У дружнага калектыву і паказчыкі добрыя

У дружнага калектыву і паказчыкі добрыя

 Ацячызна

 

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
“Насельнікі” фермы “Ацячызна” СВК “Рагазнянскі” – цяляты на дарошчванні і адкорме. Спраўляюцца з імі вопытныя і адказныя даглядчыкі жывёлы. Маленькія цяляты адразу трапляюць у групу да Алены Краўчук і напарніцы Наталлі Астапук.
– У мяне “яселькі”, – жартаўліва і з любоўю расказвае пра гадаванцаў даглядчыца Алена Пятроўна. – З імі і цяжка, і цікава адначасова. Радасна на душы, калі маладняк здаровенькі, ладненькі, не хварэе. Для гэтага своечасова выпойваю цёплым малаком, сачу, каб было чыста і суха ў клетках, не заканчвалася вада ў паілках і камбікорм КР-1. Ветурачы пастаянна сочаць за станам здароўя гадаванцаў. Крышачку шкада становіцца, калі перадаю падрослых цялят напарнікам Анатолю Смірнову і Але Віцязь. Калегі, дарэчы, сапраўдныя прафесіяналы, неаднаразова станавіліся ў ліку лепшых даглядчыкаў не толькі ў раёне, але і ў вобласці, а Ала Віцязь – дык і ў рэспубліцы.
Аб іх штодзённай карпатлівай працы сведчаць выдатныя паказчыкі. Напрыклад, у групе Алы Пятроўны цяляты на адкорме штодзённа папраўляюцца на 917 грамаў. Нават у студзені, калі слупок тэрмометра паказваў звыш 20 градусаў марозу, гадаванцы дружнага згуртаванага калектыву “Ацячызны” пад кіраўніцтвам брыгадзіра Галіны Сцяпанаўны Паповай выдатна сябе адчувалі. Памяшканне загадзя ўцяплілі, таму ніводнага разу водаправод не даваў збою, корм не замярзаў, налівалі ў паілкі гарачую ваду, паболей сыпалі саломы ў клеткі.
– Мы да складанасцей звыклыя, – сказала Ала Віцязь. – Умовы, створаныя як для нас, так і для жывёлы, лічу, неблагія. Галоўнае – за работу брацца з добрым настроем, з усмешкай, тады і карысць будзе, і захаванасць жывёлы.
На здымку: даглядчыкі жывёлы фермы “Ацячызна” Алена КРАЎЧУК, Ала ВІЦЯЗЬ
і Анатоль СМІРНОЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro