Пагавары са мною, мама…

Пагавары са мною, мама…

мамочка

Нарадзілася я ў пасляваенным 48-ым. На шчасце, не давялося спазнаць голад, адчуць страх ад разрыву бомбаў і снарадаў, не бачыла акупантаў-фашыстаў. Але заўсёды прасіла маму Арыну Трафімаўну расказаць пра тое, што давялося перажыць у вайну ёй і ўсім людзям.
Наколькі памятаю, мама і тата з маленькім сыночкам Георгіем у 1942 годзе былі высланы ў Германію. Працавалі ў сельскай гаспадарцы. Вярнулася сям’я дадому восенню 1945 года. Калі пачалося вызваленне і нашы салдаты дайшлі да Кёнігсберга, мае бацьк былі вызвалены з фашысцкага рабства. Тата апынуўся на фронце і дайшоў да Берліна, а мама засталася працаваць поварам у салдацкім абозе. Толькі восенню 1945 года бацька вярнуўся дадому, але на фронце атрымаў кантузію. Аб усім перажытым матуля часта расказвала нам, паклаўшы на стол свае напрацаваныя мазолістыя рукі. Мне вельмі дарагія гэтыя ўспаміны, бо ў венах пасляваеннага пакалення цячэ кроў продкаў, людзей, якія змаглі перамагчы фашысцкую навалу.
Пасля вайны ў нашай сям’і, якая жыла ў вёсцы Шані на Пружаншчыне, нарадзілася яшчэ трое дзяцей: Уладзімір, Лідзія і я. Мясціны дзяцінства засталіся ў маім сэрцы назаўсёды. Тым больш, што мама была надзелена дзіўным талентам расказчыцы аб тым, што адбываецца навокал. А яшчэ яна любіла прыроду. Выйдзе вечарам на вуліцу, сядзе на парог і кліча нас, дзяцей, паказвае на ўзыходзячы месяц і любуецца ім. Захаплялася сваёй малой радзімай і паважала аднавяскоўцаў. Пра лёсы многіх з іх распавядала нам. Мы слухалі яе з цікавасцю, таму што ўмела расказваць. Дый гэта ж сапраўдныя жыццёвыя гісторыі! Вось адна з іх. Нашымі суседзямі была сям’я Андрэя Юшкевіча. У фашысцкую акупацыю яна прапала. Аднойчы ранкам, як расказвала мама, фашысты вывелі гаспадара разам з усёй сям’ёй з дому. Так больш ніхто з Юшкевічаў і не з’явіўся ў Шанях. Пазней вяскоўцы гаварылі, што пакараны за сувязь з партызанамі.
З узростам па-асабліваму ўспамінаюцца гады дзяцінства і юнацтва: часта пуховая пярына, зробленая матулінымі рукамі, пірагі, спечаныя ў вясковай пячы, цёплыя і ласкавыя абдымкі і вечаровыя малітвы пры цёмным агні лямпы. Сваю веру яна пранесла праз увесь атэістычны час, як запаленую свечку. У доме ў нас заўсёды былі развешаны абразы, шчыра святкаваліся царкоўныя святы, асабліва Раство Хрыстова і Вялікдзень. Я памятаю, што ў вёсцы добра прыжылася традыцыя, якая адбывалася на калядную вячэру. Дзеці, падлеткі і юнакі ішлі гурбою па вёсцы, заходзілі ў кожны дом і спявалі калядныя песні, а потым расчынялі свае мяшочкі, а шчодрыя гаспадары клалі туды цукеркі, пірагі, яблыкі.
Дасюль, хоць мне ўжо пад семдзесят, памятаю, як мама малілася. Словы малітваў яна прамаўляла так, як бы Гасподзь Бог стаяў побач. У яе голасе была ўпэўненасць у тым, што Ён яе чуе. Мы часта з ёю вечарамі размаўлялі на духоўныя тэмы. Памятаю, як яна вучыла нас малітве “Ойча наш”, зашывала рукапісныя малітвы ў кішэні на ўдачу. Выхоўвала сваіх дзяцей у веры і засцерагала ад заганнага ўздзеяння гэтага свету, за што ёй цяпер вельмі ўдзячна. Менавіта яе прыклад адносін да Бога і людзей адыграў значную ролю ў маім жыцці.
Праходзяць гады, але я вельмі добра памятаю нашу апошнюю сустрэчу, якая адбылася ў 1996-ым. Як заўсёды, развітвалася перад ад’ездам. Мама абняла мяне, перахрысціла, паклала мне руку на галаву (раней яна так ніколі не рабіла), яшчэ раз абняла і пацалавала. Быццам бы сэрцам адчувала, што больш мы з ёю не ўбачымся.
У гэтым жа годзе яе не стала. Цяпер напамінкам пра дзяцінства і юнацтва з’яўляецца бацькоўская сядзіба, на якой парадак падтрымлівае сястра Лідзія. З чацвярых дзяцей сям’і на сваю малую радзіму прыязджаем толькі я і самая малодшая з усіх – Лідзія.
Паверце, нават у глыбокай старасці хочацца адчуць матуліну падтрымку і дотык цёплых рук, пяшчотнае яе слова, якое сагравае душу і сэрца.
Вольга МІХАЛЬКЕВІЧ, г. Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro