Юбілей адзначае настаўніца і добры чалавек Клаўдзія Паўлаўна Антанюк. Ёй 80 гадоў, яна былы педагог. “Галоўнае для настаўніка, – часта гаварыла сваім калегам Клаўдзія Паўлаўна, – выхаваць не проста добрага вучня, а асобу, якая зойме годнае месца ў грамадстве. Менавіта гэтаму я прысвяціла сваё жыццё”.
Нарадзілася яна ў 1937 годзе ў беднай сям’і ў невялічкай вёсцы на Магілёўшчыне. У сям’і было 11 дзяцей. З дзяцінства пазнала і холад, і голад. За сем кіламетраў ад дому была сярэдняя школа, і кожны дзень пешшу дабіралася да яе. Любімая дзіцячая гульня ў “школу” спакваля рыхтавала глебу для будучай прафесіі. Пасля заканчэння дзесяці класаў Клаўдзія Паўлаўна паступіла ў Магілёўскае дашкольнае педвучылішча. Свой працоўны шлях пачала ў Крывічах на Міншчыне ў якасці выхавальніцы дзіцячага сада. Пасля паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя Максіма Горкага на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта.
Аднойчы яна прыехала ў госці да старэйшай сястры Раісы, якая жыла з сям’ёй у Каменцы і працавала загадчыцай аптэкі, і сустрэла там сваё каханне ў асобе прыгожага хлопца Аляксея. Так стварылася ладная маладая сям’я Антанюкоў, якая прыжылася ў Маціевічах – на радзіме мужа. Жанчына пачала працаваць настаўніцай беларускай і нямецкай моў у мясцовай васьмігодцы. Гэта былі цікавыя, запамінальныя гады. У сям’і падрасталі дзеці: дачка Ірына і сын Ігар. Усім патрэбна была ўвага: рабоце, дзецям, вучобе. Руплівая Клаўдзія Паўлаўна спраўлялася з гэтым. Яна ўспамінае: “Прыемна было працаваць, калі завучамі былі Вольга Ануфрыеўна Даўгялюк і Марыя Барысаўна Плечка. Гэтыя шчырыя, сардэчныя педагогі дапамагалі мне ў працы”.
Потым на працягу 20 гадоў (з 1972 па 1992 год) мовавед выкладала свой любімы прадмет у другой гарадской школе. Самымі цёплымі словамі яна ўспамінае калег той пары: дырэктара школы Мікалая Пятровіча Кавальчука, завуча Валянціну Аляксандраўну Лабушаву, Людмілу Мікітаўну Гардзееву, Ірыну Аляксандаўну Зотаву, Агаф’ю Сяргееўну Пятручык.
Калі Клаўдзія Паўлаўна сустракаецца з былымі вучнямі, яны абавязкова цікавяцца яе справамі, віншуюць са святамі. І дома не змаўкае тэлефон у святочныя дні. Сярод яе вучняў Віктар Даўгялюк, Ірына Малчанава, Алёна Заікіна, Людміла Філіновіч, Анатоль Пракапук, Андрэй Гінь і іншыя. А такія вучні, як Святлана Паўлюковіч (Грэтчанка), Ірына Маёрава, Ларыса Яшчук, сталі настаўнікамі. Яны яе крыніца радасці, захаплення.
Паважаюць і любяць Клаўдзію Паўлаўну суседзі за тое, што яна шчырая і бескарыслівая, ніколі нікога не абразіць, падкажа, дапаможа ў цяжкіх сітуацыях. Яна таксама ўдзячна сваім сяброўкам Надзеі Заціраха і Надзеі Юрчук за дапамогу і ў радасці, і ў горы. А гора на яе жыццёвым шляху хапала. У самым росквіце сіл захварэла і памерла дачка Ірына. Потым пайшоў з жыцця і муж Аляксей. Засталася яна з сынам-інвалідам ды з дзвюма ўнучкамі – Юліяй і Аняй. Да цяперашняга часу крывавяць гэтыя раны. Унучкі шчыра хіляцца да сваёй бабулі, а яна, чым можа, дапамагае ім. Зараз у іх свае сем’і, дзеці.
Чым зараз жыве ветэран працы? Многа чытае, дапамагае сыну ўдзельнічаць у конкурсе крыжаванак, дзе ён займае першыя месцы, да нядаўняга часу садзіла агарод. А найбольшую радасць жанчына адчувае ад сустрэчы з унучкамі і двума праўнукамі. Яны часта наведваюць яе, жадаюць ёй здароўя і даўгалецця. А мы, суседзі і калегі Клаўдзіі Паўлаўны, таксама далучаемся да гэтых пажаданняў. З днём нараджэння!
Вера МАНДРЭНКА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%
Оставить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.