новостиЗапал бадзёрасці
і свежая юшка

Традыцыйна зімою праводзяцца міжраённыя спаборніцтвы па лоўлі рыбы на мармышку з лёду. Месцам правядзення іх сёлета была Жабінкаўская аргструктура “БТПР”.
22 студзеня на спаборніцтвы, якія праводзіліся на возеры Візжар, прыехалі каманды з Камянецкага, Маларыцкага, Брэсцкага, Пружанскага і нашага раёнаў, па 10 чалавек у кожнай. У камандзе ад Жабінкаўшчыны былі ў асноўным рыбаловы-аматары з ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”: Васіль Саванюк, Андрэй Іванюк, Уладзімір Дэц і іншыя.
– Спаборніцтвы доўжыліся тры гадзіны, – расказаў іх галоўны суддзя, старшы егер Жабінкаўскай аргструктуры “БТПР” Мікалай Максімук. – Удача ўсміхнулася Дзмітрыю Трушку з Каменца, які злавіў 660 грамаў рыбы і заняў першае месца. На другім – наш Аляксандр Шпілько з уловам у 440 грамаў; на трэцім – камянчук Дзмітрый Міхалюк, у якога 350 грамаў рыбкі. Пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі, а ўсе ўдзельнікі – запал бадзёрасці, прыемны адпачынак на свежым паветры і, канечне, смачную юшку са свежай рыбкі.

Донары на прадпрыемстве

На ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” у аўторак ажно сорак работнікаў пабывалі ў медпункце прадпрыемства. Не, ніхто з іх не захварэў, не адчуваў сябе кепска. Яны донары і здавалі кроў, каб дапамагчы іншым паправіць здароўе.
Супрацоўнікі дзяржаўнай установы “Брэсцкая абласная станцыя пералівання крыві” чатыры разы ў год прыязджаюць на завод. Гэта зручна медработнікам і донарам (дарэчы, з кожным разам іх колькасць павялічваецца). Донары аказваюць неацэнную дапамогу тым, хто мае патрэбу ў прэпаратах крыві.
У наступны раз, у сярэдзіне лютага, брэсцкія медыкі прыедуць да донараў ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.

Сяброў БРСМ большае

Акцыю “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” 18 старшакласнікаў першай гарадской школы, пэўна, запомняць надоўга. Юнакі і дзяўчаты ў яе межах пабывалі з азнаямляльнай экскурсіяй у Жабінкаўскім раённым аддзеле Дэпартамента аховы. Падлеткаў уразіла выступленне службовага сабакі па мянушцы Лонг, які “затрымліваў” умоўнага злачынцу. Затым першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына і начальнік Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы Сяргей Ханін ва ўрачыстых абставінах уручылі маладым людзям членскія білеты ГА “БРСМ”.

Па цікавае і пазнавальнае

Багатым на музейныя сустрэчы, паводле слоў дырэктара Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Жанны Падрубнай, стаў мінулы год. З улікам лекцый і музейна-педагагічных заняткаў было праведзена 45 разнастайных мерапрыемстваў. Сёлетні год ад сваіх пачаткаў абяцае быць не менш цікавым і пазнавальным. У сценах музея для вучняў Хмелеўскай школы прайшлі заняткі “Як птушкі зімуюць”, на якіх майстар-клас па вырабе кармушак правёў супрацоўнік установы Мікалай Юроўскіх. А 19 студзеня, у дзень, калі праваслаўныя шырока святкуюць Вадохрышча, для вучняў 5-7 класаў Крыўлянскай адзінаццацігодкі былі арганізаваны “Калядныя пасядзелкі ў музеі”. З гэтай нагоды падрыхтавана міні-выстава, дзеці паўдзельнічалі ў віктарыне, пазнаёміліся з традыцыямі і абрадамі, звязанымі са святкаваннем у беларусаў Вадохрышча.

Дапамога ад валанцёраў

Пад дэвізам “Ні дня без добрых спраў” валанцёры грамадскага аб’яднання “БРСМ” рэгулярна праводзяць дабрачынныя акцыі па аказанні дапамогі адзінокім, нямоглым пажылым людзям, дзецям-сіротам, інвалідам. На мінулым тыдні сабралі і перадалі цёплыя рэчы і вопратку для немаўляці, якое нарадзілася ў зусім юнай сям’і, а таму нечаканая матэрыяльная дапамога ад валанцёраў маладым бацькам аказалася дарэчы.

“Золата” і “БРОНЗА” лыжнай гонкі

Магчымасць выдатна адпачыць і паспаборнічаць на свежым зімовым паветры скарысталі чыгуначнікі. Так, у мінулыя выхадныя адбылося першынство ў лыжных гонках сярод работнікаў Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Сярод трох дзясяткаў удзельнікаў былі і прадстаўнікі горада-спадарожніка: намеснікі начальніка жабінкаўскай дыстанцыі пуці Анатоль Краўцоў і Вадзім Скачыкоўскі.
Спаборніцтва ладзілася на тэрыторыі Вяслярнага канала на дыстанцыі ў 5 кіламетраў. Лыжнікам быў выдадзены інвентар з культурна-спартыўнага цэнтра.
У асабістым заліку сярод кіраўнікоў да 50 гадоў найспрытнейшым аказаўся прадстаўнік з Жабінкі Анатоль Краўцоў, які заняў ганаровае першае месца і атрымаў дыплом пераможцы, залаты медаль і падарунак. У каманды Жабінкі па колькасці набраных балаў на лыжні трэцяе месца. Так трымаць, чыгуначнікі!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro