Паспрыяла поспеху любоў да роднай мовы

Паспрыяла поспеху любоў да роднай мовы

 Анатоль БЕНЗЯРУК.IMG_5098

Фота аўтара.

Сярод мноства прадметаў, на якія багата сённяшняя надзвычай няпростая школьная праграма, для дзевяцікласніцы з першай гарадской школы Сашы Грыцак адны з найцікавейшых заняткі па беларускай мове, якія праводзіць Людміла Сямёнаўна Міхалойць. Таму і свой нядаўні выдатны ўдзел у абласной алімпіядзе сярод моваведаў дзяўчына з задавальненнем па-дзяляе з любімай настаўніцай. А тая ў сваю чаргу ахвотна расказвае, што дапамагло вучаніцы дасягнуць поспеху:

– Саша вельмі сціплая дзяўчынка, аднак працавітасці ёй не займаць, ніколі не абыякавая да сваіх вынікаў, ніхто з маіх навучэнцаў гэтак адказна і старанна не падыходзіў да выканання алімпіядных заданняў, настолькі хацелася ёй выступіць годна. Таму вельмі прыемна, што атрымалася, як марылася. Бо, каб мары сталі яваю, шмат патрэбна працы, настойлівасці і веры ў свае сілы ды веды.
Нельга сказаць, што шлях да гэтага быў кароткім і простым. Ужо з пятага класа Саша Грыцак удзельнічала ў алімпіядах па беларускай мове. Да сёлятняга абласнога этапу рыхтавалася штодня, штудзіравала падручнікі, складала вусныя выказванні, водгукі на вершы айчынных паэтаў, у чарговы раз перачытала любімы твор Уладзіміра Караткевіча “Зямля пад белымі крыламі”. У гэтым цудоўным нарысе настолькі проза набліжана да паэзіі і пранікнёна перада-дзены гістарычны дух Бацькаўшчыны, што дасюль многія ўспрымаюць яе, як краіну мірных людзей і птушак.
Іспыты ў горадзе над Бугам выдаліся нялёгкімі, але вельмі цікавымі і адказнымі. Па-першае, істотна змяніўся ранейшы адбор удзельнікаў. Пра гэта расказвае настаўніца, якая ўсе чатыры дні падтрымлівала сваю вучаніцу.
– Упершыню журы папярэдне праводзіла рэйтынгавы адбор на падставе выніковых пратаколаў раённага этапу, – расказвае Людміла Сямёнаўна. – Раней перамога ў раёне аўтаматычна станавілася пропускам у абласны тур. Сёлета арганізатары пайшлі іншым шляхам, самастойна адбіраючы тых, каму будзе суджана адстойваць гонар сваіх школ і раёнаў. У выніку прадстаўнікі некаторых раёнаў зусім не трапілі на інтэлектуальнае спаборніцтва. Пазней, падводзячы ўжо вынікі абласнога этапу, суддзі адзначалі, што не памыліліся ў выбары, бо веды вучняў па роднай мове і літараутуры аказаліся прыкметна вышэй за мінулагоднія.
Такім чынам Аляксандра Грыцак стала адзінай прадстаўніцай Жабінкаўшчыны, якая паўдзельнічала – прычым надзвычай вынікова і ўдала! – у абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. А ўсяго ў Інстытуце развіцця адукацыі сабраліся на іспыты па роднай мове 25 юнакоў і дзяўчат з дзявятых класаў Брэстчыны. 9 студзеня спецыяльна для іх увечары быў арганізаваны вельмі прыгожы і захапляльны канцэрт дзіцячых самадзейных калектываў.
А наступны дзень стаў першым у спаборніцтвах, калі ўдзельнікі высвятлялі, хто лепш можа скласці водгук на верш Анатоля Вярцінскага “Дурман”. За першым крокам – наступны, які праводзіўся 11 студзеня, у сераду. На ім выконвалася комплексная работа, што ўключала пытанні і заданні як па мове, так і па літаратуры. У чацвер патрабавалася зрабіць вуснае выказванне. Пры гэтым кожны цягнуў білет, і ў гэтым ў Сашы аказалася лёгкая рука, бо тэма гучала: “Школа – гэта найвялікшы цуд, які мы маем”. Пра тое, што нясе нам школа дзяўчына, здаецца, можа расказваць бясконца. Пасля апошняга тура знаёміліся з вынікамі і маглі падаць апеляцыю, калі ў нечым нязгодныя.
Нарэшце, надышоў апошні алімпіядны дзень, ужо не конкурсны, але самы доўгачаканы, бо падсумоўваў вынікі і ўзнагароджваў найлепшых. І хоць была пятніца, да таго ж 13-га, для дзяўчыны з Жабінкі гэты дзень стаў па-сапраўднаму шчаслівым. Аднак перад тым – зноў хваляванне, бо строгае журы быццам знарок цягнула паўзу, пздводзячы канчатковыя вынікі. У час, які, здавалася, цягнуўся бясконца, алімпіёнікі сталі гледачамі канцэрта. А затым для Аляксандры Грыцак, падтрыманай гарачымі апладысментамі, настаў надзвычай прыемны момант. За выдатнае выступленне на абласным этапе яна атрымала дыплом ІІ ступені.
Цяпер дзяўчыну чакае яшчэ больш адказная справа – падрыхтоўка і ўдзел у складзе каманды Брэстчыны ў рэспубліканскім этапе, які звычайна праводзіцца на веснавых канікулах. Пажадаем Сашы ўслед за яе настаўніцай поспеху і ўдачы. Хацелася б таксама, каб добрыя навучэнцы мелі большы стымул да заняткаў, у тым ліку і матэрыяльны, як гэта робіцца ў некаторых іншых раёнах.
На здымку: Саша Грыцак са сваёй настаўніцай Людмілай Сямёнаўнай Міхалойць.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro