Без шкодных звычак і з пазітывам па жыцці

1 2

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
У аўторак, 31 студзеня, у ГДК прайшла раённая кансультатыўна-адукацыйная акцыя “Мой выбар – жыць з пазітывам!”. У ёй прынялі ўдзел больш за 120 навучэнцаў устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны.
На ўрачыстым адкрыцці мерапрыемства прысутнічалі галоўны дзяржаўны сані-тарны ўрач раёна Надзея Шосцік, загадчык паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ Леанід Карповіч, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч і галоўны спецыяліст аддзела Таццяна Закірава.
З прывітальным словам да школьнікаў і педагогаў звярнулася Іна Тарасевіч. Іна Уладзіміраўна нагадала, што акцыя шматэтапная. У сярэдзіне студзеня яна стартавала ў Брэсце і цяпер крочыць па раённых цэнтрах вобласці. Да канца навучальнага года мерапрыемствы ў яе рамках пройдуць ва ўсіх школах Жабінкаўшчыны. Акцыя аб’яднала вучняў, іх бацькоў, педагогаў, да яе далучыліся многія жыхары Брэстчыны. Яна праводзіцца ў рамках абласнога конкурсу “Самая здаровая сям’я” і ўключае ў сябе цэлы комплекс інфармацыйна-пазнаваўчых мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду ідэй здаровага ладу жыцця, прафілактыку шкодных звычак, ацэнку ступені сталасці падлеткаў, выяўленне асоб, схільных да самаразбуральных паводзінаў. Акцыя вучыць нас спраўляцца з трывогай і трывожнасцю, стрэсавымі сітуацыямі, пазітыўна адносіцца да жыцця.
Таццяна Закірава пазнаёміла прысутных з мерапрыемствамі акцыі і пажадала ўсім выдатнага настрою і добрых уражанняў.
Мерапрыемства стартавала з прагляду відэаролікаў, прысвечаных прафілактыцы ўжывання псіхаактыўных сродкаў і прапагандзе здаровага ладу жыцця. Затым навучэнцы змаглі пазнаёміцца з інфармацыйна-адукацыйнымі матэрыяламі Жабінкаўскага райЦГЭ.
Супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС Таццяна Мартынава і Мікалай Шчэрбін разам з Духам асцярожнасці, у ролі якога быў Аляксандр Цупа, расказалі школьнікам, як сябе паводзіць, калі ў доме ці кватэры ўзнік пажар, калі ты праваліўся пад лёд ці апынуўся ў любой іншай экстрэмальнай сітуацыі. Нагадалі нумары, па якіх у такіх выпадках патрэбна тэлефанаваць – 101 і 112. Калі ж раптам у паніцы чалавек набярэ 102, яго пераключаць на патрэбную службу.
Трэнеры СК “Бадзёрасць” па футболе Андрэй Салей і плаванні Алена Алексяюк пазнаёмілі хлопчыкаў і дзяўчынак са сваімі секцыямі, парадкам правядзення ў іх трэніровак, дасягненнямі выхаванцаў і запрасілі прыходзіць на заняткі.
Педагог-псіхолаг першай гарадской школы Аксана Зіміна правяла з навучэнцамі мазгавы штурм “Што рабіць, калі нас адштурхнулі”. Пад час акцыі школьнікі маглі атрымаць кансультацыі эндакрынолага, нарколага, тэрапеўта, педыятра, валеолага, змераць свой рост, вагу, артэрыяльны ціск, а таксама прайсці анкетаванне ў псіхолагаў па выяўленні ўзроўню стрэсу і трывожнасці.
Зацікавілі навучэнцаў работы выхаванцаў Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія былі прадстаўлены на выставе ў фае.
Сваімі ўражаннямі аб удзеле ў акцыі падзяліліся васьмікласніцы Крыўлянскай сярэдняй школы Вікторыя Петрусевіч, Яніна Руткевіч і Ганна Макарук, шасцікласнік Ленінскай сярэдняй школы Андрэй Фацееў і вучань дзясятага класа Ракітніцкай адзінаццацігодкі Андрэй Тур.
Віка Петрусевіч: Вельмі спадабаліся кансультацыі спецыялістаў раённай бальніцы, пад час якіх атрымала слушныя рэкамендацыі і парады наконт свайго здароўя. Вялікі дзякуй!
Яна Руткевіч: Пазнаваўча і цікава пра дзеянні чалавека ў экстрэмальных сітуацыях расказвалі супрацоўнікі Жабінкаўскага РАНС. Не лішнім было нагадаць і нумары экстраных службаў. Спадабалася магчымасць сфатаграфавацца з Духам асцярожнасці.
Аня Макарук: Думаю, нікога не пакінулі раўнадушнымі відэаролікі пра шкоду, якую наносіць чалавеку ўжыванне тытуню, алкаголю і наркотыкаў. Лічу, што выстаяць моладзі перад гэтымі небяспечнымі спакусамі дапамогуць сіла волі, мэтанакіраванасць у жыцці, занятак па душы.
Андрэй Фацееў: Спадабалася выстава работ выхаванцаў Жабінкаўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Здзівіла разнастайнасць прыродных матэрыялаў, з якіх яны зроблены.
Андрэй Тур: Ад супрацоўнікаў Жабінкаўскага РАНС даведаўся, як дзейнічаць, калі чалавек трапіў пад лёд, а гэта ў зімовую пару года вельмі актуальна.
Навучэнцы школ раёна выказаліся наконт неабходнасці такіх мерапрыемстваў, яны цікавыя і пазнавальныя, вучаць жыццёвыя выпрабаванні і цяжкасці ўспрымаць без стрэсу і настройваць сябе на пазітыў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.