ЛЕПШЫЯ З ЛЕПШЫХ У ПЕДАГАГІЧНЫМ МАЙСТЭРСТВЕ

ЛЕПШЫЯ З ЛЕПШЫХ У ПЕДАГАГІЧНЫМ МАЙСТЭРСТВЕ

IMG_4131IMG_3909Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.

У пятніцу, 20 студзеня, абвешчаны імёны прызёраў другога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года – 2017” на Жабінкаўшчыне.

ПЕРАМОЖЦЫ РАЁННЫХ КОНКУРСАЎ “НАСТАЎНІК ГОДА”:
1991 год – Валянціна Васільеўна ГАРБАЦЮК
1997 год – Кацярына Мікалаеўна СІДА
2004 год – Жанна Сяргееўна МІХАЙЛАВА
2006 год – Іна Уладзіміраўна ТАРАСЕВІЧ IMG_3860
2009 год – Віталіна Аляксандраўна ПАПКОВІЧ
(адзіная таксама пераможца абласнога і прызёр
рэспубліканскага этапаў)
2011 год – Наталля Віктараўна МАКСІМЧУК
2014 год – Алена Вітальеўна НАРУШ
2017 год – Аксана Валер’еўна СЫСОЕВА

Смелыя ля школьнай дошкі

ГАДЫ ЛЯЦЯЦЬ і шмат што мяняюць у нашым жыцці. Вось і мне некалі – нават не верыцца: ажно два дзясяткі гадоў мінула! – давялося IMG_4141паўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”. Калі прысутнічаў на сёлетнім спаборніцтве ў педмайстэрстве, міжволі параўноўвалася, як некалі было і як цяпер сталася. Вядома, тады не існавала ўсіх тых надта разумных вынаходніцтваў, якія сёння дазваляюць ствараць яркія карцінкі-прэзентацыі. Некалі ў фінальнай частцы канкурсантаў чакалі шматлікія пытанні і заданні. Удзельнікі самастойна выходзілі да мікрафона, каб прадэманстраваць перад перапоўненай залай на што вартыя, і дапамагалі ім толькі ўласныя веды, эрудыцыя ды крышачку артыстызму, а яшчэ – падтрымка калег ды вучняў, што напружана сачылі за дзеяй. Тады гэта больш нагадвала спартыўны марафон, зараз – шоу. Але ўсё ж, хоць і зменаў за гады адбылося нямала, ды галоўнае яднае: як тады, так і цяпер, ад педагогаў чакалі смеласці, каб перад патрабавальным журы справіцца з хваляваннем і годна адстаяць гонар сваіх навучальных устаноў. Бо калі перафразіраваць знакамітае выслоўе: “Адступаць няма куды – школьная дошка за намі!”
Сёлета другі этап рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Беларусі” стартаваў на Жабінкаўшчыне 16 студзеня. У ім прыняў удзел тузін педагогаў.
Сярод канкурсантаў, што на гэты раз уключыліся ў творчую барацьбу, найбольшую прадстаўнічасць мелі настаўнікі пачатковых класаў. З 12 удзельнікаў іх было роўна палова – гэта Галіна Аляксандраўна Дэйнак, якая займаецца з малодшымі навучэнцамі ў Якаўчыцкай сярэдняй школе; Наталля Васільеўна Кузьміч, што прадстаўляла Старасельскую адзінаццацігодку; Таццяна Валянцінаўна Падрубная, якая выкладае ў першай гарадской; настаўніца Крыўлянскай СШ Лідзія Васільеўна Пасюк, Вольга Аляксандраўна Раўнова з Ленінскай школы ды настаўніца пачатковых класаў другой гарадской школы Аксана Валер’еўна Сысоева.
Адзіным прадстаўніком моцнага полу (“дэфіцытнага”, на жаль, у сённяшняй педагагічнай сябрыне) стаў настаўнік фізічнай культуры і здароўя трэцяй гарадской школы Сяргей Аляксандравіч Карпук. Жабінкаўскі ліцэй даверыў паспрабаваць свае сілы ў спаборніцтве Юліі Мікалаеўне Юзвік, якая выкладае замежную мову. Муза Кліо дапамагала настаўніцы гісторыі Ракітніцкай СШ Наталлі Уладзіміраўне Салівончык. А царыца навук – матэматыка – спрыяла Алене Васільеўне Ануфрыюк з Хмелеўскай адзінаццацігодкі. Ад Маціевіцкай базавай школы брала ўдзел педагог працоўнага навучання Вольга Аляксееўна Цупа. Да настаўніцкай кагорты далучылася і выхавальніца да-школьнай адукацыі з ясляў-сада аграгарадка Ленінскі Святлана Іванаўна Рапінчук.
Усіх удзельнікаў чакалі сур’ёзныя выпрабаванні.
Ужо ў першы дзень, каб выявіць узровень ведаў у прадметах, якія выкладаюць канкурсанты, а таксама падрыхтоўку іх у педагогіцы і псіхалогіі, на базе ДУА “СШ № 3 г. Жабінка” прайшло тэсціраванне.
16-18 студзеня ў жабінкаўскім яслях-садзе № 5,
першай і трэцяй гарадскіх школах педагогі правялі адкрытыя ўрокі ці заняткі ў незнаёмых класах або групах.
Да таго ж ім давялося пісьмова падрыхтаваць сістэму педагагічнай дзейнасці.
За гэтыя тры практычныя этапы максімальна можна было атрымаць 86 балаў. Найлепшыя вынікі паказалі Аксана Сысоева, Таццяна Падрубная і Вольга Раўнова (на жаль, Вольга Аляксандраўна, якая даказала ўзровень свайго майстэрства і атрымала ад журы вельмі станоўчыя водгукі, па сямейных абставінах не змагла прыняць удзел у заключнай частцы спаборніцтваў).
Усё вырашалася ў пятніцу, 20 студзеня, калі у трэцяй гарадской школе адбывалася творчае, так званае сцэнічнае відовішча ўдзельнікаў конкурсу.

Яны ж – на сцэне

РАНЕЙ ГАЛОЎНАЙ “зброяй” у настаўніка былі крэйда ды ўказка, цяпер “узбраенне” найсучаснейшае, медыйнае і інтэрактыўнае. І ім у поўнай меры валодаюць педагогі, што і прадэманстраваў фінальны этап.
Яны знайшлі разнастайныя сродкі, каб давесці простую і зразумелую думку, што аб’ядноўвала ўсіх без выключэння: “Мая мара збылася: я – настаўнік! Гэта прафесія фарміруе і выхоўвае найлепшае стварэнне на зямлі – чалавека”. Той, каму пашчасціла стаць сведкам імпрэзы, што цягнулася (а лепей сказаць, праляцела з разнастайнасцю і хуткасцю) амаль тры гадзіны, мог упэўніцца: у нас надзвычай таленавітыя педагогі. Кожны свой занятак Таццяна Падрубная, напрыклад, будуе так, каб прыўнесці нешта новае, што дазволіць дзіцяці дакрануцца да таямніц навакольнага свету.
А крэда Аксаны Сысоевай – уважліва пачуць кожнага вучня, ствараючы ўмовы для ягонага індывідуальнага раскрыцця. У Сяргея Карпука дэвіз “Рух – гэта жыццё”, таму яго ўрокі накіраваны на развіццё каардынацыі, вынослівасці, хуткасці. Сплаў маладосці, крэатыўнасці, высокага ўзроўню тэарэтычных ведаў дазваляюць Юліі Юзвік фарміраваць пазітыўныя адносіны дзяцей да навучання. Чулы педагог, адда-дзены сваёй справе, які ведае магчымасці кожнага вучня, самааддана любіць дзяцей – гэта ўсё яна, Наталля Кузьміч. А добразычлівасць, імкненне да дыялогу на ўроку Наталлі Селівончык заўсёды выклікаюць цікавасць у вучняў да мінулага. Прынцып працы Алены Ануфрыюк: трэба вучыць кожнага, заўважаць стараннасць вучня, развіваючы яго здольнасці, па магчымасці навучыць самастойна рашаць самыя складаныя задачы. Уменне разгледзець нават у самых маленькіх школьніках асобу, знайсці “ключыкі” да іх сэрцаў і розуму дапамагаюць у працы Лідзіі Пасюк і Галіне Дэйнак. Ёсць свой дэвіз і ў Вольгі Цупы. Ён гучыць: “Стварай, выдумляй, спрабуй!” І сваім прыкладам настаўніца натхняе дзяцей. Выхавальніца Святлана Рапінчук стараецца зрабіць жыццё дашкольнікаў цікавым і захапляльным.
Канечне, у той дзень было шмат творчых знаходак, цікавых нумароў, аздобленых відэаролікамі, вершамі, песнямі, танцамі – сапраўдных міні-шоу. Сумна, дакладна, не было. Найцікавейшымі, на мой уласны густ, былі выступленні гаспадароў сцэны, а таксама прадстаўнікоў першай і другой гарадскіх школ, а якаўчыцкая “Галінка” (паводле купалаўскай “Паўлінкі”), як было заўважана пазней, назаўсёды ўвойдзе ў гісторыю педагагічных конкурсаў.
Калі ўжо карыстацца тэатральнай тэрміналогіяй, развязка павінна была адбыцца пасля максімальнага напружання падзей. І хоць старшыня журы, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Сцяпанаўна Бурко ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў сказала: “Яны ўжо ўсе пераможцы, бо набраліся сіл, мужнасці і прынялі ўдзел у конкурсе”, – усё ж патрэбна было назваць лепшых з лепшых у педагагічным майстэрстве па версіі сёлетняга творчага спаборніцтва.
Не будзем цягнуць паўзу. Прызёрамі, што прымуць удзел у абласным конкурсе ад Жабінкаўшчыны, у розных намінацыях сталі Алена Ануфрыюк, Юлія Юзвік, Сяргей Карпук, Таццяна Падрубная і Аксана Сысоева. Аксана Валер’еўна ўзнялася на сцэну апошняй. Яна абвешчана пераможцай конкурсу.
Канечне, многія разважаюць: лепш сініца ў руцэ, чым журавель у небе. Аднак Крышталёвы журавель, якім уганароўваюць найлепшых настаўнікаў краіны, – птушка надта спакуслівая і гордая. Добра было б, каб яна спусцілася з неба нарэшце ў рукі жабінкаўцаў. Пажадаем, каб гэта стала па сіле сённяшнім прызёрам, хоць пазмагацца на гэтым птушыным “паляванні” ой як няпроста.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Прывітанне, шаноўная рэдакцыя! Прачытала артыкул Анатоля Бензерука «Смелыя ля школьнай дошкі». І не магу пагадзіцца з аўтарам, што конкурс «Настаўнік года» «зараз — шоу». Гэта вялікая і напружаная праца. Так, мне давялося прайсці ўсе этапы гэтага конкурса. у мой час там быў сцэнічны нумар. А конкурс — 2017 мае зусім новы фармат. Як раз сцэнічнае шоу тут не мае месца. Нашых настаўнікаў, хто будзе выступаць на абласным этапе, чакаюць сапраўдныя настаўніцкія выпрабавнні: урок ў незнаемым класе, майстар-класс, міні-урок на сцэне. Гэта вельмі не проста.І на рэспубліканскім этапе таксама адсутнічае сцэнічнае шоу.
    НЕ хацелася б, каб нашы землякі, чытаючы газету, думалі, што настаўнікі на конкурсе толькі спяваюць і гуляюць, а не займаюцца справай. Гэта не так! Хто праходзіць выпрабаванні конкурсам, набывае вельмі карысныя навыкі для дальнейшай працы.
    Так пажадаем нашым канкурсантам, каб незнаёмы клас адгукнуўся, як родны; каб сумленнае журы заўважыла вашу неабыякавасць да педагагічнай справы. Творчага запалу Вам і ўдачы, дарагія канкурсанты! Вялікі крыштальны журавель чакае ВАс у сталіцы! (маленькі ўжо ёсць на жабінкоўскай зямлі).
    З найлепшымі пажаданнямі, фіналіст рэспубліканскага этапа
    конкурса «Настаўнік года — 2009», Папковіч Віталіна

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top