Куды ляціш ты, птушка-тройка?

_DSC8636

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.
Словы класіка, вынесеныя ў загаловак, міжволі згадваюцца, калі размаўляеш з ліцэістамі Вольгай Чарнецкай, Арцёмам Марозам і Аляксандрай Стрыжак. Настолькі адчуваецца іх мэтанакіраванасць, падмацаваная выдатнымі ведамі, памножанымі на штодзённую працавітасць. У рэшце рэшт гэта і дазволіла ім нядаўна паспяхова выступіць на абласных прадметных алімпіядах. Аднак, калі Мікалай Гогаль не ведаў адказу на сваё пытанне, дык у выпадку з нашымі алімпіяднікамі паспрабуем яго адшукаць.
ВОЛЬГА ЧАРНЕЦКАЯ – сапраўдны паліглот: акрамя рускай і беларускай, ведае і карыстаецца яшчэ трыма замежнымі мовамі. Ёй было шаснаццаць, калі пачала цікавіцца нямецкай, затым настала чарга мовы Шэкспіра і Бёрнса, нарэшце, настолькі ўразіла сваёй мілагучнасцю французская мова, што яе пачала вывучаць таксама. Цяпер можа свабодна размаўляць на англійскай, а яшчэ лепш – па-нямецку. Гэтае захапленне – ад мамы Алены Уладзіміраўны, якая сур’ёзна займаецца медыямастацтвам і фотадызайнам, нават вучылася гэтаму ў Нямеччыне. Пытанне зусім рытарычнае: як жа “не згубіцца” ў замежнай краіне, калі “нямы”, таму й асвоіла мову тубыльцаў. Але ж, вядома, дзеці нярэдка ідуць далей і хутчэй за бацькоў. Вось і зараз часам бывае, ужо матуля просіць у дачкі дапамагчы з перакладамі.
Раней, да жабінкаўскага ліцэя, дзяўчына вучылася ў горадзе над Бугам, дзе настаўнікі і заўважылі яе цікавасць да замежных моў. Для сябе Вольга даўно паставіла мэту стаць найлепшай і крочыць упэўнена да яе здзяйснення, па ўсіх без выключэння прадметах займаецца на выдатна. Аднак самымі любімымі, вядома, застаюцца мовы, у якіх яна нібыта рыба ў вадзе.
Летась была першая спроба пакарыць алімпійскія вяршыні. І адразу – перамога. Бо не толькі выдатна выступіла ў раёне ды вобласці, але і ў фінальным, рэспубліканскім этапе па нямецкай мове паўдзельнічала. І не проста паўдзельнічала – стала найлепшай! У пацвярджэнне – дыплом І ступені, прывезены са сталіцы.
– Канкурэнцыя тады была вельмі моцная, бо за права звацца лепшымі змагаліся нават навучэнцы, што займаліся ў школах Германіі, – успамінае дзяўчына. – Скажу сумленна, шмат было патрачана нерваў, праліта слёз, ды вельмі прыемна, што апошнія з іх былі слязьмі радасці.
Гэта падштурхнула і сёлета зноў праверыць свае сілы. У Брэсце перавага Вольгі Чарнецкай была надзвычай пераканаўчай, бо нават удзельнік, што заняў другое месца ў абласным спаборніцтве, адстаў ажно на 10 балаў! Цяпер ліцэістку з Жабінкі зноў чакае фінал, у якім спадзяецца прайсці цярністай дарогай да вяршыні, якую асвоіла ўжо год таму. Што ж, паўтарэнне – маці вучэння… А сёння дзяўчына гаворыць:
– Хочацца шчыра падзякаваць сваёй настаўніцы Святлане Канстанцінаўне Пташнік за падтрымку, хваляванне за мяне і за тыя веды, што заклала ў маю галаву.
АЛЯКСАНДРА СТРЫЖАК таксама прыхільніца мовы, але рускай. У гэтым навучальным годзе яна стала ліцэісткай. Раней вучылася ў “суседнім калідоры” – у трэцяй гарадской. Схільнасць да мовы Пушкіна і Дастаеўскага адчула яшчэ ў пачатковых класах. Любоў да славеснасці прывіла першая настаўніца Алена Аляксееўна Букса, затым замацавала і развіла Соф’я Мікалаеўна Мамановіч, а зараз Саша займаецца ў Кацярыны Фёдараўны Місіюк, якой вельмі ўдзячная за веды і падтрымку. Акрамя названых педагогаў, словы падзякі адрасуе і Святлане Васільеўне Пятручык, што праводзіць факультатывы па рускай мове, якія дзяўчына ахвотна наведвае.
Раней, у сярэднім школьным звяне, ужо ўдзельнічала ў раённай алімпіядзе, дзе паказала добрыя веды, аднак найбольшы поспех чакаў сёння. У студзені гэтага года дзесяцікласніца ў складзе каманды ліцэістаў брала ўдзел у абласным этапе алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Вынік не проста абнадзеіў – узрадаваў: яна аказалася ў ліку прызёраў, атрымаўшы дыплом ІІІ ступені. Працавітасць самой ліцэісткі – складнік поспеху. Аднак сваёй перамогай дзяўчына абавязана таксама любімай настаўніцы. Адчувалася, у абласны этап трапілі не выпадковыя ўдзельнікі, настолькі сур’ёзнымі аказаліся іх веды. Таму шлях да перамогі быў напружаным. Тым прыемней “бронзавы” поспех на алімпіядзе.
АРЦЁМ МАРОЗ таксама мае трэцяе месца на абласной алімпіядзе. Чалавек ён сур’ёзны, як і кожны, хто займаецца матэматыкай. Завуч Ганна Іванаўна Васілюк гаворыць пра яго:
– Арцём – сапраўдны працаўнік, вельмі разнастайны ў сваіх захапленнях, надзвычай адказны і сумленны ва ўчынках, вызначаецца моцным жаданнем ва ўсім быць лепшым.
Да таго, як стаў ліцэістам, вучыўся ў Старасельскай школе, дзе таксама быў навідавоку, базавую адукацыю скончыў на выдатна. У 2014-ым да яго прыйшоў першы заслужаны поспех – адразу два дыпломы ў раёне за першае месца па рускай мове і гісторыі. Праз год усё паўтарылася: зноў дзве ўзнагароды, цяпер ужо за рускую мову і матэматыку. Сёлета менавіта апошні прадмет той поспех памножыў. Пад кіраўніцтвам Ніны Захараўны Старыцкай Арцём Мароз пераадолеў раённы этап спаборніцтваў юных інтэлектуалаў і стаў трэцім на абласным (дарэчы, гэта дае права выпускніку не здаваць экзамен па матэматыцы за курс сярэдняй школы).
– Гэты навучальны год для мяне сапраўды ўраджайны, – прызнаецца юнак. – Ужо маю ў “скарбонцы” чатыры дыпломы (акрамя названых, за веды ў фізіцы і рускай мове і літаратуры). Матэматыка – непаўторны свет лічбаў і задач, які мае прыцягальную сілу, ніколі мяне не стамляе, а наадварот, прыносіць толькі задавальненне і натхненне. Прыемна, калі знаходзіш правільнае рашэнне заданняў, міжволі адчуваеш: перад табой адкрываецца нешта таямнічае.
Алімпіяда для Арцёма – найбольш адказны і цікавы момант у жыцці. Сёлета яму пашчасціла пазнаёміцца з адукаванымі вучнямі і іх настаўнікамі з іншых раёнаў. Надзвычай прыемна было апынуцца ў асяродку аднадумцаў. Свае поспех і радасць цалкам падзяляе з Нінай Захараўнай, згадвае і былую настаўніцу матэматыкі са Старасельскай школы Марыю Васільеўну Яшчук.
…Дык куды ж імкнецца птушка-тройка? Вядома, да новых поспехаў. І не толькі ў навуцы, але ўвогуле ў жыцці. Бо маладыя з надзеяй пазіраюць у будучыню, дзе ўсё пакуль для іх толькі пачынаецца. Вольга ЧАРНЕЦКАЯ
На здымку: Вольга Чарнецкая.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.