Дзеці – радасць і шчасце

Дзеці – радасць і шчасце

Горошко

Нараджэнцы Жабінкі Віктар і Галіна Гарошкі, вучыліся ў гарадской сярэдняй школе № 1, былі знаёмыя, але цесным зносінам перашкаджала абсалютная супрацьлегласць характараў. Дзяўчына вызначалася актыўнасцю, вясёлым норавам, дзіцячай непрадказальнасцю. А хлопец – сур’ёзнасцю, адказнасцю, педантычнасцю. Перайсці адносінам на новы ўзровень дапамог выпадак. Мама Таццяна Сяргееўна ад знаёмых даведалася, што Віктар можа адрамантаваць тэлевізар і запрасіла яго для гэтага. Вось тады ён і звярнуў увагу на глыбіню пранізлівых шэра-зялёных вачэй Галіны.
Спачатку маладыя людзі сталі сябрамі, сустракаліся, бясконца доўга размаўлялі на розныя тэмы, потым прыйшло каханне. Год рамантычных сустрэч завяршыўся вянчаннем і вяселлем.
Кожная сям’я праходзіць перыяд “прыціркі”. Наколькі складаным ён быў у нашых герояў?
– Мы палюбілі адзін другога, таму з самага пачатку сваю палавінку кожны стараўся прымаць з усімі добрымі якасцямі і недахопамі, – расказаў Віктар. – І, канечне ж, навучыліся саступаць.
У Беларусі пастаянна павышаецца памер дапамог у сувязі з нараджэннем дзіцяці, прымаюцца меры сацыяльнай падтрымкі сем’яў, пачынаючы ад сацыяльных выплат да дапамогі ў рашэнні жыллёвай праблемы. Сям’я Гарошкаў атрымала летась трохпакаёвую кватэру як шматдзетная. Самы старэйшы з дзяцей – сын Жэня, якому 16 гадоў, вучыцца ў 11 класе СШ № 1 г. Жабінка, захапляецца камп’ютарам; Ганначка, навучэнка 5 класа, займаецца выяўленчым мастацтвам, удзельнічала ў раённай алімпіядзе па англійскай мове і была другой у раёне; паўтарагадовая Палінка ахвотна малюе, любіць з мамай чытаць кніжкі. У доме ёсць многа цікавых развіццёвых гульняў і кніг.
– Мы з мужам сышліся характарамі, зразумелі асаблівасці кожнага, – заўважыла Галіна. – І гэта датычыцца не толькі хатніх спраў (да слова, цяпер прыгатаваць абед ці прыбрацца ў кватэры можам разам, у залежнасці ад ступені занятасці), але і ўсяго астатняга. У прыватнасці, адпачынку. Двойчы ездзілі з сям’ёй у Крым, былі і ў санаторыі. Самым запамінальным для нас выдаўся адпачынак ва Украіне на Арабацкай стрэлцы на Азоўскім моры (пасёлак Шчасліўцава). Ёсць ва ўсіх членаў сям’і агульныя захапленні – паездкі на прыроду, у паркі Брэста і Кобрына, любім гуляць і ў нашым гарадскім.
У сям’і Гарошкаў ёсць свае традыцыі: яны адзначаюць праваслаўныя і каталіцкія святы, таму што гаспадыня каталіцкага веравызнання. Некалькі разоў сям’я ўдзельнічала ў школьных конкурсах, у якіх падтрымлівалі Жэню і Ганначку. Калі ўзнікаюць праблемы, то мама і тата стараюцца вырашаць іх мірным шляхам.
У размове Галіна прызналася, што вельмі ўдзячная мужавым бацькам Валянціне Міхайлаўне і Мікалаю Дзмітрыевічу за добрае выхаванне сына. Ён закончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт г. Мінска, цяпер працуе інжынерам-праграмістам вышэйшай катэгорыі УП “ІВЦ Мінфін”. Віктар любіць майстраваць, радыёаматар, чытае многа навуковай літаратуры, у яго няма шкодных звычак.
Як толькі пажаніліся, Галіна і Віктар марылі абзавесціся сынам і дачкою. Дарэчы, Ганначка вельмі падобная на тату. Ён чытае ёй казкі на сон, што дзяўчынцы вельмі падабаецца.
– Наогул наш тата вельмі сур’ёзны, удумлівы і клапатлівы, – гавораць дзеці. – Мы яго любім і паважаем, маму таксама.
Дзеці – гэта ўзнагарода ад Бога. Жэня для мамы і таты памочнік, выносіць смецце, прыбірае ў кватэры, падмятае лесвіцу і пляцоўку ў доме, капае агарод, чым дапамагае дзядулю і бабулі. Ганначка – добрая, чулая, пяшчотная, у любой справе адказная, шмат вышывае, зай-
маецца бісерапляценнем, цікавіцца астраноміяй. Палінка – хуткая, актыўная, ёй усё цікава: танцаваць, гуляць, слухаць, як чытаюць ёй брат ці сястра.
Старэйшыя Гарошкі жывуць для дзяцей, дапамагаюць ім у вучобе. Калі дзеці растуць у такой любові, як у Гарошкаў, і з Богам у сэрцы, то і ў будучым будуць ствараць аналагічную атмасферу ў сваіх сем’ях.
– Мая жонка строгая, гаспадыня на ўсе сто, заўсёды ў яе прыгатаваны смачны абед, клапатлівая і ўважлівая, – расказвае Віктар. – У нас добра наладжаны быт. Уважлівыя і цудоўныя дзеці. Відаць, гэта і ёсць простае чалавечае шчасце.
Для Галіны быць шматдзетнай мамай самая лепшая прафесія. Яна, дарэчы, да дэкрэтнага адпачынку працавала тэхнікам у ПЧ-5, а да гэтага закончыла Брэсцкі чыгуначны каледж. Жанчына лічыць, таму, хто хоча быць па-сапраўднаму шчаслівым, трэба намаляваць на паперы дом, у якім ты хочаш жыць, сваю сям’ю і запісаць усё, да чаго імкнешся. Тады мары збудуцца.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.
Фота з сямейнага архіва.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top