мяне кроў стыне ў жылах».

Аб знешняй палітыцы

У нас няма іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку

Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што «ў нас не ўсё атрымалася з гэтай шматвектарнасцю».
«Вы гэта ведаеце, не хачу паўтарацца – ляцелі на адным крыле. Куды прыляцелі – таксама ведаеце. Таму мы, знахо-дзячыся сёння ў эпіцэнтры (нават не ў цэнтры Еўропы) гэтага еўразійскага кантынента, не маем іншага шляху, як развіваць шматвектарную палітыку, – перакананы Аляксандр Лукашэнка. – На народнай мове гэта традыцыйныя, згодна з нашым менталітэтам паняцці – мы павінны сябраваць з усімі нашымі суседзямі. Нам ні Расія, ні Украіна, ні Польшча, ні Літва, ні Латвія не чужыя. Таму што гэта нашы суседзі. Кропка. Больш нічога не трэба гаварыць, хоць можна паставіць коску і пералічыць многае».
Паводле яго слоў, калі Беларусь хочуць бачыць у інтэграцыйных структурах, краіны-ўдзельніцы павінны прыстойна сябе паводзіць у адносінах адна да адной, падтрымліваць адна адну і не ствараць дадатковых перашкод. «Ці ж гэта добра, што мы ў ЕАЭС за 2015 год упалі ў тавараабароце на 40 працэнтаў, а ў мінулым годзе яшчэ 18 дабавілі. Амаль 60 працэнтаў – гэта нармальна? У Казахстан мы амаль нічога не пастаўляем, а з Расіяй вы бачыце, якія адносіны. Таму нам трэба знаходзіць шляхі аднаўлення гэтых адносін. Мы да гэтага гатовы, акуратна і добрасумленна, без нацягвання коўдры на сябе», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларусь не імкнецца ў НАТА

Прадаўжаючы тэму адносін з Расіяй, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Я хацеў бы, каб гэты канфлікт наверсе ні ў якім разе не апусціўся да нізоў. Таму я вас вельмі прашу, ніколі не крыўдзіце расіян, яны да нас прыязджаюць, адпачываюць, і не бясплатна гэта робяць. Гэта нашы людзі. Прэзідэнты прыхо-дзяць і адыходзяць, а народы застаюцца – гэта галоўнае».
«Рана ці позна мы ўсё роўна дамовімся. А то аказваецца: вось быццам войскі ўвядуць, акупіруюць. Ніхто нас не акупіруе, ніхто да нас войскі не прывядзе, ніякай вайны не будзе. Мы будзем абараняць сябе і сваю незалежнась, мы хочам «людзьмi звацца», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка падтрымаў ідэю правядзення міжнароднай канферэнцыі па Беларусі.
Ён адзначыў, што на гэту канферэнцыю маглі б прыехаць і тыя людзі, «якія некалі крытыкавалі нас», якія з недаверам ставіліся. «Няпраўда, што мы не пускаем тых людзей, якія нас дзесьці крытыкуюць або дрэнна гавораць, – не мая пазіцыя. Нават на чэмпіянат свету практычна ўсіх пусцілі. Калі яны сумленныя, паедуць з іншым меркаваннем. Няхай мы недзе недацягваем, але ў нас прыгожая краіна, у нас цудоўныя людзі. Няхай яны гэта ўбачаць», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што ён не прытрымліваецца пазіцыі ізаляцыянізму. «Гэта не мая палітыка – забараняць і не пускаць. Забаронамі ты нічога не даб’ешся», – сказаў ён.

Лукашэнка просіць Літву
не палітызаваць пытанне будаўніцтва БелАЭС

Прэзідэнт падкрэсліў, што БелАЭС гатова прыняць на работу літоўскіх спецыялістаў, якія вызваліліся, сюды гатовы прыехаць і пераязджаюць працаваць мноства людзей. Але галоўнае, што выпрацаваную ў Беларусі электраэнергію гатовы прадаць Літве па нармальных цэнах.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларуская атамная электрастанцыя будзе самай таннай, але ў той жа час надзейнай. На асобных вузлах і агрэгатах станцыі ўжо ўдалося аптымізаваць затраты на сотні мільёнаў долараў, сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што станцыю будуе Расія – ядзерная краіна. І ў яе інтарэсах пабудаваць так, каб прадэманстраваць новае пакаленне атамных станцый – самае бяспечнае. Беларусь жа зацікаўлена ў бяспечнасці гэтай АЭС больш, чым хтосьці: у постчарнобыльскай краіне людзі ставяцца да пытанняў бяспекі вельмі сур’ёзна. Таму калі здарыўся выпадак з рэактарам, без размоў было прынята рашэнне яго замяніць, нагадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб выбудоўванні адносін з Захадам

Хачу, каб убачылі ў Беларусі незалежную суверэнную дзяржаву

Адно з зададзеных Прэзідэнту пытанняў датычылася двухбаковых адносін з Германіяй. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь закупляла нямала нямецкага абсталявання для прадпрыемстваў, выкарыстоўвала германскія крэдыты, сёння нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы мадэрнізуюцца за кошт гэтага.
«Мы вельмі хацелі б перайсці на адкрыты дыялог і дамовіліся, намалявалі пэўную дарожную карту, як жыць будзем далей, – сказаў Прэзідэнт. – Мы высокатэхналагічная краіна, вы – супервысокатэхналагічная, немцы далёка наперад пайшлі. Нам патрэбны высокія тэхналогіі, энергазберагальныя, рэсурсазберагальныя, і мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць. Больш таго, ведаю, немцы хацелі б паўдзельнічаць у прыватызацыі некаторых прадпрыемстваў. У нас не забаронена прыватызацыя любога прадпрыемства, але я выклаў свае падыходы, дакладна так як бачу іх у адносінах да Расіі. Трэба садзіцца і дагаворвацца».
Як заўважыў кіраўнік дзяржавы, у Беларусі з’явілася шмат прадстаўнікоў нямецкіх дзелавых колаў. «Я з некаторымі з іх сустракаўся, і мы цяпер вядзём перагаворы па стварэнні новых прадпрыемстваў, – расказаў Прэзідэнт. – Таму я хачу, каб вы нарэшце ўбачылі ў Беларусі сучасную незалежную дзяржаву і ўсё, што з гэтага вынікае. Больш я нічога ад Захаду не хачу”.
«Мы не заслугоўвалі санкцый. Знялі іх – добра. Мы пачалі дамаўляцца, напрыклад, па тэкстылі і г.д. Мы хочам, каб наша эканоміка не тое што ўздыхнула за кошт Захаду, але хаця б дадатковы глыток яна павінна атрымаць», – сказаў беларускі лідар. Ён падкрэсліў, што запатрабуе немалых намаганняў прасоўванне на заходнія рынкі прадукцыі айчыннага машынабудаўнічага, а таксама нафтахімічнага комплексу і іншай.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт Беларусі лічыць першачарговым пытаннем фінансаванне. «На Захадзе вялікая колькасць грошай, і калі б мы маглі падкрэдытоўвацца там хаця б пад сярэдні невялікі працэнт, гэта для нас было б добра. Гэта значыць, мы змаглі б атрымаць больш танныя грошы. Працуем цяпер па розных напрамках, такая магчымасць ёсць, яна адкрываецца. Што ў гэтым дрэннага?» – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
БелТА. (Друкуецца ў скарочаным выглядзе).

На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць з прадстаўнікамі грамадскасці, беларускіх і замежных СМІ «Вялікую размову з Прэзідэнтам».

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top