Утульная вёска – гэта не толькі наша «сёння», але і «заўтра»

Утульная вёска – гэта не толькі наша «сёння», але і «заўтра»

IMG_3437Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.
Праблем у жыцці кожнага чалавека ўзнікае нямала – дробных, буйных, сур’ёзных і не вельмі. Як іх вырашыць? З такімі пытаннямі жыхары спяшаюцца найперш у сельскі Савет. Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў і выканкамаў надзелены даволі шырокімі паўнамоцтвамі. Галоўная функцыя органаў улады пярвічнага ўзроўню – мясцовая арганізатарская работа, накіраваная на вырашэнне праблем жыццезабеспячэння насельніцтва. Пра гэта гутарка карэспандэнта са старшынёй Крыўлянскага сельскага Савета дэпутатаў Анатолем Марчуком:
– Анатоль Фёдаравіч, раскажыце, калі ласка, што ўяўляе сабой Крыўлянскі сельскі Савет?
– Для пачатку зробім кароткі экскурс у гісторыю. Як вядома, першыя сельсаветы на Жабінкаўшчыне былі створаны ў 1940 годзе, у тым ліку Крыўлянскі, які да 1954-га называўся IMG_3050Глыбокаўскім сельскім Саветам. Першым старшынёй яго быў Васіль Андрэевіч Мароз, а пасля яшчэ дзесяць чалавек займалі гэтую пасаду. Асабіста я прымаў эстафету старшынёўства ад Леаніда Емяльянавіча Ігнатчыка ў маі 2010 года.
Тэрыторыя сельсавета – гэта 24 вёскі, у якіх налічваецца 783 двары і пражываюць 1739 чалавек. З іх амаль тысяча – працаздольнага ўзросту, пяць соцень пенсіянераў і амаль трыста дзяцей і падлеткаў. Дарэчы, для юных жыхароў у нас дзейнічаюць чатыры дзяржаўныя ўстановы адукацыі: базавая школа ў Маціевічах, сярэдняя – у Крыўлянах і дзіцячыя яслі-сады тут і ў Вежках. Бацькі многіх рупяцца ў сельгаспрадпрыемствах – “Вазнясенскі” і “Маціевічы”. Няблага развіта сацыяльная сфера. Набыць прадукты харчавання ці неабходныя прамысловыя тавары вяскоўцы могуць у магазінах вёсак Мацясы, Стаўпы, Вежкі, Вялікія Сяхновічы, Маціевічы, Крыўляны, у аддаленыя рэгулярна заязджае аўталаўка. Падпісацца на любімыя выданні ці адправіць паштоўку родным з ахвотай дапамогуць супрацоўнікі паштовых аддзяленняў у Вежках, Крыўлянах і Маціевічах. Калі вясковец захварэў, няма патрэбы ехаць у раённую паліклініку – неабходныя працэдуры і лячэнне назначаць медыкі Крыўлянскай амбулаторыі і ФАПаў у Маціевічах і Агародніках, а найбольш запатрабаваныя лекі можна набыць у аптэцы ў Крыўлянах. У комплексным прыёмным пункце таксама аказваецца цэлы шэраг паслуг, з якіх найбольш распаўсюджаныя – рамонт абутку, мыццё бялізны, фота, індывідуальны пашыў вопраткі, рытуальныя паслугі. Дарэчы, за мінулы год наш КПП рэалізаваў бытавых паслуг на 127,9 %.
– З якімі пытаннямі звяртаюцца ў сельсавет?
– Пытанні – розныя. Гэта асвятляльнасць вуліц, рамонт дарог, вываз смецця, абкошванне пустазелля, выдзяленне ўчасткаў для будаўніцтва, ліквідацыя аварыйных дрэў, утрыманне хатніх жывёл, якасць гандлёвага абслугоўвання аўталаўкай і інш.
Згодна з рэгламентам штодзённа вядзецца прыём грамадзян. Вывешаны графікі прыёму членамі сель-, рай- і аблвыканкамаў, участковым інспектарам міліцыі, работнікамі землеўпарадкавальнай службы, упраўленняў і аддзелаў райвыканкама, раённых службаў, аддзелам па грамадзянстве і міграцыі, натарыяльнай канторай. Я часта сустракаюся з вяскоўцамі па месцы жыхарства або ў працоўных калектывах. Правядзенне мясцовых сходаў грамадзян, асабісты прыём дазваляюць зменшыць колькасць зваротаў. Рэгулярна, два разы ў год, ва ўсіх вёсках праводзяцца мясцовыя сходы грамадзян. Акрамя старшыні сельвыканкама, у іх прымаюць удзел старасты вёсак, дэпутаты, кіраўнікі раённых службаў і ўпраўленняў. Потым распрацоўваецца план мерапрыемстваў па рэалізацыі крытычных заўваг і прапаноў.
– Што вы можаце сказаць аб навядзенні чысціні і парадку на тэрыторыі?
– Штогод выканкамам распрацоўваюцца і зацвярджаюцца мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. Напрыканцы года праводзяцца вынікі работы, аналізуецца, што ўдалося зрабіць, над чым яшчэ трэба папрацаваць. Толькі за мінулы год было ліквідавана 6 стыхійных смеццезвалак, выса-джана 22 дрэвы, разбіта 6 кветнікаў. Пастаянна выкошваецца бур’ян. Нядбайным гаспадарам уручаюцца лісты з прадпісаннем навесці парадак на прыдамовай тэрыторыі, ля плота. Гэтая мера дзейнічае парою намнога эфектыўней, чым просты напамін.
Заўжды ідзём на дапамогу тым жыхарам, якія выказалі жаданне памяняць ці пафарбаваць плот, абнавіць фасад дома, азеляніць тэрыторыю. Зразумела, што гэта патрабуе значных фінансавых затрат – галоўнае, не быць абыякавым і падтрымаць ініцыятыву. Карыстаючыся выпадкам, хачу праз газету выказаць словы ўдзячнасці кіраўнікам СВК “Маціевічы” і “Вазнясенскі” Мікалаю Кавальчыку і Надзеі Кандрацюк, якія ніколі не адмаўляюць нам у дапамозе, з якім бы пытаннем да іх не звярнуліся.
Самы актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні штогод прымаюць вучні Крыўлянскай і Маціевіцкай школ. Яны наводзяць чысціню каля помнікаў загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, што знаходзяцца ў вёсках Глыбокае, Карды, Агароднікі, прыбіраюць смецце, садзяць дрэвы, збіраюць макулатуру і металалом і інш.
Зрэшты, за мінулы год на добраўпарадкаванне сельскіх населеных пунктаў было зрасходавана звыш 18 тысяч рублёў (з якіх на вулічнае асвятленне – 13 ­­­­­­тысяч рублёў).
– Прыемна праязджаць па вясковай вуліцы і бачыць свежапафарбаваны плот, клумбы перад домам, лавачкі… Аднак псуюць выгляд пустуючыя дамы з вокнамі, забітымі дошкамі.
– Гэта праблема, на жаль, амаль усіх вёсак нашай краіны. Дзеці пакідаюць бацькоўскія дамы, знямоглыя – паміраюць, спыняецца жыццё ў пустуючым доме. Бывае, нашчадкі пакідаюць спадчыну і карыстаюцца ёю, як дачай, не забываюць наводзіць парадак. Некаторыя хаткі чакае продаж або знос. Летась, напрыклад, трухлявыя дамы разабралі, яшчэ на столькі ж рыхтуецца пакет дакументаў для перадачы ў суд аб прызнанні іх безгаспадарчымі.
– Якія праблемныя пытанні вам удалося вырашыць у апошні час?
– Жыццёвых надзённых пытанняў шмат, у сельвыканкам тэлефануюць і прыходзяць жыхары з рознымі праблемамі. Гэтыя пытанні часта носяць “сезонны” характар. Напрыклад, вясной і летам нямоглыя просяць абкасіць бур’ян ля хат, восенню – прывезці паліва, зімою – пачысціць дарогі ад снегу. Ніводную просьбу мы стараемся не пакідаць нявырашанай. Літаральна на днях, напрыклад, пазваніла маці інваліда Анатоля Барысевіча са Свішчоў са сваёй бядой – па цэнтральнай вуліцы дарогу ад снежных заносаў пачысцілі, а ў іх завулак тэхніка не дабралася. Ім жа па гурбах да аўталаўкі проста не дабрацца. Адразу пазваніў дарожнікам, і праз хвілін дваццаць завулак быў прачышчаны.
То з Агароднікаў паведамілі, што дрэва пасля завеі нахілілася ў бок хаты. Падключылі дарожнікаў і небяспечнае дрэва тэрмінова спілавалі.
Пад асаблівай увагай састарэлыя і нямоглыя людзі, тыя, хто адзінока пражывае, няўдалыя і шматдзетныя сем’і. Да такіх часта заглядваем, ацэньваем сітуацыю, знаёмімся з іх праблемі. Як правіла, гэта спраўнасць печаў, электраправодкі, пажарных апавяшчальнікаў, наяўнасць паліва.
– Раскажыце пра сваіх памочнікаў…
– У старшыні сельсавета клопатаў хапае, таму без надзейных памочнікаў аніяк. Многа шчырых і добрых слоў заслуговаюць найперш мая “правая рука” – кіраўнік спраў Галіна Савіцкая, а таксама бухгалтар Марыя Дуброўка і вядучы спецыяліст Валянціна Рубашэўская (на здымку). Яны – сапраўдныя прафесіяналы, карыстаюцца павагай і аўтарытэтам сярод жыхароў вёсак. Зразумела, не абысціся і без старастаў, якіх 14 чалавек. Яны выдатна ведаюць людзей, іх надзённыя праблемы. На плечы стараст кладзецца правядзенне добраўпарадкавання вёсак, ліквідацыя стыхійных смеццязвалак, кантроль за асвятленнем вуліц, ліквідацыя аварыйных дрэў, навядзенне парадку на вуліцах, выяўленне нядбайных сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці. Яны – таксама памочнікі ўчастковых інспектараў міліцыі.
Старасты вёсак гатовыя ў любую хвіліну вырашаць праблемы аднавяскоўцаў. Напрыклад, Алена Балюк, стараста аг. Крыўляны, правяла работу пад час газіфікацыі вёскі – збірала подпісы, неабходныя дакументы. Актыўна ўключаюцца ў жыццё вёсак Вежкі Марыя Галавейка, Стаўпы – Надзея Шчаноўская, Новыя Дворы – Марыя Парафянюк, Мацясы – Галіна Альховік, Свішчы і Барздзілы – Аляксей Садаўнічак, Вялікія Сяхновічы – Уладзімір Кірыльчук, аграгарадка Маціевічы – Галіна Вайтовіч і інш. Яны заслугоўваюць нямала добрых і шчырых слоў.
– Раней, наколькі мне вядома, кожны сельсавет кантраляваў збор малака ад насельніцтва. Для вас гэта зараз актуальна?
– Яшчэ дзясятак гадоў таму, лічы, у кожным вясковым падворку была карова. Дбайныя гаспадары здавалі лішкі малака і мелі дадатковую капейчыну. Дзесяць гадоў таму ў Крыўлянах былі два гурты – па 90 і 45 рагуль. Цяпер жа засталося 23 каровы (а ў сельсавеце – 101). Раней малако збіралі на калгаснай машыне, вызначалі пробы, спрачаліся, лаяліся, крыўдзіліся, калі залічвалася ніжэйшым гатункам. Усе канфлікты разбіраць даводзілася сельсавету. Цяпер гэта не актуальна. Кароў мала, малако збірае індывідуальны прадпрымальнік, робіць аператыўны аналіз штодзённа, і “халтуршчыкаў” вызначаюць адразу. Сярод лепшых малаказдатчыкаў хочацца назваць сем’і Лесаўцоў, Ількіў, Галавейкаў, Званкоўскіх. Праблема ў іншым – усё менш застаецца людзей, якія трымаюць карову, вёска старэе, а моладзь не спяшаецца абцяжарваць сябе гаспадаркай.
– Дарэчы, пра моладзь. На тэрыторыі вашага сельсавета ажно два аграгарадкі, якія маюць развітую інфраструктуру. Якім чынам, на ваш погляд, можна ўтрымаць маладых людзей у сельскай мясцовасці?
– У нас нямала юнакоў і дзяўчат, якія пасля заканчэння інстытута або тэхнікума прыязджаюць у вёску, адпрацоўваюць пэўны тэрмін і застаюцца. Сярод такіх, напрыклад, Вадзім і Ганна Васільчукі, Пётр і Вера Аўсейчукі, Аксана і Андрэй Бельчукі, Андрэй і Дыяна Галавейкі, Наталля Лесавец. Думаю, “пусцяць карані” маладыя спецыялісты Ганна Панасеня, Сцяпан Склезь, Рыта Паўловіч. Дарэчы, Рыта з СВК “Вазнясенскі”, удзельнічала ў конкурсе “Малады чалавек года”.
Традыцыйным стаў удзел жыхароў нашага сельсавета ў раённым конкурсе “Уладар вёскі”. Сярод канкурсантаў, напрыклад, сям’я Васільчыкаў, а сем’і Буза і Планкіных наогул святкавалі перамогу. Неаднойчы нашы працаўнікі выходзілі пераможцамі раённых і нават абласных “Дажынак”.
Амаль чвэрць насельніцтва – маладыя людзі ад 16 да 31 года: вучні, студэнты, працуючыя юнакі і дзяўчаты. Каб ім хацелася застацца жыць тут, многае робіцца для замацавання іх у вёсцы. Гэта і выдзеленае ім жыллё, павышэнне тарыфнай стаўкі, магчымасць скарыстаць льготныя крэдыты, а таксама падтрымка тых, хто вырашыў прадоўжыць адукацыю па спецыяльнасці. У Крыўлянскім і Маціевіцкім клубах працуюць нямала гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў, у якіх можна з карысцю правесці час і навучыцца многаму.
У блізкай ад райцэнтра вёсцы Новыя Дворы летась сталі будавацца адразу некалькі маладых сем’яў. Значыць, сельскаму населенаму пункту наканавана жыць. Радуюся, калі ў вёсках гуляюць вяселлі, у сем’ях нараджаюцца дзеці (зарэгістравана 17 немаўлят).
Дарэчы, у нас 24 шматдзетныя сям’і. Дзянішчычы, Планкіны, Пазалоціны, Кавальчукі, Жоўклыя, Тракала, Андрасюкі і інш. гадуюць сабе дастойную змену і кемлівых памочнікаў. Для іх дзеці – не абуза, а радасць.
– На тэрыторыі вашага сельсавета працуюць некалькі фермераў.
– Так, у нас нямала рупліўцаў. Напрыклад, Аксюцік з в. Ханькі вядомы ў раёне кветкавод. Напрыканцы зімы ў цяпліцы ён бесперапынна паліць у “буржуйцы”, каб у святы мужчыны маглі падарыць кветкі сваім жонкам, каханым, каляжанкам. За некалькі кіламетраў ад яго размясціўся арандатар Шчаноўскі, што заняўся вырошчваннем буякоў. У Мацясах і Вандаліне з’явіліся плантацыі маліны. Мы радыя кожнаму, хто не лянуецца працаваць на зямлі і ідзём насустрач пажаданню арандаваць дадатковыя плошчы. Дарэчы, такіх у нас ажно 14 чалавек.
– Анатоль Фёдаравіч, вы з такім гонарам расказваеце пра сельсавет, людзей, якія тут жывуць. Давайце зазірнём у бліжэйшую будучыню. Чаго яшчэ, на ваш погляд, не хапае вяскоўцам?
– Здаецца, ёсць фактычна ўсё для камфортнага жыцця – амбулаторыя, школы, сады, аддзяленні “Беларусбанка” і сувязі, бібліятэкі, клубы, КПП, магазіны. Многае змянілася да лепшага, калі Крыўляны і Маціевічы атрымалі статус аграгарадкоў. У вёскі прыйшоў газ (дарэчы, у Агародніках і Вежках таксама пракладзена ўжо вулічная газаправодная сетка), і амаль сотня крыўлянцаў мае блакітнае паліва ў дамах або падводы. Ёсць газ у вёсцы – значыць, яе чакае будучыня. Лічу, нам у гэтым плане вельмі пашанцавала. Яшчэ гадоў дзесяць таму мы нават і марыць пра блакітнае паліва баяліся. Многія выказваюць пажаданне, каб хадзіла маршрутнае таксі, бо аўтобус ідзе не ў той час, як ім хацелася б. Крыўляны злучаны з райцэнтрам выдатнай дарогай – чаму б не адкрыць тут нейкую вытворчасць, балазе, і пустуючых памяшканняў, арачнікаў у тых жа мехмайстэрнях хапае? Інвестару абавязкова будзе “зялёнае святло”. Думаю, не лішняй была б гандлёвая кропка з тымі ж мыючымі сродкамі, прадуктамі харчавання. Прыватны гандаль мог бы развівацца таксама…
Прыгожая, утульная вёска – гэта не толькі наша “сёння”, але і “заўтра”. Сумеснымі намаганнямі мясцовай улады і жыхароў гэтага можна дасягнуць.
– Дзякуй за гутарку.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top