Дыялог аб зробленым і перспектывах развіцця

Дыялог аб зробленым і перспектывах развіцця

DSC_8415 DSC_8420
 Людміла КОСЦІНА.
21 студзеня адбылася прэс-канферэнцыя старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса з журналістамі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. “Сённяшняя прэс-канферэнцыя, – адзначыў ва ўступным слове Анатоль Васільевіч, – добрая магчымасць праз сродкі масавай інфармацыі расказаць жыхарам вобласці і краіны, чым жыве брэсцкі рэгіён, як развіваецца, якія ставіць перад сабой задачы на будучыню і як будзе іх вырашаць”.
Перш чым пачаць дыялог, ён прааналізаваў вынікі работы вобласці за мінулы год і адзначыў: “У цэлым, эканоміка рэгіёна развівалася са станоўчай дынамікай. Гэта дазволіла нам па шэрагу паказчыкаў забяспечыць тэмпы росту вышэй сярэднерэспубліканскіх. Паводле вынікаў мінулага года вобласць у лідарах па тэмпах росту: валавога рэгіянальнага прадукту, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, у экспарце тавараў і паслуг, рознічным тавараабароце, па аб’ёмах уводу ў эксплуатацыю жылля. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі таксама самая высокая сярод рэгіёнаў краіны і склала на 1 снежня 113,2 % (па рэспубліцы – 109,1 %). За 11 месяцаў летась вобласць зарабіла 564,4 мільёна рублёў чыстага прыбытку, што ў 5,7 раза больш, чым за адпаведны перыяд 2015-га. У многім такія вынікі дазволілі па ўзроўні намінальнай сярэднемесячнай заработнай платы падняцца з апошняга сёмага месца ў краіне на пятае. Да таго ж на працягу 2016 года заробак выплачваўся ў асноўным своечасова.
На рынку працы ў цэлым захоўвалася кантралюемая сітуацыя. Ствараліся новыя рабочыя месцы. Толькі за кошт новых прадпрыемстваў і вытворчасцей за мінулы год было створана каля 7,5 тысячы новых рабочых месцаў. Найбольш актыўна гэтая работа вялася ў сферы малога бізнесу. Тут з улікам усіх прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў за мінулы год было створана больш як 12 тысяч новых рабочых месцаў, што дазволіла зменшыць на 900 чалавек колькасць беспрацоўных у параўнанні з пачаткам года. Узровень беспрацоўя паводле аператыўных дадзеных на 13 студзеня 2017 года склаўся на ўзроўні 0,9 % пры заданні 2 %. За ўсімі гэтымі паказчыкамі і лічбамі рэальная праца органаў кіравання вобласці, прадпрыемстваў і арганізацый.
Нягледзячы на аб’ектыўныя складанасці, не спынялася мадэрнізацыя прамысловых вытворчасцей. У рамках зацверджанага аблвыканкамам галіновага плана мерапрыемстваў па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасцей вялася работа ў рэалізацыі праектаў, накіраваных на арганізацыю выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Аб’ём інвестыцый на мадэрнізацыю летась па 44-ох асноўных праектах Галіновага плана склаў больш як 480 мільёнаў рублёў”.
Далей кіраўнік вобласці расказаў, якія вытворчасці былі інвесціраваны. Гэта, у прыватнасці, ТАА “СТіМ”, што з’яўляецца буйнейшым на тэрыторыі СНД вытворцам матэрыялаў і тэхнікі для дарожнай разметкі, дзе рэалізаваны інвестыцыйны праект па будаўніцтве цэха для вытворчасці тэрмапластыку для дарожнай разметкі; ААТ “Савушкавы прадукт”, дзе праведзена рэканструкцыя цэха абястлушчанага малака з устаноўкай новага абсталявання (сушылкі вытворчасцю 3 тоны сухога прадукту ў гадзіну, вакуум-выпарнога апарата, лініі па дэмінералізацыі сыроваткі); ЗАТ “Вегас”, дзе рэалізаваны праект па вытворчасці нятканых матэрыялаў. А яшчэ адзначалася, што са сродкаў абласнога бюджэту, прадугледжаных на развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці, летась былі выдадзены льготныя крэдыты 12-ці суб’ектам малога прадпрымальніцтва на агульную суму каля аднаго мільёна рублёў, якія, у першую чаргу, накіраваны на стварэнне новых і пашырэнне дзеючых вытворчасцей, у тым ліку звязаных з перапрацоўкай мясцовых рэсурсаў і сельгаспрадукцыі.
Анатоль Васільевіч расказаў пра тое, як цесна ўзаемадзейнічалі з рэспубліканскімі органамі кіравання ў адпрацоўцы далейшых накірункаў развіцця прадпрыемстваў ведамаснай падпарадкаванасці, многія з якіх, на жаль, сёння з’яўляюцца для вобласці найбольш праблемнымі. У першую чаргу гэта адносіцца да прадпрыемстваў Мінпрама, Мінбудархітэктуры, канцэрна “Беллегпрам” і іх холдынгаў.
“Значная ўвага надавалася сельскагаспадарчай вытворчасці, – зазначыў на канферэнцыі губернатар. – Летась у вобласці дасягнуты самыя высокія тэмпы росту валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак – 107 %,
а ў сельгаспрадпрыемствах – 107,7 %.
Такія вынікі забяспечаны за кошт прыросту ў раслінаводстве на 16,5 % і ў жывёлагадоўлі – на 3 %.
Прырост у раслінаводстве забяспечаны найперш за кошт павелічэння аб’ёмаў нарыхтоўкі травяных кармоў, вытворчасці зерня кукурузы і цукровых буракоў.
У жывёлагадоўлі павялічана на 2,9 %
вытворчасць малака, на 2,2 % –
вырошчванне жывёлы і птушкі, на 8,5 % – вытворчасць яек. Вышэй за сярэднерэспубліканскі ўзровень надой малака на карову – 5226 кг (у краіне 4854 кг), прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме – 624 г (па краіне 592 г), прыбаўленні свіней – 651 г (па краіне 572 г). Палепшылася якасць малака: гатункамі “экстра” і “вышэйшы” рэалізавана 87,8 % малака, што на 1,2 п. п. больш, чым у 2015 годзе”.

Увага кіраўніка вобласці таксама была звернута на тое, што Брэстчына займае лідарства ў рэспубліцы ў вытворчасці прадуктаў харчавання, экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання. Акрамя харчовай прадукцыі, да асноўных экспартных пазіцый адносяцца дрэваапрацоўка, акумулятары, лямпы напальвання, цацкі і інш. Асноўным гандлёвым партнёрам застаецца Расійская Федэрацыя.
Дарэчы, прадпрыемствамі вобласці адкрыта 11 новых рынкаў збыту: Аргенціна, Бразілія, Ліван, Македонія, Нігерыя, Аман, Панама, Партугалія, Саудаўская Аравія, Танзанія, Эквадор. Такім чынам, берасцейскі рэгіён працаваў стабільна са станоўчым сальда знешняга гандлю як па таварах, так і паслугах.
“Складаным быў мінулы год для будаўнічай галіны, – сказаў на прэс-канферэнцыі Анатоль Ліс. – Менавіта праблемы ў рабоце будаўнічай галіны перашкодзілі забяспечыць нам узровень 2015 года ў аб’ёме валавога рэгіянальнага прадукту. Аднак, дзякуючы прымаемым мерам, устойлівая станоўчая дынаміка развіцця галіны захавалася. Пры гэтым па выніках года значна перавыканана заданне ўводу жылля ў эксплуатацыю. Уведзена 694,6 тысячы квадратных метраў яго пры плане 540 тысяч. У цэлым работа эканомікі вобласці забяспечыла паступленне ў мясцовыя бюджэты больш як 1,3 мільярда рублёў уласных даходаў, што на 20,3 % больш, чым у 2015-ым. Гэта дазволіла нам прафінансаваць будаўніцтва шэрагу значных для вобласці сацыяльных аб’ектаў. Уведзены ў эксплуатацыю спальны корпус для Брэсцкага абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей “Тонус”, школа-сад на 471 месца ў Паўднёвым гарадку Брэста. Завершана рэканструкцыя інфекцыйнага корпуса Брэсцкай абласной бальніцы і гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Адрамантавана 217 кіламетраў мясцовых дарог. Пры ўдзеле рэспубліканскага бюджэту пабудаваны аднакватэрныя жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў у Брэсце і Баранавічах, Ганцавіцкім і Жабінкаўскім раёнах”.
У заключэнне сваёй прамовы старшыня аблвыканкама спыніўся на тым, як будзе жыць вобласць сёлета. “Што датычыцца паказчыкаў росту эканомікі, то заданні высокія, – сказаў Анатоль Ліс. – Валавы рэгіянальны прадукт павінен вырасці на 2,2 % пры росце прадукцыйнасці працы не менш як на 2,5 %.
Завяршаецца распрацоўка плана развіцця рэгіёна на бягучы год, рэалізацыя якога дазволіць забяспечыць гэтыя паказчыкі. Мы плануем павысіць на 2,1 % аб’ёмы прамысловай вытворчасці за кошт мадэрнізацыі дзеючых і стварэння новых вытворчасцей, выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, развіцця інавацыйных, экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей.
Не ніжэй як на 102 % запланавана павелічэнне валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў агульным сектары за кошт росту вытворчасці як раслінаводчай, так і жывёлагадоўчай прадукцыі. Плануем сабраць ураджай зерневых і зернебабовых культур не менш як 1,4 мільёна тон. Вытворчасць малака павінна павялічыцца на 5 %, жывёлы і птушкі – на 2 %. Але самая галоўная задача, на мой погляд, павышэнне эканамічнай эфектыўнасці сельгасвытворчасці.
Будуць прыняты ўсе меры для стабілізацыі работы будаўнічай галіны. На 2017 год ставяцца задачы – забяспечыць загрузкі будаўнічых прадпрыемстваў эфектыўнай, бясстратнай работай, захаваць працоўныя калектывы, аб’ёмы будаўніча-мантажных работ узняць не менш як на 2,2 %”.
Словам, губернатар тэзісна абазначыў асноўныя накірункі і прыярытэты, над якімі працавалі берасцейцы і што прадоўжаць ажыццяўляць у бліжэйшай перспектыве. Потым Анатоль Ліс адказаў на пытанні журналістаў. Іх было каля двух дзясяткаў. Розныя праблемы ўзнімаліся пад час прэс-канферэнцыі. Прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі цікавіла: якімі бачацца аб’ёмы будаўнічых работ сёлета, ці ўдасца захаваць шэраг буйных арганізацый, што апынуліся ў цяжкай сітуацыі, у прыватнасці, “Будаўнічы трэст № 8”, як бачацца перспектывы СЭЗ “Брэст”, ці захавае вобласць лідарства ў стварэнні рабочых месцаў, пра задачы інавацыйнага фонду аблвыканкама ў 2017 годзе і што будзе рабіцца з мэтай поўнага асваення яго сродкаў, улічваючы той факт, што летась яны былі скарыстаны не поўнасцю, іншыя.
Думаецца, што нашым чытачам цікава будзе ведаць, якія галіны эканомікі Брэстчыны маглі б развівацца больш інтэнсіўна, якім з іх будзе нададзена больш увагі?
“У якасці перспектыўных накірункаў развіцця галін у вобласці разглядаюцца харчовая, лёгкая, хімічная, дрэваапрацоўчая прамысловасці, машынабудаванне, – заўважыў Анатоль Васільевіч, адказваючы на гэтае пытанне, што паступіла ад РУП РТЦ “Тэлерадыёкампанія “Брэст”. – Далейшаму дынамічнаму развіццю галін будзе садзейнічаць будаўніцтва завода па вытворчасці кампостаў для вырошчвання шампіньёнаў у ТАА “ІзалітБудІнвест” у Кобрынскім раёне; павелічэнне магутнасцей вытворчасці спірту да 6 тысяч дол і ўкараненне тэхналогіі па пераапрацоўцы пасляспіртавой барды на Івацэвіцкім заводзе; арганізацыя вытворчасці сыру “Манчэга” на СААТ “Белавежскія сыры” і шэраг іншых запланаваных да рэалізацыі ў бягучым годзе праектаў.
У 2017 годзе плануецца арганізацыя вытворчасці сумесных пнеўма- і гідрацыліндраў, прэцызійных храміраваных штокаў і труб на “САЛЕА-Кобрын”; выпуск электрычных катлоў на Белаазёрскім энергамеханічным заводзе, зборка малатанажных грузавых аўтамабіляў з кітайскіх машынакамплектаў на “Брэстмашы” і будаўніцтва акумулятарнага завода “Волат” у СЭЗ “Брэст”.
Для павелічэння выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, а таксама развіцця інавацыйных экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцей будзе рэалізаваны шэраг навукаёмістых інавацыйных праектаў”.
Было заўважана, што ў прыярытэце – развіццё галін і вытворчасцей, арыентаваных на выкарыстанне мясцовай сыравіны і размешчаных, у першую чаргу, у невялікіх гарадскіх пасяленнях і сельскай мясцовасці.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro