новости

Ветэранская арганізацыя
на шляху да юбілею

18 студзеня адбылося пасяджэнне прэзідыума раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў. Былі падве-дзены вынікі працы за мінулы год, які вызначыўся шэрагам важных грамадска-палітычных мерапрыемстваў, у іх ліку – актыўны ўдзел сяброў арганізацыі ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, міжнароднай масавай акцыі “Бессмяротны полк”, што ўпершыню ладзілася на Жабінкаўшчыне. Як адзначалася ў справаздачы старшыні арганізацыі Анатоля Старыцкага, сёлетні год чакаецца не менш адказным, паколькі плануюцца значныя мерапрыемствы з нагоды 30-годдзя рэспубліканскай і раённай арганізацый. Намаганні сяброў жабінкаўскай суполкі будуць скіраваны на падрыхтоўку да гэтых важных юбілейных дат.

З фестывалю – з дыпломамі

У Брэсцкім абласным цэнтры моладзевай творчасці адбыўся міжнародны фестываль дзіцяча-юнацкай творчасці “Мы разам”. Удала выступілі на ім выхаванцы Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Ансамбль цымбалістаў “Вясёлы настрой” (кіраўнік Надзея Рыгораўна Жываева) і ўзорны аркестр народных інструментаў (кіраўнік Наталля Мікалаеўна Грэцкая) у намінацыі “Інструментальная творчасць” узнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў I ступені. Харэаграфічны ансамбль “M&Ms” (кіраўнік Алена Аляксандраўна Калюшык) у намінацыі “Народна-сцэнічны танец” адзначаны дыпломам лаўрэата III ступені.

Жыццё прысвяціў справам веры

22 студзення спаўняецца 215 гадоў з дня нараджэння Якава Лявонцьевіча Жалязоўскага (1802-1872), больш вядомага пад імем Ігнація, епіскапа Брэсцкага і вікарнага епіскапа Літоўскага. Месца нараджэння гэтага слыннага дзеяча праваслаўнай царквы – вёска Вялікія Сяхновічы, дзе служыў настаяцелем ягоны бацька (дарэчы, пахаванне Лявонція Жалязоўскага дасюль захоўваецца ля мясцовага Свята-Мікалаеўскага храма). Уладыка Ігнацій стаў адным з ініцыятараў аб’яднання грэка-рымскай царквы (уніяцтва) з праваслаўем, на тэрыторыі Жабінкаўшчыны асвяціў некалькі храмаў, у тым ліку ў вёсцы Крупчыцы (Чыжэўшчына) на месцы знакамітай бітвы 1794 года паўстанцаў-касцюшкаўцаў з войскам Аляксандра Суворава.

“Добрае сэрца” і дровы паколе_MG_3683

Марыя Іванаўна Кацупій знаходзіцца ў такім узросце, які прынята называць “восенню жыцця”. Пасівелую бабулю наведваюць суседзі, дзеляцца навінамі, каб не так адчувалася ёй адзінока. 86-гадовая жанчына знаходзіцца на надомным абслугоўванні. Дапамагае ў хатніх справах, прыносіць лекі, прадукты з магазіна сацыяльны работнік Любоў Якаўлеўна Крываручка. Ёй і паскардзілася неяк бабуля, што ля хлява ляжаць непапілаваныя дровы. Ды дзе самой з такой задачай справіцца, ледзь па хаце тупае… З ініцыятывы цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва руку дапамогі працягнулі валанцёры “Добрага сэрца”. Пяць актывістаў грамадскага аб’яднання РК “БРСМ” на чале з першым сакратаром райкама Марыяй Сянішынай хутка распілавалі і пакалолі сякерай дровы, акуратненька склалі ў хляве. Марыя Іванаўна ажно расчулілася, назіраючы, як спрытна і зла-джана справіліся з яе праблемай маладыя людзі.

Міраслава – пад пунктам 1

Пад бой курантаў адыходзячага года нарадзілася дзяўчынка вагою ў 3550 грамаў у сям’і Корзанаў. Ёй далі прыгожае і мілагучнае імя – Міраслава. Немаўлятка было зарэгістравана пад нумарам 1 у кнізе запісаў актаў грамадзянскага стану. Няхай дзіцятка расце шчаслівым у любові і пяшчоце родных і старэйшага браціка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro