Крадзеж за крадзяжом – дрэнная “звычка”

нарушительЗа апошнія 15 гадоў грамадзянін Г. ужо дзясяты раз трапіў на лаву падсудных. Першая ягоная справа разбіралася яшчэ ў 2001-ым у судзе Маскоўскага раёна Брэста, а затым – як з горкі пакацілася: кра-дзеж за крадзяжом. Таму й даводзілася не аднойчы трымаць адказ у судах Камянецкага, Пружанскага, Брэсцкага, а цяпер яшчэ і Жабінкаўскага раёнаў. Увогуле, мінулы год для Г. выдаўся “ўраджайным”: толькі адсядзеў пад арыштам за крадзеж у сакавіку, як у снежні зноў узяўся за сваё злачыннае “рамяство”. Так, знаходзячыся сярод белага дня ў чужой кватэры, размешчанай па вуліцы Цэнтральная ў Жабінцы, зламыснік выцягнуў з кашалька, які гаспадыня пакінула на стале, 8000 расійскіх рублёў. За тое, што зноў паквапіўся на чужое, Г. у чарговы раз давядзецца адказваць паводле часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Крадзеж”).

Папраўчыя работы не выправілі

Не аднойчы быў прыцягнуты летась да адказнасці і Валерый Ш. У красавіку суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе папраўчых работ на тэрмін у адзін год з утрыманнем 20% ад заробку на карысць дзяржавы. Аднак вытрымаць гэты тэрмін грамадзянін не змог. Хоць і быў афіцыйна азнаёмлены з парадкам і ўмовамі адбывання пакарання ды папярэджаны, што чакае яго пры ўхіленні ад працы, парушальнік закона злосна адмаўляўся ад сваіх абавязкаў. Так, працуючы на торфабрыкетным заводзе, ён не аднойчы дапускаў прагулы і не стаў на шлях выпраўлення нават тады, калі быў папярэджаны аб магчымай крымінальнай адказнасці. У выніку напрыканцы мінулага года супраць прагульшчыка была ўзбуджана справа паводле артыкула 416 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Крымінальная рыбалка на адборнага амура

Незадоўга да Новага года і Раства невядомы злачынец вырашыў папоўніць святочны стол рыбнымі далікатэсамі. Адно дрэнна, набыць іх вырашыў не ў краме, а самастойна, браканьерскімі сродкамі. Дзеля гэтага зламыснік наведаўся да зімовай сажалкі, размешчанай на тэрыторыі ААТ “Рыбгас “Сакалоўскі Гусак”. Пры гэтым скраў з садка, у якім вырошчваўся адборны белы амур, больш за сотню кілаграмаў каштоўнай рыбы. У выніку гаспадарка панесла страты на суму ў 588 рублёў 82 капейкі.

Дзе шукаць след “Панікоўскага”?

Іншы невядомы злодзей “паляваў” на свойскую птушку. Падобна да Панікоўскага, героя вядомага рамана Ільфа і Пятрова, ён аказаўся вялікім прыхільнікам гусей і не мог спакойна прайсці міма гэтых цудоўных істот. Рукі абодвух злодзеяў – і літаратурнага, і рэальнага – так і цягнуліся, каб скрасці белакрылую птушку. У адзін са снежаньскіх дзён мінулага года “аматар гусакоў”, які аб’явіўся ў вёсцы Задзерць, нікім не заўважаны забраўся ў чужы хлеўчык, адкуль і скраў шэсць птушак. Шкода, якую прынёс зламыснік гаспадару гусей і хляву, ацэнена ў 300 рублёў.

Да дзіцяці свайго абыякавы

Сумным пастаянствам вызначаецца Вадзім К. Пачынаючы з 2008 года, ён паводле рашэння суда павінен выплачваць сродкі на ўтрыманне свайго малога сына. Аднак перыядычна з году ў год гэтага пазбягаў. За гэта гора-бацьку не аднойчы даводзілася аказвацца ў судзе. Так, у 2014-ым ён быў асуджаны да грамадскіх работ на 240 гадзін, у наступным – да арышту на два месяцы, а ў самым канцы мінулага года зноў патрапіў на лаву падсудных. Нягледзячы на гэта, мужчына працягваў упарта ўхіляцца ад утрымання свайго дзіцяці. Апошні эпізод звязаны з тым, што Вадзім К. за мінулы год больш за восем месяцаў не дасылаў грошы на сына, а тыя сродкі, якія зарабляў на часовай працы, выкарыстоўваў выключна на ўласныя патрэбы, не зважаючы на выкананне штомесячных абавязкаў перад непаўнагадовым сынам.

“У кантакце” не ўсякі “кантакт” дазваляецца

Памыляецца той, хто лічыць, што інтэрнэт дае неабмежаваныя магчымасці. Тое-сёе ў акіяне “сусветнай павуты” ўсё ж абмяжоўвае яго вялікасць Закон. Відаць, пра вынікі сваіх пахабных дзеянняў не надта задумваўся жабінкавец Іван К., калі перасылаў са сваёй персанальнай старонкі ў глабальным сеціве выявы знаёмай. Прычым дзяўчына на фота знаходзілася мякка кажучы ў вельмі нецнатлівым выглядзе. Цяпер аматару “карцінак для дарослых” давядзецца адказваць за свой учынак паводле часткі 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (“Распаўсюджванне парнаграфіі з дапамогай інтэрнэта”).
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro