Задача сучаснай школы – выхаваць грамадзяніна, сем’яніна і прафесіянала

IMG_1115 IMG_1145 IMG_1146 IMG_1172 IMG_1187 IMG_1222

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.
З трохдзённым рабочым візітам на Брэстчыне пабываў міністр адукацыі краіны Ігар Карпенка. У яго рамках ён наведаў і наш раён.
У ПЯТНІЦУ, 27 студзеня, у актавай зале райвыканкама Ігар Карпенка сустрэўся з гаспадарчым і педагагічным актывам Жабінкаўшчыны. Сустрэча адбылася ў рамках работы Рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы па тэме “2017 год – Год навукі”. У ёй таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка, начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі і старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі.
Ігар Васільевіч паведаміў прысутным, што галоўнымі арганізацыямі, якія адказваюць за каардынацыю ўсёй навуковай дзейнасці ў краіне, з’яўляюцца Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. Сістэму адукацыі цяжка ўявіць без навуковых даследаванняў, яны право-дзяцца ў розных накірунках і абласцях, так як яна ўключае ў сябе вышэйшую адукацыю, а гэта 51 ВНУ. Ёсць базавыя кафедры, якія праводзяць тыя ці іншыя даследаванні, ёсць навукова-даследчыя інстытуты, што працуюць па пэўных тэмах. На гэтую дзейнасць існуе дзяржзаказ. Дзяржава выбірае прыярытэтныя накірункі і ў выглядзе грандаў і мэтавых сродкаў фінансуе ў першую чаргу практыка-арыентаваныя навуковыя даследаванні, якія дазваляюць укараняць іх вынікі ў рэальны сектар эканомікі і атрымліваць пэўныя дасягненні. У краіне праводзяцца і фундаментальныя даследаванні, без іх не можа быць навукі і падрыхтоўкі ў сістэме вышэйшай адукацыі.
З усіх даследаванняў, якія ажыццяўляюцца ў Беларусі паводле дзяржзаказу, каля 40 працэнтаў іх праводзіцца ў сістэме Міністэрства адукацыі, а таксама сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.
Гаварыў Ігар Карпенка і пра новыя галіны ў эканоміцы нашай краіны, якія з’явіліся дзякуючы ўкараненню ў вытворчасць прарыўных навукаёмкіх тэхналогій. З запускам уласнага спадарожніка Беларусь сёння ў ліку касмічных дзяржаў, свае навінкі на айчынным і замежным рынках прадстаўляе беларускі ваенпрам, карыстаецца попытам у нашых гандлёвых партнёраў і тэхніка Мінскага завода калёсных цягачоў, а развіццё ядзернай энергетыкі ў краіне дазволіла нам будаваць сваю атамную электрастанцыю, што дасць эканамічную і энергетычную незалежнасць будучым пакаленням.
Размова ішла і пра тое, як сёння зацікавіць і прыцягнуць моладзь у навуковую дзейнасць, у якім накірунку развіваць профільнае навучанне ў сістэме сярэдняй адукацыі, на што яго арыентаваць. Міністр падкрэсліў, што сёння краіне патрэбны тэхнолагі, інжынеры, урачы, біёлагі, хімікі, таму і профілі павінны адкрывацца з гэтым улікам: фізіка-матэматычныя і хіміка-біялагічныя. Ігар Карпенка падкрэсліў, што профільнае навучанне – гэта ў першую чаргу стварэнне магчымасцей для дзяцей, якія паказваюць высокія вынікі і якія патрэбны ВНУ.
У заключэнне ён рэзюмаваў, што перад сённяшняй навукай стаяць вялікія задачы. Мы павінны яе развіваць, падтрымліваць, укладваць туды сродкі, а ў перспектыве атрымліваць вынікі, якія будуць укараняцца ў айчынную эканоміку і даваць пэўны эфект. Навука сёння знаходзіцца на варце нацыянальнага суверэнітэту і дзяржаўнай ідэалогіі, якія ўмацоўваюцца і абараняюцца поспехамі і дасягненнямі нашых вучоных.
Пасля свайго выступлення Ігар Васільевіч адказаў на шэраг пытанняў. Яны тычыліся магчымасці змен у вучэбных праграмах на 2017/2018 навучальны год, арганізацыі профільнага навучання ва ўстановах сярэдняй адукацыі, атэстацыі педагогаў-прадметнікаў, якія працуюць выхавальнікамі ў дзіцячых садах, забеспячэння нагрузкай сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў у сельскіх школах, навучання дзетак з аўтызмам і забеспячэння іх выхавальнікамі-цьютарамі, усынаўлення дзяцей, якія знаходзяцца ў замяшчальных сем’ях, а іх бацькі не могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў.
У СУБОТУ, 28 СТУДЗЕНЯ, Ігар Карпенка разам з начальнікам упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрыем Прасмыцкім і старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім наведаў першую гарадскую школу. Дырэктар установы Міхаіл Савянкоў пазнаёміў гасцей з рэжымам работы ўстановы, яе сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базай, педагагічным саставам. Пра тое, як праходзіць шосты школьны дзень, расказала намеснік дырэктара ў выхаваўчай рабоце Таццяна Казей. Яго прыярытэтнымі накірункамі з’яўляюцца арганізацыя вольнага часу навучэнцаў і развіццё іх здольнасцей праз прыцягненне ў работу школьных аб’яднанняў па інтарэсах. Работа будуецца з улікам пэўных традыцый, сацыяльнага акружэння і запытаў удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Ігар Васільевіч наведаў факультатыўныя заняткі па нямецкай і рускай мовах у адзінаццатых класах, пазакласныя мерапрыемствы па беларускай мове і ў бібліятэцы, якія ладзіліся для васьмікласнікаў, а таксама занятак у аб’яднанні па інтарэсах “Творчыя майстэрні” з удзелам бацькоў школьнікаў. Пад час сустрэчы з міністрам дзеці расказвалі пра сваю вучобу, дзяліліся планамі на будучае.
Ігар Карпенка пабываў і на кансультацыі па адаптацыі вучняў да навучання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі, якую арганізавалі для татаў і мам пяцікласнікаў педагог-псіхолаг і сацыяльны педагог школы. У размове з бацькамі міністр закрануў праблему іх эфектыўнага ўзаемадзеяння з педагогамі, гаварыў аб укараненні электроннай школы і дзейнасці бацькоўскіх камітэтаў і апякунскіх саветаў. Ігар Карпенка падкрэсліў, што бацькі павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу і арыентаваць дзяцей не толькі на паступленне ў ВНУ, але і ва ўстановы сярэдне-спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Галоўнае – не атрыманне вышэйшай адукацыі, а мэтанакіраваная падрыхтоўка навучэнцаў да дарослага жыцця, іх паспяховая сацыялізацыя. Ён адзначыў, што галоўная задача бацькоўскіх камітэтаў і апякунскіх саветаў школ не ў зборы грашовых сродкаў, а перш за ўсё ў сумесным удзеле ў вырашэнні розных праблем адукацыйнага працэсу, асабліва ў выхаванні моладзі.
У той дзень у школе праходзіла раённая навукова-практычная канферэнцыя “З навукай у будучыню”, у якой прымалі ўдзел вучні 3-4 класаў. Аквапарк будучага, які прыдумаў чацвёртакласнік першай гарадской школы Данік Данілюк, зацікавіў і міністра. Ігар Васільевіч запрасіў юнага даследчыка разам з мамай наведаць аквапарк у сталіцы.
Потым адбылася сустрэча міністра з працоўным калектывам школы. Пад час працяглай зацікаўленай размовы, якая мела форму свабоднага дыялогу, абмяркоўваліся актуальныя пытанні сучаснай адукацыі. Яны тычыліся падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, работы з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця, атрымання чацвёртага сертыфіката на ЦТ, магчымасці змен у нормах пісьмовага маўлення ў бок іх паслаблення з прычыны малачытаемасці вучняў і падзення іх пісьменнасці, аплаты за праверку сшыткаў з улікам напаўняльнасці класа, мэтанакіраванасці профільнага навучання і многага іншага.
Міністр паставіў установе “дзясятку” за цесную ўзаемасувязь школы з бацькамі. Такі вывад ён зрабіў пад час гутаркі з татамі і мамамі пяцікласнікаў.
Ён агучыў задачы сучаснай школы: яна павінна забяспечыць дзяцінства і падрыхтаваць школьнікаў да выхаду ў самастойнае жыццё. Міністр падкрэсліў, што сённяшняя сістэма адукацыі на першае месца ставіць выхаванне грамадзяніна, на другое – сем’яніна і толькі потым прафесіянала.
Ігар Васільевіч заклікаў педагогаў да арганізацыі шостага школьнага дня без фармалізму і да актыўнага ўдзелу ў аналізе падручнікаў для ўнясення ў іх неабходных карэктываў. Заклікаў таксама надаваць асаблівую ўвагу якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу, падрыхтоўцы прафесійных кадраў для айчыннай, а не замежнай эканомікі.
Міністр падзяліўся з педагогамі сваімі ўражаннямі ад паездкі па Брэстчыне. Ён прызнаўся, што ні адзін міністр адукацыі не зможа эфектыўна працаваць без апоры на настаўніцтва, і толькі сумесна можна вырашыць многія задачы і праблемы.
Педагагічнаму калектыву першай школы Ігар Карпенка пажадаў руху ідэй. Дзякуючы ім узнікнуць новыя падыходы ў навучанні і выхаванні, школа будзе развівацца, ісці ўперад, мець свае поспехі і дасягненні.
На памяць пра цёплую сустрэчу госці атрымалі ад школьнікаў памятныя падарункі і пачулі паэтычныя радкі Васіля Сахарчука, прысвечаныя нашаму гораду.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.