Пра веды, кветкі, падарожжы

Пра веды, кветкі, падарожжы

Наталья Окулич

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота з сямейнага архіва Наталлі Акуліч.
У розныя часы каля трох дзясяткаў жабінкаўцаў будавалі свой жыццёвы шлях у акадэмічнай навуцы, дабіваліся сваімі ведамі і працай навуковых ступеняў, стваралі манаграфіі, станавіліся першаадкрывальнікамі ў розных галінах ведаў. У нядзелю, 29 студзеня, іх прафесійнае свята, якое будзе сёлета святкавацца яшчэ больш маштабна, бо ўвесь гэты год прысвечаны навукоўцам і іх карысным справам. Адна з тых, для каго навука – вялікая частка лёсу, старшы выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна Наталля Аляксееўна Акуліч.
ЗУСІМ ХУТКА АДНАКЛАСНІКІ з другой гарадской сустрэнуцца, каб адзначыць 20 гадоў з дня заканчэння роднай школы, дзе згадаюць, вядома, і далёкія бесклапотныя дзянькі, і сваіх школьных педагогаў. З пяшчотай Наталля Аляксееўна ўспамінае першую настаўніцу Надзею Васільеўну Патужную, ад якой даведалася пра першыя літары і лічбы. Глыбокі след у памяці пакінулі таксама ўрокі моваведа Станіслава Макаравіча Сцепанчука, вельмі строгага, але кампетэнтнага, інтэлігентнага педагога, які старанна прывіваў дзецям любоў і павагу да багаццяў класічнай рускай літаратуры.
У школе шмат пра што марылася. Многае з часам і збылося. Клас быў моцны, некалькі медалістаў, у іх ліку і Наталля Акуліч, якую за выдатныя веды чакала ўзнагарода з залатым адлівам. Некалі яе аднакласнікам быў і Аляксандр Варашылаў, цяпер кандыдат матэматычных навук, дацэнт. (Дарэчы, праз гады давялося займацца адначасова з Сашам у магістратуры).
Улетку 1997-га, адразу пасля сустрэчы першага світанку дарослага жыцця, Наталля зрабіла і першы крок у ім – падала дакументы ў БрДУ. Для сябе выбрала няпросты, але цікавы біялагічны факультэт, а на ім – асобную кафедру псіхалогіі, якой загадвала вядомая вучоная-практык Галіна Сяргееўна Абрамава. Праз пяць гадоў Наталля ўжо трымала ў руках чырвоны дыплом і як адна з найлепшых студэнтак была пакінута на кафедры. Гэтаму паспрыяла і тое, што на апошніх курсах Наталля Аляксееўна актыўна ўдзельнічала ў студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях, нават заняла першае месца ў рэспубліцы сярод маладых вучоных. Поспех стаў яшчэ адной падставай, каб рухацца па навуковай дарозе. Паступіла ў магістратуру, якую “па традыцыі” закончыла праз год на выдатна. Падрыхтавала магістарскую працу “Асаблівасці адказнасці ў падлеткаў”. Далей – праца асістэнтам кафедры псіхалогіі ў альма-матар, пакуль у 2006 годзе не стала аспірантам. Пад кіраўніцтвам кандыдата псіхалагічных навук дацэнта Генадзя Іванавіча Малейчука падрыхтавала дысертацыю. За гэты час дарасла да старшага выкладчыка на роднай кафедры.
Паміж 2011 і 2016 гадамі Наталля Акуліч актыўна супрацоўнічала з навукова-метадычным цэнтрам “Школа – сям’я”. Асноўная задача цэнтра – забеспячэнне працэсу ўзаемадзеяння названых сацыяльных інстытутаў.
– Праект важны для сённяшняга грамадства, распрацоўваецца на рэспубліканскім узроўні, знаходзіцца пад патранажам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, выконваючы ягоны заказ, – дзеліцца Наталля Аляксееўна. – У рамках праекта паўдзельнічала ў падрыхтоўцы навукова-метадычнага забеспячэння. Найбольш давялося займацца праблемамі свядомага эфектыўнага бацькоўства.
Па згаданай тэме вучоная падрыхтавала тры дапаможнікі “Эфектыўнае бацькоўства”, “Стратэгія і тактыка дасягнення паспяховасці ў мацярынстве і бацькоўстве”, “Як стаць паспяховымі бацькамі” (апошняе выданне выйшла ў свет пад грыфам Міністэрства адукацыі). Дзейнасць па тэме, якая захапляе і стала галоўнай у навуковым жыцці, працягваецца і зараз. Летась (апошнім па часе) з-пад пяра Наталлі Акуліч выйшаў дапаможнік “Як вучыць дзяцей кіраваць сваімі паводзінамі” (асноўны змест працы – сістэма развіццёвых заняткаў для дзяцей школьнага ўзросту ў фарміраванні псіхалагічнай культуры асобы).
– А ці ёсць час і жаданне займацца нечым, што стаіць у баку ад навукі? – пацікавіўся ў суразмоўцы.
І пачуў у адказ:
– Найбольш падабаецца вандраваць. Аднак лічу, гэта не пярэчыць навуцы, а наадварот узбагачае яе. Бо сапраўдная навука дае нам веды пра жыццё, фарміруе карціну свету, а падарожжы ўдакладняюць, робяць яе больш канкрэтнай. Таму і стараюся не сядзець на месцы, наведваючы такія цудоўныя краіны, як Італія, Францыя, Чэхія, Кіпр, Турцыя ды іншыя.
Сапраўдная навука, на думку Наталлі Аляксееўны, толькі на першы погляд абстрактная і далёкая ад чалавека. Насамрэч, яна прыносіць аб’ектыўныя веды, акрамя таго, мы штодня дакранаемся да вынаходніцтваў, якія даўно ўжо сталі часткаю нашага жыцця. І ўявіць сённяшняга чалавека без “цудаў” навукі ўжо проста немагчыма.
Другое хобі, без якога жанчына не ўяўляе сябе, прысвячаючы яму шмат сіл і часу, – кветкаводства. Яе гадаванцы – дзясяткі відаў касачоў, гіяцынтаў, цюльпанаў, крокусаў, лілей. Усяго і не пералічыш, прасцей пабачыць і парадавацца сакавітай іх прыгажосці, бо многія расліны не губляюць свайго хараства на працягу ўсяго года і ўпрыгожваюць падворак яе дзяцінства, дзе працягваюць жыць яе мама Галіна Сцяпанаўна і тата Аляксей Ільіч. А дачка, хоць і жыве ўжо трэці год у Брэсце, заўсёды знаходзіць час, каб завітаць на малую радзіму, дзе чакаюць яе з нецярплівасцю родныя людзі і кветкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro