Колькі важыць школьны ранец?

Колькі важыць школьны ранец?

IMG_1024
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Веды – сіла, а яшчэ – вага. Школьнікам з ранніх гадоў даводзіцца насіць у ранцах ці заплечніках па чатыры-пяць падручнікаў, сшыткі, спартыўную форму. Таму можна сказаць, што школьны партфель – цяжкая ноша. Вучні малодшых класаў штодзённа носяць на сваіх плячах па 3-5 кілаграмаў, старшакласнікі – нашмат больш. Між тым школьны ранец згодна з міжнароднымі нормамі павінен важыць не больш за 10% ад вагі дзіцяці.
Карэспандэнты раёнкі завіталі ў госці да вучняў трэцяй гарадской школы, каб вызначыць вагу іх ранцаў або заплечнікаў і камплектаў падручнікаў.
Першымі на эксперымент пагадзіліся трое вучняў 5 “Б” класа. У раскладзе на аўторак у іх значылася 5 урокаў: фізічная культура, беларуская літаратура, беларуская мова, англійская мова і матэматыка. Вага падручнікаў па гэтых прадметах склала 1,2 кг. Калі на вагі стала Ірына Грынчык, яны паказалі 25 кілаграмаў. Рукзак дзяўчынкі з усімі падручнікамі і прыладамі “пацягнуў” на 2,7 кг, паказаўшы перавышэнне нормы на 200 грамаў. А яшчэ трэба ўлічыць вагу спартыўнай формы, якая знаходзілася ў іншым пакеце і важыла 950 грамаў. Пяцікласнік Андрэй Шумінскі 35,5 кг, вага яго заплечніка ў той дзень склала 2,4 кг. Рукзак яго аднакласніцы Ангеліны Гарадкавец паказаў поўную адпаведнасць міжнародным нормам у адносінах да вагі дзяўчынкі: яго вага 3,3 кг, Ангеліны – 33,5 кг. Аднак мы з фотакарэспандэнтам не прамінулі пацікавіцца, чаму ён цяжэйшы за заплечнікі аднакласнікаў. Выявілася, што дзяўчынка ўзяла з сабою ў школу мастацкую кнігу, дый папка са сшыткамі ў яе была ўнушальнай.
У вучаніцы 7 “А” класа Насці Юдчыц у аўторак 6 урокаў: інфарматыка, англійская мова, руская мова, матэматыка, геаграфія і фізіка. Гэта самы складаны па насычанасці вучэбны дзень у школьніцы і самы цяжкі ранец з усіх узважаных намі. Вага дзяўчынкі склала 44 кілаграмы, яе заплечніка – 3,8 кг.
Другакласніцы Аляксандра і Ульяна Мароз (на здымку) заважылі амаль аднолькава: Саша – 23,1 кг, Ульяна – 23,2 кг. А вось вага заплечнікаў дзяўчынак адрознівалася істотна: 2,7 і 3,2 кг адпаведна. Больш “запаслівая” Ульяна, акрамя падручнікаў па літаратурным чытанні, беларускай мове і матэматыцы, паклала мастацкую кніжку на групу падоўжанага дня. У абедзвюх сястрычак – перавышэнне вагі рукзакоў. Адзінае, што ратуе малодшых школьнікаў увогуле: часта (а некаторым пастаянна) ранцы ім падносяць бацькі або старэйшыя браты і сёстры.
А вось старшакласнікі ўвогуле хітрыя: дамаўляюцца з суседзямі па парце, хто якія падручнікі сёння-заўтра возьме. Таму заплечнік вучня 11 “А” класа Кірыла Гадулькі заважыў усяго 3,3 кг пры вазе хлопца 60 кг. У яго “партфелі” 4 падручнікі з 6-ці патрэбных.
Як бачым, у траіх з сямі вучняў, што прынялі ўдзел у эксперыменце, назіраецца перавышэнне вагі ранцаў. Перавышэння вагі штодзённага камплекта падручнікаў мы не выявілі.
Безумоўна, асновай усяго з’яўляецца здароўе, а цяжкія ранцы і заплечнікі – рэальная пагроза парушэння паставы школьніка, нагрузка на яго сардэчна-сасудзістую сістэму. Пакуль вучань з непасільным грузам за плячыма дойдзе да школы, стоміцца да знямогі, і гэта дрэнна скажацца на працаздольнасці. Стомленае дзіця не адразу можа ўключыцца ў работу, ад гэтага церпіць паспяховасць. Таму дадзеная праблема павінна пастаянна знаходзіцца ў полі зроку настаўнікаў, бацькоў і вучняў.

Да тэмы
У адпаведнасці з санітарнымі нормамі і правіламі маса штодзённага камплекта падручнікаў для навучэнцаў 1-2 класаў павінна складаць 1,5 кг, для 3-4 класаў – 2,5 кг, 5-6-ых – 3 кг, 7-8-ых – 3,5 кг, 9-11-ых – 4 кг. Каб зменшыць вагу камплекта падручнікаў, у памяшканнях для вучняў пачатковых класаў абсталёўваюцца шафкі-ячэйкі для захоўвання школьных прылад і спартыўнай формы. Што тычыцца вагі пустога школьнага партфеля, ранца ці рукзака, то яна не павінна перавышаць 700 грамаў для вучняў 1-4 класаў і 1 кг для 5-11-класнікаў. (Дарэчы, ранец, безумоўна, варыянт лепшы, чым заплечнік. І насіць яго пажадана як мінімум да пятага класа.)

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro