Перагортваючы жыцця старонкі

Перагортваючы жыцця старонкі

Игнатчик

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Леанід Емяльянавіч Ігнатчык часта бярэ ў рукі фотаальбом. З вялізных, перавязаных жоўтай стужкай старонак глядзяць твары яго родных і блізкіх, сяброў, з якімі ішоў па жыцці на працягу ўсіх сямідзесяці гадоў.
…На першай старонцы – маладыя бацька і маці, побач стаяць старэйшыя сястра і брат, а на каленях у таты – ён, віхрасты Лёня з недаверлівым позіркам. А як жа! Фатограф абяцаў, што з камеры вылеціць птушачка. Падмануў малога… Замест яе нешта блісканула і ўсё…
Басаногае дзяцінства. Дзіўным і прыгожым здавалася яму – пасляваеннаму дзіцяці. Не разумеў толькі, чаму бацькі часта ўздыхаюць, калі пасля працоўнага дня на ферме вяртаюцца дадому. Малы Лёнік дапамагаў ім як мог: каня запрэгчы, кароў падаіць, дроў у падпечак нанасіць. Пакуль усе татавы даручэнні выканае, дык не застаецца часу на ўрокі. Вочы нібыта самі зліпаліся над падручнікамі. А старэйшая Валя ў сшытку нешта строчыць і строчыць. Яе настаўнікі пастаянна ставілі ў прыклад усяму класу. А ў Лёніка вучоба не ішла.
Вось яны, дзесяцікласнікі Сіманавіцкай школы Драгічынскага раёна, стаяць на ганку – парозе новага жыцця. На фотаздымку сур’ёзныя твары настаўнікаў. Адзін з іх паўплываў на лёс Лёні – вёў урокі фізкультуры і працоўнага навучання і ўгаварыў вучня ісці па ягоным шляху. Хлопец прыняў параду настаўніка і стаў студэнтам Пінскага індустрыяльнага педагагічнага тэхнікума. Пасля вучобы яго, выпускніка, накіравалі ў Бярозаўскі раён выкладаць фізічную культуру і чарчэнне.
На наступных здымках – мора і караблі. Доўгіх тры гады Леанід служыў у марфлоце на Далёкім Усхо-дзе, хадзіў у Ціхім акіяне, у Японскім моры, пабываў у сумна вядомых Хірасіме і Нагасакі і марыў хутчэй вярнуцца дадому, да роднай зямлі. Яго мара збылася акурат пад Новы год: пад бой курантаў трапіў у родную вёску Сіманавічы, у абдымкі маці, бацькі, сястры і братоў. Вось гэта быў для іх навагодні падарунак!
На наступных здымках ён – высокі, прыгожы хлопец з кучаравай шавялюрай вядзе ўрокі са старшакласнікамі ў школе, дзе некалі вучыўся сам.
Узгадваецца, як па сваёй ініцыятыве арганізаваў гурток і вёў аўтасправу. Адчуваў, што тэхніка цікавіць яго значна больш, чым выпілоўванне табурэткі на ўроках працы.
А вось на здымках з’явілася яна – Алена Сяргееўна, настаўніца пачатковых класаў. Тоненькая, нібы трасціначка, валасы ўкладзены па модзе, голас нязвонкі, але ўпэўнены. Іх, маладых настаўнікаў, пад час нейкага школьнага свята пасадзілі разам за адзін стол, а ўжо праз чатыры месяцы калегі, суседзі і сябры крычалі “горка!” шчаслівым маладажонам. На днях, дарэчы, спаўняецца 45 гадоў, як разам ідуць па жыцці…
…На чарговым здымку весела пасміхаецца бяззубым роцікам першынец Алежка на руках у таты.
Нараджэнне сыночка надало ўпэўненасці Леаніду – вырашыў займацца тым, да чаго душа ляжала. Употай ад усіх завёз дакументы ў Горацкую сельгасакадэмію. Малады тата днём выдатна спраўляўся з абавязкамі настаўніка, а па начах рыхтаваўся да сесій, клопаты аб немаўляці дзяліў разам з жонкай. Алена таксама стала студэнткай-завочніцай, таму мітусні хапала ўсім. Але на тое і маладосць, каб спраўляцца з часовымі перашкодамі!
А вось на фотаздымку старэйшая сястра Валянціна. Яна пераехала ў Жабінку, знайшла працу ў саўгасе “Жабінкаўскі” і часта клікала да сябе Ігнатчыкаў.
– Лёня, давай да нас пераязджай, а? Работу знойдзеш і жыллё атрымаеш…
А чаго разважаць? Трэці курс, практыку трэба праходзіць па спецыяльнасці, а тут такая магчымасць… Гаспадарку ўзначальваў Варановіч. З ім хутка знайшлі агульную мову. І вось Леанід Емяльянавіч аказаўся ў Жабінцы ў якасці інжынера па тэхніцы бяспекі. Далі дом з рамонтам. Жыві і радуйся! Прывёз жонку, трохгадовага Алежку. Жыццё стала пакрысе наладжвацца. Калі сынок з букетам гладыёлусаў пайшоў у першы клас, нарадзілася Волечка. Дом, сям’я, работа. Што яшчэ для шчасця трэба?
У 1985 годзе Ле-аніда Емяльянавіча адправілі вучыцца на курсы кіруючых кадраў. Прымяніў свае веды на практыцы, бо давялося пераязджаць у вёску Крыўляны, узначальваць тагачасны калгас “Світанак”.
90-ыя гады мінулага стагоддзя былі няпростыя для ўсіх. Справы ў гаспадарцы не ладзіліся, многа было немеханізаванай працы, а заробкі – мінімальныя. Помніцца Леаніду Емяльянавічу, як даяркі насілі малако ў вёдрах (атрымлівалі надоі 2300 кілаграмаў на адну фуражную карову). Не хапала механізатараў, гной з фермы вычышчалі віламі, бо транспарцёрная сістэма гноевыдалення часцяком псавалася, кармы грузілі на цялежкі і раскідвалі лапатамі… Дзякуючы самаадданай, руплівай, хоць і вельмі цяжкай працы жывёлаводаў і паляводаў, калгас не займаў апошнія радкі ў раённых зводках.
Хацелася старшыні зрабіць жыццё працаўнікоў лягчэйшым, больш радасным.
“Другое жыццё” прыйшло ў вёску з наданнем ёй статусу аграгарадка. Школа, сад, сельскі клуб, бібліятэка ў Крыўлянах абнавіліся, сталі выглядаць сучасна пасля праведзенага рамонту. З’явіліся ўрачэбная амбулаторыя, аптэка, аддзяленне ашчаднага банка, увесь сацыяльны “набор” для вяскоўцаў. Марылі, каб газ прыйшоў у Крыўляны. Многія змены, праўда, адбыліся, калі Леанід Емяльянавіч стаў старшынёй Крыўлянскага сельскага Савета. Дарэчы, на гэтай пасадзе ён адпрацаваў 15 гадоў. Шмат падзей выпала – і радасных, і не вельмі. Клопатаў у старшыні о-го-го колькі! Ішлі, званілі ў сельсавет людзі з надзеяй: Емяльянавіч – чалавек разумны, усіх ведае, дапаможа. Дровы чамусьці не вязуць? Ліхтар вуліцу не асвятляе? Сена карове на зіму трэба назапасіць? Лазню зачыняюць? Плот пафарбаваць? Пустазелле абкасіць? Немаўля зарэгістраваць? Могілкі прыбраць? Аварыйнае дрэва спілаваць? Малако з падворкаў нізкім тлушчам залічылі? На ўсе гэтыя і іншыя што-дзённыя пытанні Леанід Емяльянавіч тактоўна даваў адказы, у кожным спрэчным выпадку разбіраўся. І людзі яму давяралі, верылі, што дапаможа, і кожныя тры гады пацвярджалі на выбарах мясцовых Саветаў дэпутатаў, што на гэтай пасадзе хочуць бачыць менавіта яго. Людскі давер дарагога каштуе.
…Пайшоў шосты год, як перадаў клопаты аб сельсавеце маладзейшаму Анатолю Марчуку.
На заслужаным адпачынку не сядзіцца без работы, цікавіцца ўсім, што робіцца ў свеце. Сумаваць не даюць дзеці і ўнукі. Радуецца, што разам з Аленай Сяргееўнай вырасцілі годных сына і дачку, маюць цэлую плеяду медыкаў. Сын Алег, напрыклад, адвучыўся ў Гродзенскім медуніверсітэце і працуе судмедэкспертам разам са сваёй жонкай. Па бацькоўскіх слядах пайшоў старэйшы ўнук Ігар, выпускнік Мінскага медінстытута, а малодшы Кірыл – пяцікласнік трэцяй гарадской школы, пакуль з прафесіяй не вызначыўся. Дачка Леаніда Емяльянавіча Вольга працуе ўчастковым тэрапеўтам у райбальніцы, яе муж – Алег Бутрым – узначальвае райаддзел надзвычайных сітуацый. Разам гадуюць трох дачок – Настассю, Алесю і першакласніцу Ганначку. Калі ўсе збіраюцца за святочным сталом, у хаце Ігнатчыкаў становіцца хораша і радасна.
…Звіняць у суседнім пакоі звонкія галасы шчабятушак-унучак. У вялізным сямейным альбоме Ігнатчыкаў яшчэ многа свабодных старонак. У іх абавязкова трапяць фотаздымкі, што раскажуць пра далейшы лёс гэтага роду.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*