Візіты Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет і Судан

Візіты Прэзідэнта Беларусі ў Егіпет і Судан

1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15-17 студзеня зрабіў афіцыйныя візіты ў Арабскую Рэспубліку Егіпет і Рэспубліку Судан. У Каіры кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам аль Сісі. Былі разгледжаны актуальны стан двухбаковых адносін і перспектывы іх вываду на больш высокі ўзровень. У цэнтры ўвагі знаходзіліся тэмы развіцця ўзаемавыгадных гандлёва-эканамічных сувязей, вытворчай кааперацыі. На парадку дня таксама пашырэнне беларуска-егіпецкіх кантактаў у гуманітарнай сферы, уключаючы навуку, адукацыю, ахову здароўя, турызм. Адбыліся сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прэм’ер-міністрам Егіпта Шэрыфам Ісмаілам і іншымі афіцыйнымі асобамі гэтай краіны. Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.
У Хартуме Аляксандр Лукашэнка правёў перагаворы з Прэзідэнтам Судана Амарам Хасанам Ахмедам аль-Башырам. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням эканамічнага супрацоўніцтва. Заключаны шэраг дамоўленасцей аб развіцці ўзаемадзеяння ў розных сферах. У Хартуме Прэзідэнт Беларусі таксама сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Судана Хасабу Абдэльрахманам і старшынёй Нацыянальнай асамблеі Ібрагімам Амерам. Кіраўнік беларускай дзяржавы выступіў перад дэпутатамі абедзвюх палат парламента Судана, дзе падрабязна расказаў аб перавагах супрацоўніцтва з Беларуссю і праведзеных перагаворах на вышэйшым узроўні, шчыра падзяліўся сваім меркаваннем па актуальных пытаннях беларуска-суданскіх адносін. У сталіцы Судана 17 студзеня таксама прайшоў беларуска-суданскі дзелавы форум, па выніках якога падпісаны пералік кантрактаў і дасягнуты перспектыўныя дамоўленасці.

Беларусь і Егіпет дамовіліся пашыраць знешнегандлёвыя інтарэсы адно аднаго ў сваіх эканамічных саюзах

Беларусь і Егіпет дамовіліся пашыраць знешнегандлёвыя інтарэсы адно аднаго ў эканамічных аб’яднаннях краін, членамі якіх з’яўляюцца. Аб гэтым гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Егіпта Абдэль Фатаха аль Сісі, якую лідары дзяржаў падпісалі па выніках перагавораў.
Улічваючы агульнае імкненне да ўмацавання беларуска-егіпецкіх адносін, бакі прынялі рашэнне аб паглыбленні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. У прыватнасці, краіны згадзіліся сумесна працаваць над заключэннем Пагаднення аб свабодным гандлі паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і яго дзяржавамі-членамі з аднаго боку і Егіптам з іншага боку.
Кіраўнікі дзяржаў сышліся на думцы, што эканамічнае супрацоўніцтва ўяўляе сабой рухальную сілу беларуска-егіпецкіх адносін. Таму бакі гатовы пры захаванні рыначных правіл пашыраць гандаль канкурэнтаздольнымі таварамі, сумесна спрашчаць умовы ўзаемнага гандлю, садзейнічаючы збалансаванаму росту яго аб’ёму.
Акрамя таго, Егіпет станоўча разгледзеў імкненне Беларусі атрымаць статус наглядальніка ў Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.

Трэніроўкі і падрыхтоўка кадраў: Беларусь і Егіпет будуць умацоўваць супрацоўніцтва
ў розных сферах

Кіраўнікі дзяржаў адзначылі, што тэрарызм і экстрэмізм па-ранейшаму ўяўляюць сур’ёзную пагрозу рэгіянальнай і сусветнай бяспецы і стабільнасці. Бакі пацвердзілі неабходнасць умацоўваць супрацоўніцтва ў барацьбе з тэрарызмам і тэрарыстычнымі арганізацыямі, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, незаконным абаротам наркатычных сродкаў, незаконнай міграцыяй і гандлем людзьмі.
Для сумеснага процістаяння новым пагрозам і выклікам Беларусь і Егіпет будуць арганізоўваць кансультацыі, абменьвацца інфармацыяй і вопытам, рыхтаваць кадры, праводзіць сумесныя трэніроўкі, развіваць узаемадзеянне ў іншых сферах.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах аль Сісі падпісалі сумесную дэкларацыю, у якой падкрэслілі агульнае імкненне да ўмацавання беларуска-егіпецкіх адносін.
Па выніках перагавораў бакі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі культуры, мемарандумы па пытаннях супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы, аб узаемаразуменні па пытаннях узаемадзеяння ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве ў сферы аховы і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў, а таксама ў сферы аховы навакольнага асяроддзя, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў і змянення клімату.
Акрамя таго, падпісаны дарожная карта па рэалізацыі мемарандума ў гандлёва-эканамічнай і сацыяльна-культурнай сферах паміж Мінскай вобласцю і Паўднёвым Сінаем, дагаворы аб выдачы і аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх і эканамічных справах, пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы фізічнай культуры і спорту.

Перад Беларуссю і Егіптам адкрываюцца новыя гарызонты супрацоўніцтва

На думку кіраўніка дзяржавы, у Егіпце можна арганізаваць новыя сумесныя зборачныя прадпрыемствы, у прыватнасці па выпуску кар’ернай, дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі.
«Сёння ў свеце вялікі інтарэс да выкарыстання беларускіх тэхналогій геолагаразведкі, бурэння глыбакаводных свідравін, ачысткі сцёкавых вод. Нашы спецыялісты гатовы падзяліцца з егіпецкімі партнёрамі набытымі ведамі і практычным вопытам, – сказаў Прэзідэнт. – У аграпрамысловай сферы мы можам сумесна рэалізоўваць праекты аж да стварэння дэманстрацыйных гаспадарак і перапрацоўчых прадпрыемстваў».
Прэзідэнт заклікаў прадстаўнікоў бізнесу абедзвюх краін актыўней выкарыстоўваць у наладжванні двухбаковых сувязей магчымасці беларуска-егіпецкай гандлёвай камісіі, рабочай групы па развіцці супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці.
Дарожную карту развіцця беларуска-егіпецкага супрацоўніцтва распрацуюць за першы квартал 2017 года. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на адкрыцці беларуска-егіпецкага дзелавога форуму.
Прэзідэнт заўважыў, што менавіта такую прапанову агучыў егіпецкі бок, і Беларусь падтрымала яе. «Ад нас хуткасць руху да зададзенай мэты залежаць не будзе. Мы будзем рухацца настолькі хутка, наколькі захоча гэтага Егіпет, – заявіў кіраўнік дзяржавы. – Я папрасіў бы членаў урада і кіраўнікоў нашых буйнейшых прадпрыемстваў аб гэтым помніць. Мы заўсёды былі людзьмі абавязковымі, і за гэта нас у свеце цанілі і цэняць».

Судан стаў для Беларусі адным з важнейшых партнёраў на афрыканскім кантыненце

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь планамерна рэалізуе ўласную знешнюю палітыку зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, а не ўказанняў сусветных цэнтраў сілы. «Мы выступаем за развіццё адносін з усімі дзяржавамі ў духу ўзаемнай павагі, за неўмяшанне ва ўнутраныя справы і прызнанне разнастайнасці шляхоў развіцця», – сказаў ён.
Паводле слоў Прэзідэнта, мэта цяперашняга візіту ў Судан – замацаванне дасягнутых вынікаў і вызначэнне новых перспектыўных напрамкаў сумеснай дзейнасці.
«У нас ужо ёсць надзейныя партнёры для экспарту сельскагаспадарчай і грузавой тэхнікі. Зной-дзены агульныя інтарэсы ў аграрнай і абароннай сферах. Разам з тым яшчэ шмат што трэба зрабіць. Наша задача – замацаваць высокі ўзровень палітычнага даверу эканамічнымі вынікамі. Як вы правільна сказалі, пара нам пад палітычнае супрацоўніцтва падводзіць эканамічную базу», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, беларускі бок разгледзіць любыя варыянты ўдзелу ў праектах развіцця прамысловасці і інфраструктуры Судана. У прыватнасці, ёсць магчымасць пастаўляць кар’ерныя самазвалы, дарожна-будаўнічую, камунальную і пагрузачную тэхніку, розныя мадыфікацыі трактароў, грузавікоў і аўтобусаў, тэхналагічнае прамысловае абсталяванне, электратэхнічную і оптыка-электронную прадукцыю. Пры гэтым прапануюцца розныя варыянты экспартнага крэдытавання.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь валодае рашэннямі і тэхналогіямі, якія могуць павысіць харчовую бяспеку Судана, умацаваць патэнцыял гэтай краіны ў раслінаводстве, жывёлагадоўлі, ірыгацыі і малочнатаварнай вытворчасці.
Ён адзначыў, што пры высокай якасці беларускіх навукова-тэхнічных распрацовак, паслуг і тавараў яны больш даступныя, чым многія аналагі з іншых краін.
Прэзідэнт таксама лічыць перспектыўным магчымае ўзаемадзеянне ў сферах геолагаразведкі і эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Ва ўмовах істотнага дысбалансу паміж экспартам і імпартам ён прапанаваў прадметна прапрацаваць пытанні наладжвання паставак у Беларусь тавараў з Судана.
Беларусь і Судан заключылі дагавор аб сяброўскіх адносінах і супрацоўніцтве. Подпісы пад дакументам пасля завяршэння афіцыйных перагавораў у Хартуме паставілі лідары дзвюх краін Аляксандр Лукашэнка і Амар Хасан Ахмед аль Башыр.
Кіраўнікі дзяржаў таксама падпісалі сумесную заяву. Абодва лідары пацвердзілі ўзаемнае імкненне да далейшага развіцця і паглыблення сяброўскіх сувязей паміж дзвюма краінамі ў розных сферах.
Адзначаны канструктыўны характар развіцця двухбаковых адносін і пацверджана неабходнасць іх паглыблення. Асновай для гэтага стане падпісаны дагавор.
Выказана таксама зацікаўленасць у развіцці ўзаемавыгадных адносін паміж галіновымі міністэрствамі, у актывізацыі прамых кантактаў на ўзроўні сярэдняга і малога бізнесу, стварэнні сумесных прадпрыемстваў у галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, здабычы карысных выкапняў, харчавання і фармацэўтыкі.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Амару Хасану Ахмеду аль Башыру за аказаны сардэчны прыём і запрасіў Прэзідэнта Судана наведаць Беларусь. Запрашэнне было з удзячнасцю прынята.
Акрамя таго, у прысутнасці прэзідэнтаў падпісана міжурадавае пагадненне аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый.
Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Судана аб узаемным супрацоўніцтве. Яшчэ адзін мемарандум падпісаны паміж Міністэрствам энергетыкі Беларусі і Міністэрствам водных рэсурсаў, ірыгацыі і электрыфікацыі Судана аб супрацоўніцтве ў галіне электраэнергетыкі.
Падпісана таксама праграма развіцця супрацоўніцтва ў сферы вышэйшай адукацыі паміж Беларуссю і Суданам на 2017-2020 гады.
Беларусь і Судан выпрацуюць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва з акцэнтам на практычныя вынікі. У выпадку аператыўных дзеянняў і з суданскага боку ўжо на працягу бліжэйшых двух-трох гадоў на суданскай зямлі з удзелам Беларусі могуць быць створаны многія вытворчасці.
Ён адзначыў, што без будаўніцтва ў Судане не можа быць развіцця. У сувязі з гэтым Прэзідэнт прапанаваў, каб, як і ў Венесуэле, з удзелам беларускіх спецыялістаў у гэтай краіне будаваліся цагельныя заводы, цэментныя вытворчасці, пастаўлялася тэхніка.
Беларусь гатова падключыцца да праграм па развіцці галін, якія рэалізуюцца ў Судане і стаць стратэгічным партнёрам у пашырэнні інтарэсаў суданскіх таваравытворцаў на вялікай тэрыторыі Еўропы і Азіі. На перагаворах падкрэслена важнасць паглыблення кантактаў у гуманітарнай сферы, уключаючы адукацыю, ахову здароўя, навуку. Абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва на міжнароднай арэне.
«Нашы краіны збліжаюць імкненне да ўзаемнага паважлівага і раўнапраўнага супрацоўніцтва з усімі без выключэння партнёрамі, паслядоўная абарона права самастойна выбіраць мадэль развіцця», – звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
БелТА.

На здымку: Аляксандр Лукашэнка і Абдэль Фатах аль-Сісі ў час наведвання выстаўкі беларускай тэхнікі

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro