СУПРАЦОЎНІЦТВА ПРЫНОСІЦЬ КАРЫСЦЬ

СУПРАЦОЎНІЦТВА ПРЫНОСІЦЬ КАРЫСЦЬ

IMG_5119

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

Трайное супрацоўніцтва прыносіць агульную карысць. Гэтая думка чырвонай ніткай праходзіла праз усё сумеснае пася-джэнне прадстаўнікоў прафсаюзнага, ветэранскага і моладзевага грамадскіх аб’яднанняў Жабінкаўшчыны, якое ладзілася 26 студзеня на базе ПМК-19.

Патрэбна зберагаць мінулае сваё

АМАЛЬ ГОД мінуў з часу, калі тры найбольш масавыя грамадскія IMG_5112аб’яднанні Жабінкаўшчыны падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве на 2016-2020 гады. Бакі дамовіліся супольна дзейнічаць на карысць сацыяльнай абароны пажылых людзей і ветэранаў, дзеля грамадска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення і правядзення шэфскай дапамогі. Сёлетняе пашыранае пасяджэнне прэзідыумаў раённага аб’яднання прафсаюзаў, раённага савета ветэранаў і бюро райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” падвяло вынікі таму, што ўжо зроблена агульнымі намаганнямі і вызначыла шляхі далейшага руху наперад.
У пачатку сваёй справаздачы старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Уладзіміраўна Калыбская падзякавала кіраўніку ПМК-19 Пятру Уладзіміравічу Вайноўскаму за магчымасць на ўласныя вочы пабачыць, з якой павагаю адносяцца жабінкаўскія меліяратары да свайго мінулага. Насамрэч, пасяджэнню папярэднічала экскурсія па гісторыка-экспа-зіцыйным комплексе развіцця меліярацыйных зямель.
Адной з падстаў для сустрэчы стала таксама абнаўленне мемарыялу “Курган Славы” пад Мінскам. За гэтую высакародную справу, арганізаваную і праведзеную Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, сёлета 10 студзеня беларускія прафсаюзы атрымалі з рук кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі высокую ўзнагароду – прэмію “За духоўнае адраджэнне”. Кароткі відэаролік, які пабачылі прысутныя, напомніў пра гэты прыемны момант.
– Аднак добраўпарадкаванне Кургана Славы на гэтым не завяршылася, – пракаменціравала Ніна Уладзіміраўна. – У планах ФПБ – пошук зніклай баявой тэхнікі, якая пасля рэканструкцыі зойме належнае месца ля падножжа Кургана, стане цікавым дапаўненнем музея пад адкрытым небам. Плануецца, што менавіта на гэта і далейшае добраўпарадкаванне пойдуць грашовыя сродкі прэміі.
Да слова, мемарыяльны комплекс паблізу сталіцы – далёка не адзіны аб’ект вайсковай славы, над якім узялі шэфства прафсаюзы. У кожнай вобласці і кожным раёне ёсць памяткі часоў вайны, што патрабуюць нагляду. Не стаяць у баку ад гэтай добрай справы і нашы землякі. Сёння на Жабінкаўшчыне 45 воінскіх пахаванняў і помнікаў, адзін з найбольш вядомых – мемарыяльны комплекс “Драмлёва”, размешчаны паблізу Сцяпанак. Тэму 75-годдзя з дня знішчэння нашай “вогненнай вёскі” ўзнімаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Вітальевіч Шалтанюк, які выказаў спадзяванне, што грамадскія аб’яднанні раёна прымуць актыўны ўдзел у абнаўленні мемарыяльнага комплексу, які запланаваны да ўгодкаў сумнага юбілею. А сёння ўзнагароду з рук Ніны Калыбскай за нагляд, за належны парадак на святым месцы атрымаў старшыня Сцяпанкаўскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Георгіевіч Ягорчанкаў. Граматы раённага аб’яднання прафсаюзаў атрымалі таксама стараста вёскі Арэпічы Іван Іванавіч Нікіцюк, які клапоціцца пра магілу воіна-танкіста Фёдара Рацюка, што загінуў у ліпені 1944-га пры вызваленні краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і намеснік дырэктара ў вучэбна-выхаваўчай рабоце Старасельскай сярэдняй школы Алена Іванаўна Зінкевіч – за клопат пра мясціны, звязаныя з партызанскім атрадам імя Міхаіла Чарнака. За актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі таксама ўганараваныя граматамі старшыня прафкама ПМК-19 УП “Брэстводбуд” Валянціна Міхайлаўна Ляўчук, якая пачула словы падзякі ў свой адрас за экскурсію па комплексе развіцця меліярацыйных зямель, а таксама дырэктар раённага гісторыка-краязнаўчага музея Жанна Мікалаеўна Падрубная і настаўніца гісторыі з гарадскога ліцэя Эліна Уладзіміраўна Чарнецкая, якія распрацоўваюць праект “Сведкі вайны”, занатоўваючы гісторыю ліхалецця ва ўспамінах тых, хто перажыў яго і захаваў у памяці для нашчадкаў.

З клопатам пра пажылых

ПРАКТЫЧНА ВА ЎСІХ калектыўных дагаворах, якія дзейнічаюць у арганізацыях і на прадпрыемствах раёна, ёсць раздзел “Сацыяльная абарона пажылых лю-дзей, ветэранаў арганізацыі, Вялікай Айчыннай вайны, пенсіянераў, інвалідаў”. Самыя распаўсюджаныя нормы – гэта аказанне матэрыяльнай дапамогі тым, хто змагаўся з ворагам у час ліхалецця, і ў сумных выпадках, звязаных са смерцю былых працаўнікоў. Шэраг дагавораў сельскагаспадарчых арганізацый маюць нормы аб выдзяленні транспартных сродкаў, тэхнікі для апрацоўкі прысядзібных участкаў з аплатай у памеры 50 працэнтаў за карыстанне ёю; аб продажы кармоў, зноў жа за палову кошту, ды зерня па льготнай цане.
На сустрэчы былі агучаны станоўчыя прыклады адносінаў да людзей вельмі паважанага ўзросту.
Так, не забываюць пра ветэранаў і ў ПМК-19. Адміністрацыя, прафсаюзны камітэт і савет ветэранаў дамовіліся праводзіць аднаразовыя выплаты пенсіянерам-інвалідам да Дня інвалідаў у памеры трох базавых велічынь. Былыя працаўнікі ўшаноўваюцца ў сувязі з прафесійным Днём меліяратара, святамі жанчын, пажылых людзей, маці. Памер матэрыяльнай дапамогі – да пяці базавых, выдзяляюцца сродкі і на нарыхтоўку гародніны, і для набыцця навагодніх падарункаў. Ветэранскую арга-нізацыю меліяратараў узначальвае былая старшыня прафкама Валянціна Іванаўна Качко (хоць, як адзначалася, “былых” прафсаюзных работнікаў, па шчырасці, не бывае).
Сярод сельгаспрадпрыемстваў яскравы прыклад клопату аб пажылых – калектыўны дагавор СВК “Рагазнянскі”. Пенсіянерамі тут лічаць тых, хто адпрацаваў у калектыве 10 і больш гадоў і пайшоў на заслужаны адпачынак з арганізацыі. Да гэтай катэгорыі адносяць і працаўнікоў, што звольніліся па стане здароўя да дасягнення пенсійнага ўзросту. Родная гаспадарка аказвае ім матэрыяльную дапамогу ў сувязі з юбілейнымі датамі, да дня “залатога” вяселля, святаў жанчын і абаронцаў Айчыны, пажылых людзей і маці, перад Новым годам пенсіянераў таксама чакаюць падарункі. Не застаюцца па-за ўвагаю і інваліды Вялікай Айчыннай, сем’і загінулых, вязні, воіны-інтэрнацыяналісты, удзельнікі ліквідацыі аварыі ў Чарнобылі. Калі ў дом завітае бяда, калгасныя пенсіянеры атрымліваюць дапамогу для пахавання блізкіх родзічаў, у сувязі са смерцю самога пенсіянера – ягонай сям’і, акрамя грашовай падтрымкі, бясплатна выдзяляецца транспарт, набываюцца рытуальныя прыналежнасці. Паводле рашэння праўлення пажылым бясплатна выдаткоўваюцца прадукты (звычайна гэта робіцца да Дня працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці).
Асобна добрых слоў заслугоўвае вядомы на Жабінкаўшчыне калектыў “Тонус”, які паўдзельнічаў у заключным гала-канцэрце ХІІІ Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў “Не старэюць душой ветэраны”, арганізаваным Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, Міністэрствам культуры і Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў.
Кіраўнік раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Аляксандравіч Старыцкі, са свайго боку, адзначыў мінулагодні актыўны ўдзел прадстаўнікоў суполкі ў галоўным палітычным мерапрыемстве краіны – выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Прынамсі, у якасці назіральнікаў, накіраваных у склад акруговай выбарчай камісіі і на кожны выбарчы ўчастак. Акрамя таго, рэгулярна абследуюцца матэрыяльна-бытавыя ўмовы жыцця ветэранаў Вялікай Айчыннай, правяраецца стан помнікаў баявой славы.

Ёсць справы многія, моладзі падуладныя

У МНОГІХ ПАЧЫНАННЯХ праяўляюць сваю актыўнасць і маладыя людзі. Пра тое гаварыла першы сакратар райкама ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Марыя Сяргееўна Сянішына. Сярод добрых спраў, якія дачакаліся маладых рук і запалу, – акцыя “Абавязак” у добраўпарадкаванні мемарыялаў, стэл, абеліскаў, пахаванняў загінулых у гады мінулай вайны, месцаў масавых катаванняў мірных жыхароў, прывядзенне ў належны стан магіл ветэранаў камсамола. З гэтай нагоды таксама праведзены месячнік “Захаваем памяць на вякі”. Маладыя жабінкаўскія актывісты прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскіх акцый “Кветкі Вялікай Перамогі” і “Бессмяротны полк”. У рамках яшчэ адной акцыі, названай “Ні дня без добрых спраў”, валанцёры атрада ГА “БРСМ” “Добрае сэрца” аказалі дапамогу ветэранам вайны і працы, пажылым людзям, што пражываюць адзінока. Штогод ладзіцца дабрачынная акцыя “Мы выбіраем дапамогу пажылым лю-дзям”, пад час якой нарыхтоўваецца сельгаспрадукцыя. Пры правядзенні патрыятычных мерапрыемстваў, прысвечаных дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь, ветэраны запрашаюцца для ўдзелу ў іх: сустракаюцца з навучэнцамі школ, моладдзю раёна. Стала добрай традыцыяй уручаць білеты членам ГА “БРСМ” у памятных мясцінах з удзелам ардэнаносцаў, заслужаных ветэранаў вайны і працы, камсамольскага і піянерскага руху. Ужо другі год моладзь Жабінкаўшчыны актыўна ўдзельнічае ў абласным форуме “Прыбужжа”, арганізаваным грамадскім аб’яднаннем і прафсаюзным камітэтам.
Дзейнасць у рэалізацыі сумеснага плана прафсаюзаў, ветэранскай і моладзевай арганізацый шырока асвятляецца на старонках сродкаў масавай інфармацыі.
Падводзячы рысу пад размовай, старшыня раённага аб’яднання заўважыла:
– Відаць, не заўсёды самае галоўнае ў нашай агульнай працы – аказанне матэрыяльнай дапамогі. У час сказанае добрае слова, віншаванне з днём нараджэння, хоць і па тэлефоне – на першы погляд, “дробязі” не менш важныя для любога чалавека. Сярод вялікіх спраў не будзем забываць і аб гэтым.
На здымках: грамату за захаванне гістарычнай спадчыны з рук старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніны КАЛЫБСКАЙ атрымлівае стараста вёскі Арэпічы Іван НІКІЦЮК; удзельнікі пашыранага пасяджэння пад час наведвання гісторыка-экспазіцыйнага комплексу развіцця меліярацыйных зямель.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro