Пастрашыў бабулю ўнук

Пастрашыў бабулю ўнук

фемида

Здаецца, неаспрэчная жыццёвая аксіёма: старасць трэба шанаваць і паважаць, прыслухоўвацца да парад людзей у паважаным узросце, а не так, як павёў сябе герой, а лепш сказаць антыгерой нашага расповеду.
…І праўда, каму можа падабацца, калі маладому чалавеку дваццаць гадоў, а ён нідзе не працуе, да таго ж, захапляецца таксікаманіяй?! Мусіць, нікому. Алег Я. жыве з бабуляй. З-за бесшабашнага Алегавага жыцця і ўзнікаюць нярэдка ў доме канфліктныя сітуацыі.
Бабуля часам скардзіцца на ўнука, нават звоніць у аддзел міліцыі, просіць дапамагчы паставіць яго на правільны шлях. Самой не справіцца з маладзёнам, бо гадоў пад восемдзясят ужо налічвае жанчына, дый перанесена некалькі інсультаў, пасля чаго парушылася мова і рухацца стала значна цяжэй…
У той дзень, як Алег вярнуўся з вуліцы, бабуля была адна ў доме. Калі пабачыла, у якім стане ўнук, стала папракаць яго: маўляў, пара ўжо не біць лынды, а займацца чым-небудзь патрэбным, сабе і людзям карысным. Аднак яе папрокі толькі раззлавалі хлопца. Ён зайшоў у бабулін пакой і, не зважаючы, што перад ім пажылы чалавек і блізкі родзіч, нанёс пяць удараў далонню рукі па галаве старой.
Алег разумеў: жанчына зараз зноў набярэ 102 і паскардзіцца праваахоўнікам, таму вырашыў папалохаць яе. Вялікаўзроставы дзяцюк нават заявіў, што заб’е, калі тая выкліча ўчастковага. Бабуля, і праўда, спалохалася не на жарт і пачала крычаць. Баючыся, што яе лямант нехта пачуе, Алег падышоў да старой ззаду, абхапіў адной рукой яе шыю, а другой – стаў закрываць рот і нос.
Тут жанчына спалохалася яшчэ больш, крычала, валтузілася. Гэтая барацьба доўжылася секунд дзесяць. Затым Алег вырашыў, што старую напалохаў у дастатковай меры, і адпусціў сваю ахвяру. А каб яна не пазваніла, адключыў тэлефонны апарат і схаваў пад стол. Сам жа пайшоў на вакзал для таго, каб з’ездзіць у Кобрын “развеяцца”.
Пасля вяртання ён па-ранейшаму жыве з бабуляй. Як гаварыў на судзе, болей не канфліктуе, не аднойчы прасіў у яе прабачэння за свае ганебныя ўчынкі.
Алег Я. прызнаны вінаватым у пагрозе забойства, і ў бабулі баяцца гэтага былі ўсе падставы, а значыць, малады чалавек здзейсніў злачынства, якое падпадае пад артыкул 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. На аснове яго суд назначыў Алегу Я. пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на адзін год з утрыманнем 10 працэнтаў заробку ў даход дзяржавы.
Апроч таго, у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 107 Крымінальнага кодэкса да абвінавачанага былі прыменены прымусовыя меры бяспекі і лячэнне супраць таксікаманіі.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro