Вярнуліся да роднага парога

Вярнуліся да роднага парога

IMG_4811
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота з сямейнага архіва Філіманюкоў.

СЁННЯ ў Ленінскай сярэдняй школе сеюць разумнае, добрае, вечнае 23 яе выпускнікі. Наталля Філіманюк – адна з тых, хто скончыў родную школу і вярнуўся пасля атрымання вышэйшай адукацыі ў ёй працаваць. 25 гадоў таму яна атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі і сярэбраны медаль з рук тагачаснага дырэктара школы Мікалая Іванавіча Смалюка і амаль 20 гадоў шчыруе ў сценах роднай установы.
Наталля Сяргееўна прыгадвае, што ў 90-ыя гады ў школе вучылася каля 500 чалавек, у яе класе было шэсць сярэбраных медалістаў, пяцёра з якіх паступілі ў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут. Наталля абрала спецыяльнасць “Біялогія. Хімія”.
­– Сёння са мной поруч працуюць мае аднакласнікі –настаўніца геаграфіі Алена Маеўская і мой муж Аляксандр (нашым класным кіраўніком была настаўніца матэматыкі, жонка дырэктара Эмілія Іванаўна Смалюк), – дзеліцца Наталля Філіманюк. – Можна сказаць, што з Сашам мы ўсё жыццё правялі ў роднай школе: спачатку ў адным класе вучыліся, а цяпер разам працуем: я – настаўніцай хіміі, ён – фізічнай культуры і здароўя. У нас увогуле педагагічная сям’я: старэйшая дачка Таццяна вучыцца, як і мы калісь, у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, толькі па спецыяльнасці “Матэматыка і інфарматыка”. Малодшая Марыя – сёлетняя выпускніца, думае падаваць дакументы ў Брэст на факультэт замежных моў.
Мы з Аляксандрам любім сваю работу, аддаёмся ёй цалкам і поўнасцю. Удзельнічалі ў конкурсе “Настаўнік года”, станавіліся яго фіналістамі на раённым узроўні.
За два дзясяткі гадоў працы ў сельскай школе ў якой толькі ролі не паспрабавала сябе Наталля Сяргееўна: настаўніка біялогіі, хіміі, педагога-арганізатара, намесніка дырэктара ў выхаваўчай рабоце.
Адчуваецца, што яна сэрцам і душою хварэе за справу, якой прысвяціла жыццё.
– Школа – гэта наш другі дом, – кажа Наталля Філіманюк. – Яна жыве цікавым, насычаным жыццём. Мае свой гімн, які ўсе вучні і настаўнікі ведаюць на памяць. У нас вялікая, прыгожая актавая зала, утульная сталовая, дзе вельмі смачна кормяць. А наш прышкольны ўчастак – гонар не толькі навучальнай установы, але і ўсяго раёна. Мы вырошчваем на ім гародніну, лекавыя травы, якія дэманструем дзецям на ўроках біялогіі. Ведаем усіх нашых вучняў, таму што самі мясцовыя жыхары, усе навучэнцы ў нас навідавоку. Паколькі школа знаходзіцца недалёка ад трасы, часта даводзіцца прымаць гасцей, на базе нашай навучальнай установы праходзяць розныя семінары.
Наталля Сяргееўна радая тым пераменам, якія штогод адбываюцца ў Ленінскай адзінаццацігодцы. Усе яны да лепшага. Кожнае лета настаўнікі, вучні і бацькі праводзяць касметычны рамонт другога роднага дома, каб у яго сценах было прыемна вучыцца і працаваць. І навучэнцы Ленінскай школы аддзячваюць роднай установе стараннай вучобай, спартыўнымі і навучальнымі поспехамі і дасягненнямі. Заканчваюць яе, а неўзабаве вяртаюцца сюды, да роднага парога, ужо ў якасці педагогаў, як Наталля і Аляксандр Філіманюкі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top