наркотикиЗакон не паважалі: гандлявалі, набывалі…

Вечарам 12 студзеня ў супрацоўнікаў міліцыі выклікаў падазрэнні Аляксандр Ш., чыя машына была спынена ў Федзькавічах. Як высветлілася, мужчына меў пры сабе наркатычнае рэчыва – гашыш. “Зелле” Аляксандр набыў у лесе паблізу санаторыя “Буг”. Хутка стаў вядомы ўвесь ланцужок, які прывёў небяспечнае рэчыва ў кішэню да вадзіцеля спыненага аўто. За некалькі гадзін да таго Вадзім П. прыдбаў гашыш у Брэсце ва Уладзіміра І., але не для сябе, а каб перадаць Аляксандру. Дастаткова было пацягнуць за нітку, як раскруціўся ўвесь клубок. Пры вобыску ў кватэры Уладзіміра знойдзена не менш як 32,83 грама чорна-карычневага рэчыва, якое, паводле заключэння эксперта, з’яўлялася гашышам. Цяпер і гандлярам, і пакупніку давядзецца адказваць паводле артыкула 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Вось дык берагла народны “клад”…
на родным складзе!

Адзін з галоўных клопатаў сумленнага кладаўшчыка – берагчы грамадскую маёмасць, што захоўваецца на складзе. Аднак зусім інакш паставілася да сваіх абавязкаў грамадзянка З., якая, хоць і была асобай матэрыяльна-адказнай, ды не адчувала адказнасці за свае ўчынкі. У выніку кладаўшчыца з ААТ “Жабінкаўскі” цішком скрала 218 кілаграмаў камбікорму ў дробных гранулах ды яшчэ 201 кілаграм у буйных. Такім чынам акцыянернаму таварыству была нанесена шкода больш чым на 294 рублі. За дзеянні, якія супярэчаць закону, супраць працаўніцы ўзбуджана крымінальная справа на падставе часткі 1 артыкула 211 КК.

Бадлівым бывае не толькі бычок

П’янаму, як вядома, бывае не толькі мора па калена, яшчэ часам цягне “самазацвердзіцца” ды кулакі аб некага пачасаць. Глыбокай ноччу 15 студзеня Артур Б. быў на добрым падпітку, дрэнна языком лыка вязаў, яшчэ і рукі распусціць карцела. Адбылося гэта ў самым цэнтры Жабінкі, паблізу бара “Казантып-Рыка”. Без дай прычыны хуліган пачаў “бадацца”: ударыў галавою ў вобласць правага вока іншага грамадзяніна і прычыніў пацярпеламу цялесныя пашкоджанні ў выглядзе рванай раны ніжняга павека. Матэрыялы, сабраныя следствам, утрымліваюць дастаткова дадзеных, што ўказваюць на прыкметы злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса.

Не працуеш? З законам жартуеш…

“Працаваць, шчыраваць – гэта не па мне”, – відаць так разважаў 30-гадовы Сяргей К. Хоць улетку мінулага года суд Жабінкаўскага раёна і вынес яму вердыкт: 240 гадзін грамадскіх работ за крадзеж. Грамадзянін быў папярэджаны, што чакае таго, хто ўхіляецца ад карыснай для грамадства справы. У Ленінскім сельвыканкаме быў складзены графік: Сяргей К. павінен быў адпрацоўваць па 8 гадзін у рабочыя дні, але не менш як 12 гадзін у тыдзень. Аднак нават гэты мінімум парушальнік закона не змог вытрымаць. Шмат разоў і восенню, і зімой ён злосна адмаўляўся ад сваіх абавязкаў. За гэта напрыканцы 2016-га Сяргею афіцыйна нагадалі, што яму “свеціць” адказнасць паводле артыкула 419 КК. Але нават гэта не мела станоўчага выніку, мужчына па-ранейшаму і ў студзені 2017 года працягваў ухіляцца ад працы. Вынік прадказальны: супраць яго 16 студзеня ўзбуджана крымінальная справа.

Хапіла на выпіўку, закуску і…

Як і раней, значную колькасць ад усіх крымінальных злачынстваў на Жабінкаўшчыне складаюць крадзяжы. Нехта ўвалок 120 метраў электрычнага кабеля, як адбылося ў Пятровічах, іншыя зламыснікі ў Кардах паквапіліся на чужое зерне, газавую гарэлку ды пульверызатар, а рахунак крадзяжам адкрылі Дзмітрый В. і Міхаіл К. У першы дзень новага 2017 года яны дамовіліся праз гарышча залезці ў хату на вуліцы Цэнтральная, што ў вёсцы Сакі. Адтуль вынеслі чатыры бутэлькі гарэлкі, кураціну, свініну. Усяго “здабыча” каштавала 46 рублёў. Але і гэтага хапіла, каб стаць “героямі” “Крымінальнай хронікі”. Ці варта гэтак бязглузда псаваць сваю рэпутацыю і добрае імя? Пытанне рытарычнае. Няхай кожны задумаецца над ім.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro