Боль не бывае чужым

Боль не бывае чужым

IMG_4700

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
ЗВЫЧАЙНАЯ ГІСТОРЫЯ з савецкіх часоў. Тата – беларус, мама – расіянка, а сустрэліся ў Казахстане, дзе малады механізатар з Бярозаўшчыны Уладзімір Іванавіч Гарбузаў падымаў цаліну. З дзясятак гадоў “інтэрнацыянальная” сям’я пражыла ў пасёлку Чарняхоўскі, дзе тата быў брыгадзірам трактарнай брыгады. Там, у сталіцы цаліннага краю, Цалінаградзе, і нарадзілася Аксана Максімук (у дзявоцтве Гарбузава). Прычым, завітала на гэты свет не адна…
Ужо шмат гадоў пазней на нейкім семінары, што ладзіўся ў горадзе над Бугам, урач-педыятр Святлана Пятроўна Дзеружкова сустрэла жанчыну і здзіўлена спыталася: “Аксана, а чаго ты ў акулярах?!” У адказ пачула ад… Алены: “Я не Аксана, я сястра яе!” Не дзіўна, што памылілася: у блізнят адзін твар ды розніца ўсяго пяць хвілін… І справай займаюцца роднаснай: Алена – загадчык аптэкі ў Бярозаўскай райбальніцы, Аксана кіруе Старасельскім ФАПам на Жабінкаўшчыне (абедзве адвучыліся ў медыцынскіх каледжах – першая ў Магілёве, другая – у Брэсце).
…Але ж вернемся зноў у мінулае. У 1975 годзе бацькі з пяцігадовымі дачушкамі пераехалі з казахстанскіх стэпаў у лясную Беларусь, дзе нават родны бацькаў горад названы ў гонар дрэва – Бяроза. Аксана першай вырашыла пракласці дарогу ў медыцыну, хоць мама Еўдакія Рыгораўна і хацела, каб дачка стала настаўніцай. Ды тая адчувала: для яе боль не бывае чужым, а таму марыла аб вельмі няпростай прафесіі медыка. Спачатку ўладкавалася санітаркай, пачула ад больш вопытных:
– Толькі рукі ў кішэнях не трымай, калі будзеш прытомнасць губляць, каб паспелі падхапіць…
Аднак, хоць і цяжка было першым часам, трымалася, бо зарок сабе дала далучыцца да кагорты людзей у белых халатах. 1 красавіка 1992 года лёс “пажартаваў”. Аксана Уладзіміраўна прыехала ў Жабінку на нараду і атрымала прапанову ўзначаліць фельчарска-акушэрскі пункт у Старым Сяле. Часова, на замену. Аказалася – назаўсёды… Бо ўжо амаль чвэрць стагоддзя працуе ў гэтым вялікім населеным пункце, дзе карыстаецца павагай аднавяскоўцаў.
– Дзеткі, народжаныя ў 1992 го-дзе, – мае першыя, самыя памятныя, – прыгадвае Аксана Максімук. – Даглядала, лекавала іх строга з рэкамендацыямі, як вучылі ў кале-джы. А далей пакрысе да тэорыі далучалася і практыка. Выклікі – нягле-
дзячы на тое, ці дзень, ці ноч на двары… Слоту, мароз або гарачыню прыносіць надвор’е, ды праца кліча ў дарогу. У цёмны час сутак нават страшна бывала часам. Толькі прыязджаю з аднаго выкліку, а ўжо машына чакае, каб везці на новы. Тады і пазнаёмілася з Іванам Іванавічам Максімуком, добрым хлопцам. На жаль, не было наша агульнае шчасце доўгім. Усяго два гады ды два месяцы… Сама медык, але мужа свайго ад невылечнай хваробы не ўратавала… Добра, што сын паспеў нарадзіцца, назвалі Уладзімірам, у гонар майго бацькі.
Да пазалеташняга снежня Аксана Уладзіміраўна працавала ў старым будынку ФАПа, а два гады таму перайшла ў новы, размешчаны ў самым цэнтры Старога Сяла.
– Вось працэдурны кабінет, – праводзіць невялічкую экскурсію па будынку загадчык фельчарска-акушэрскага пункта, – тут робім ін’екцыі, прышчэпкі, штосераду прыязджае ўрач з Азяцкай амбулаторыі Генадзь Мікалаевіч Якубоўскі. Абслугоўваю і школьнікаў Старасельскай адзінаццацігодкі, у якой займаецца пад сотню дзяцей. А вось кабінет акушэрскі (зноў жа кожную сераду з Азят наведваецца паважаная Марыя Васільеўна Яшчук). Дарэчы, пасля таго як некалькі гадоў таму нашу вёску газіфікавалі, прыкметна больш стала маладых сем’яў. Таму цяпер паселішча старое толькі па назве.
Вельмі важна для вяскоўцаў і тое, каб заўсёды быў належны асартымент лекаў і медыкаментаў у аптэчным пункце. Пра гэта таксама паўсядзённы клопат Аксаны Максімук. А яшчэ праводзяцца патранажы (агляд на доме) як дарослых, так і дзяцей, асаблівая ўвага – інвалідам, ветэранам. І, канечне ж, штодзённая справа – выклікі да хворых.
Штогод – перапіс насельніцтва, якое абслугоўвае Старасельскі ФАП. Зараз у вёсцы пражываюць амаль чатыры сотні чалавек, на карысць іх здароўя і працуе вясковы фельчар.
На здымку: загадчык ФАПа ў Старым Сяле Аксана Уладзіміраўна МАКСІМУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro