Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Ёсць людзі, якія ў першую ж сустрэчу “западаюць” у душу. Яны “падкупляюць” духоўнай прыгажосцю, шчырасцю, непасрэднасцю. Аліна Фёдараўна Калеснікава – адна з такіх людзей. Твар сур’ёзны, а ў вачах свеціцца радасць – за дасягненні калег, за выкананую работу, за поспехі дзяцей і ўнучкі. Яна лёгка наладжвае зносіны з любым чалавекам і пакідае ўражанне сумленнага, дакладнага, кампетэнтнага ў сваёй справе спецыяліста. Вось ужо дваццаць гадоў яна толькі на “выдатна” спраўляецца са сваімі абавязкамі памочніка ўрача-гігіеніста ДУА “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.
З іх апошнія тры гады Аліна Фёдараўна кантралюе гігіену харчавання – сочыць за захаваннем санітарных норм у гандлёвых аб’ектах Жабінкаўшчыны. Дзякуючы яе своечасоваму і дбайнаму кантролю пратэрмінаваны торцік, ёгурт ці каўбаса наўрад ці трапяць у карзіну пакупніка ў магазіне ці павільёне. Санітарныя правілы і нормы з кожным годам узмацняюцца, іх колькасць расце. За ўсімі гэтымі змяненнямі ў дакумента-звароце даводзіцца сачыць, і, каб не згубіцца ў лавіне інфармацыі, Аліна Фёдараўна своечасова паведамляе яе прадаўцам прадуктаў харчавання. Тады і нараканняў пакупнікоў менш, і шанцаў натрапіць на няякасны прадукт – таксама. З прадаўцамі, якія ігнаруюць патрабаванні санітарных норм (а такіх, на шчасце, адзінкі), даводзіцца размаўляць “мовай” штрафаў. Гэта ў практыцы Аліны Фёдараўны – крайняя мера, праўда, і больш дзейсная. Яна не прыхільніца складання пратаколаў – стараецца папярэдзіць аб нязначных парушэннях вусна. Як правіла, гэтага аказваецца дастаткова.
Дарэчы сказаць, не кожны зможа працаваць у санслужбе. Улічваючы тое, якія шырокія функцыі ўскладзены сёння на органы дзяржнагляду, ад спецыялістаў установы патрабуюцца рознабаковыя веды, здольнасць да аналітычнай працы, дасведчанасць і эрудыцыя, веданне санітарнага заканадаўства, юрыдычных прававых актаў, уменне працаваць з людзьмі, а галоўнае – вялікая адказнасць.
Аліна стараецца быць такой і дзяцей сваіх вучыць адказна адносіцца да любой справы, выконваць яе бездакорна. Нездарма яе прозвішча занесена ў Галерэю працоўнай славы Жабінкаўшчыны па выніках работы за 2016 год.
…Аліна Фёдараўна родам са Століншчыны. Сваё жыццё яшчэ ў дзяцінстве хацела звязаць з медыцынай. Таму, калі настаў час выбіраць прафесійны шлях, пасля апошняга званка павезла дакументы ў медыцынскае вучылішча ў Рыгу, як гэта рабілі многія яе старэйшыя сяброўкі. Кемлівая, прагная да ведаў дзяўчына з беларускай вёскі праз пэўны час атрымала дыплом і спецыяльнасць “санітарны фельчар”. Малады спецыяліст па размеркаванні трапіла ў Рэзакнэ. Першае месца працы ёй вельмі падабалася: вялікі прыгожы горад, цікавая работа, дружны калектыў – здавалася, чаго яшчэ дзяўчыне трэба?
Бадай, толькі кахання не хапала – глыбокага, чыстага, светлага. У яе жыцці з’явіўся Пётр. Вельмі хутка зразумела: менавіта ён стане надзейным памочнікам і апорай у жыцці, выдатным сем’янінам і пяшчотным татам. І закаханае сэрца не памылілася. Праз тры месяцы згулялі вяселле. Хутка ў маладой сям’і Калеснікавых нарадзіўся першынец Сярожа, потым – дачушка Сашанька. Праз пяць гадоў сям’я папоўнілася Вікторыяй, але ўжо на гістарычнай радзіме мамы Аліны, бо сям’я вярнулася ў Беларусь.
Жабінка з’явілася ў лёсе Калеснікавых выпадкова і… назаўсёды. Пятру прапанавалі больш аплачваемую работу, Аліне знайшлося месца ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. На вуліцы Асенняя пабудавалі ўтульны дом, дзе хораша ўсім: і жыльцам, і гасцям. Дзеці палюбілі Жабінку і лічаць, як і бацькі, сваёй малой радзімай. Яны гонар мамы і таты, ужо дарослыя, як птушкі, расправілі крылы і паляцелі з бацькоўскага гнязда.
Старэйшы Сяргей – выпускнік Віцебскага ўніверсітэта, без пяці хвілін правізар. Ён будуе дом і ра-зам з жонкай гадуе Машаньку. Сярэдняя дачка Аляксандра ў Мінску, працуе кантралёрам. Малодшая Вікторыя вучыцца на чацвёртым курсе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. У вольны час яна з задавальненнем дапамагае маці даглядаць за кветкамі ў палісадніку.
Дом Калеснікавых круглы год патанае ў кветках. Дзеці з задавальненнем едуць да бацькоў, якія дораць ім цеплыню сваіх сэрцаў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%