Ленінскай сярэдняй школе – 45 гадоў

Ленінскай сярэдняй школе – 45 гадоў

ШЛЯХ НАДЗЕЙНЫ Ў ШКОЛЬНАГА КАРАБЛЯIMG_3408

 Анатоль БЕНЗЯРУК.
Спрадвеку прага да ведаў і адукацыі, якія дае школа, уласцівы жыхарам Ленінскага сельсавета. Нездарма першае народнае вучылішча ўзнікла на гэтай зямлі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, адразу пасля адмены прыгону. Пасля гэтага традыцыі школьнай справы працягваліся і ў наступным веку, калі працавала вучэльня ў Рагозне, пакуль роўна 45 гадоў таму ў тагачасным пасёлку Ленінскі не адчыніла свае дзверы па-сапраўднаму сучасная школа.

Як усё пачыналася, альбо Нібыта ружа сярод зімы

КВЕТКУ БЕЛАЙ РУЖЫ ў кабінеце сённяшняга дырэктара Ірыны Фёдараўны Гурскай можна лічыць нейкім прыгожым сімвалам Ленінскай СШ. Так, упершыню шырока расчыніла свае дзверы доўгачаканая школа перад навучэнцамі чатыры з паловай дзясяткі гадоў таму – сярод зімніх завеі і сцюжы, але заўсёды захоўвала яна прыгажосць і цеплыню, уласцівыя адукацыі і выхаванню.
Дзень нараджэння школы – 15 студзеня 1972 года. І гэта таксама не зусім звычайна, паколькі найчасцей такія святы прымяркоўваюцца да пачатку навучальнага года, а ў Ленінскай СШ час адкрыцця амаль супадае з пачаткам года каляндарнага.
Адкуль вытокі гэтай установы? З канца 60-ых гадоў мінулага стагоддзя, калі паблізу галоўнай аўтамабільнай трасы краіны хутка будаваўся новы пасёлак, які атрымаў ганаровае імя Уладзіміра Леніна, стала зразумела, што ніяк не абысціся без новай вучэльні. У 1969 годзе на базе Рагазнянскай васьмігодкі была створана сярэдняя школа, якая штогод прырастала класамі (такія школы зваліся раней растучымі). Адначасова ў пасёлку пачалося шпаркае будаўніцтва новай вучэльні, разлічанай на 640 месцаў.
Ужо ад самых вытокаў, ад таго першага званка, што абудзіў студзеньскі ранак у далёкім 1972 годзе, закладваліся добрыя школьныя традыцыі, якімі ганарацца ў Ленінскай адзінаццацігодцы і сёння. Як згадвала калісь заслужаны настаўнік IMG_5092 Анічэнка 1-ы дырэктаршкол Беларускай ССР, першы дырэктар Ленінскай СШ Паліна Мяфодзьеўна Анічэнка, што на працягу 1972-1978 гадоў стаяла на капітанскім мосціку школьнага карабля:
– З пераходам у новы будынак школы ў нас з’явіліся спрыяльныя ўмовы для павышэння ўсяго вучэбна-выхаваўчага працэсу. Ужо ў самы першы навучальны год нашы школьнікі, удзельнікі абласной Спартландыі, занялі першае месца. Ленінская школа першай у раёне перайшла на кабінетную сістэму адукацыі.
Нават сярод зімы бачна, наколькі шмат дрэў, кустоў, у тым ліку пладовых акаляюць школу. Добраўпарадкаванне навакольнай тэрыторыі пачалося адразу ж, дзеля гэтага ў лясгасах закупаліся саджанцы, разбівалі алеі, праводзілі пасадкі. У школе з гонарам згадваюць: не было ніводнага вучня, які не пасадзіў бы сваё дрэва вакол роднай навучальнай установы, за гады сваімі кронамі яны ўзнесліся ў неба, нагадваючы пра агульную карысную справу, што аб’ядноўвала настаўнікаў і іх вучняў.
Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць: літаральна праз лічаныя гады каля школы зазелянелі дрэвы, кусты і кветкі, а таксама шматлікія сельскагаспадарчыя расліны, што вырошчваліся на прышкольна-вопытным участку, якім кіравалі настаўнікі-біёлагі Наталля Цімафееўна Клімук, Анатоль Сяргеевіч Бысенка, класныя кіраўнікі. Потым сваімі сіламі была пабудавана цяпліца.
Не забываліся ў тыя часы і пра патрыятычнае выхаванне. Дзеля гэтага ў 1975 годзе, да 30-ых угодкаў Перамогі над фашысцкай Германіяй, быў створаны гісторыка-краязнаўчы музей, запрацаваў атрад “Пошук”, у якім вучні збіралі сведчанні аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны, партызанскім і падпольным руху, якія разгарнуліся на нашай зямлі. Музейныя экспазіцыі не аднойчы станоўча адзначаліся на раённым узроўні, былі аформлены раздзелы, прысвечаныя мінуламу і сённяшняму дню роднага пасёлка, саўгаса “Рагазнянскі”, торфабрыкетнага завода “Гатча-Осаўскі”, асобна вылучаўся куток, дзе расказвалася пра воіна-інтэрнацыяналіста, выпускніка школы Валерыя Мігеля, які склаў галаву пад гарачым сонцам Афганістана.

Час, калі закладваліся традыцыі

ТАКІМ ПЕРЫЯДАМ па праву можна лічыць тры дзесяцігоддзі, калі на чале Ленінскай школы знаходзіўся Мікалай Іванавіч Смалюк. За сваю плённую працу ён быў узнагаро-джаны значком “Выдатнік народнай адукацыі”, а ў снежні 1988 года прадстаўляў Брэстчыну на Усесоюзным з’ездзе працаўнікоў народнай адукацыі ў Маскве. Былы дырэктар заслугоўвае асаблівай пашаны і цёплых слоў удзячнасці. Тым больш зусім нядаўна ён адзначыў сваё 70-годдзе.
Аліна Вітольдаўна Давідзюк, якой пашчасціла ў 2009 годзе прыняць з рук Мікалая Смалюка кіраўніцтва тым самым школьным караблём, які заўсёды рухаўся надзейным фарватарам, больш расказвала пра ўнёсак у справу развіцця школы менавіта свайго папярэдніка:
– Па шчырасці, мне вельмі падабалася працаваць намеснікам дырэктара (13 гадоў была намеснікам па выхаваўчай, затым яшчэ чатыры па вучэбнай частцы), бо лягчэй ісці за кімсьці, а за Мікалаем Іванавічам ісці было вельмі лёгка. Мы сапраўды рабілі агульную справу, адчуваючы сябе адной зладжанай камандай, што дзейнічала на карысць дзяцей і школы. У яго і прымаць эстафету было проста, настолькі шмат мелася напрацовак і поспехаў. Школьныя традыцыі, IMG_5094 Смалюк 2-і дырэктарякімі мы ганарымся, закладваліся менавіта пры Смалюку, узнік асаблівы ўнікальны твар навучальнай установы. На ягоных руках, можна так сказаць, гадавалася гэтая школа, закладваліся яе надзейныя падмуркі.
Сярод іх – і такія. Дзеці, тым больш тыя, што жывуць у сельскай мясцовасці, павінны адчуваць сваю непарыўную повязь з зямлёй, працаваць на ёй, берагчы. Таму, як неаднойчы з гонарам адзначалі ў школе, у іх дасюль існуе адзін з найлепшых прышкольных участкаў у раёне, дзе штогод збіраецца багаты ўраджай. Акрамя таго, пры Мікалаю Смалюку стала ледзь не законам падтрымліваць сяброўскае і дзелавое супрацоўніцтва з мясцовай гаспадаркай, мацаваць сувязі пакаленняў (нездарма ажно 23 сённяшнія педагогі – выпускнікі Ленінскай школы). У школе захоўваюцца самыя трапяткія адносіны да ветэранаў педагагічнай працы, пра якіх не забываюцца ніколі. Яшчэ важная тая неабыякавасць, якою жывуць дарослыя, прывіваючы яе дзецям: патрэбна мець хваляванне за вынікі кожнай справы як у навучальным, так і ў выхаваўчым працэсе.

IMG_5093 Педкалектыў 1972 года

Пачынальнікі педтрадыцый.

Адзнака: на “выдатна”!

КОЖНУЮ СПРАВУ ва ўсе часы ў Ленінскай школе стараліся рабіць на “выдатна”. Ёсць такая найлепшая школьная адзнака. Раней была “пяць”, а цяпер ужо ўсе “дзесяць”! – гэтыя адзнакі атрымоўвалі не аднойчы і асобныя школьнікі, і педагогі, і ўся школа ў цэлым.
За часы існавання 16 найлепшых вучняў закончылі школу з залатымі медалямі (лік медалістаў адкрыў у 1980-ым Сяргей Бысенка). Яшчэ 28 выпускнікоў як каштоўную ўзнагароду за свае веды займелі медаль з сярэбраным адлівам (сярод іх – Ала Пятроўна Сірацюк, якая займае зараз пасаду начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Маскоўскага раёна горада Брэста). Дарэчы, паміж 2011 і 2014 гадамі, калі педкалектыў узначальвала Аліна Давідзюк, навучэнцы Ленінскай сярэдняй школы штогод станавіліся залатымі медалістамі.
– Калі стала дырэктарам, – успамінае Аліна Вітольдаўна, – шмат увагі аддавала ўпрыгажэнню вонкавага і ўнутранага выгляду школы. Так бы мовіць, паглядзела на школу жаночым вокам. Таму прыгажосці інтэр’ераў і наваколля сталі ўдзяляць асаблівую ўвагу. Але ж, вядома, не пакідалі без увагі і галоўную сваю справу – вучэбна-выхаваўчы працэс. На базе нашай школы дзякуючы зладжанай працы ўсіх без выключэння педагогаў і адміністрацыі з поспехам праводзіліся шматлікія мерапрыемствы розных узроўняў. Успамінаецца, як у 2012/2013 навучальным годзе ў нас адбыліся ажно пяць важных семінараў для педработнікаў, дырэктараў школ горада Брэста, на якіх мы дзяліліся вопытам у добраўпарадкаванні, якім заўжды вылучаецца Ленінская СШ. У такіх варунках яшчэ больш адчувалі сябе нібыта адной сям’ёй, бо ў падрыхтоўцы да мерапрыемстваў дапамагалі не толькі настаўнікі, работнікі школы, але і школьнікі, іх бацькі. Карыстаючыся магчымасцю, хачу выказаць падзяку за сумленную працу, падтрымку з боку ўсіх людзей, неабыякавых да лёсу школы. Толькі разам ва ўсіх нашых пачынаннях быў поспех! Рыхтуючы згаданыя семінары, мы заўсёды адчувалі дапамогу і маральную, і матэрыяльную ад тагачаснага кіраўніцтва раёна – старшынь райвыканкама і Савета дэпутатаў Мікалая Васільевіча Токара і Сяргея Васільевіча Мартысюка, заўсёды побач у нашых справах знаходзіўся і родны аддзел адукацыі, спорту і турызму.

Зярняты, што пасеяныя сёння…

– ТАК-ТАК, І Я З ЛІКУ тых, хто некалі закончыў школу ў пасёлку Ленінскі, а затым вярнуўся сюды па настаўніцкі хлеб, IMG_3384– бадзёра працягнула размову сённяшняя дырэктар Ірына Гурская. – Мне таксама пашчасціла тут працаваць пад кіраўніцтвам Мікалая Іванавіча і Аліны Вітольдаўны. Былі вельмі добрыя настаўнікі-моваведы Лідзія Аляксандраўна Бысенка, якая выкладала ў нас беларускую мову і літаратуру, Марыя Пятроўна Карпінчык, настаўніца рускай мовы і літаратуры, што заклалі ўва мне цікавасць да будучай прафесіі. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна ў 2002 годзе вярнулася дамоў. Спачатку была выхавальніцай групы падоўжанага дня, затым настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Нават прымала ўдзел у конкурсе “Настаўнік года”, дзе выйшла ў фінал, узначальвала раённае і школьнае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў-беларусазнаўцаў. А са жніўня 2014 года прызначана дырэктарам школы. Хоць час і невялікі мінуў, але ж паспелі, здаецца, нямала.
Найперш калектыў Ленінскай адзінаццацігодкі займаецца зараз паляпшэннем матэрыяльна-тэхнічнай базы і павышэннем якасці адукацыі. Школа адна з буйнейшых у раёне і самая вялікая ў сельскай мясцовасці. Зараз у ёй займаюцца 276 навучэнцаў з 11 населеных пунктаў Ленінскага сельсавета. З імі працуюць 46 педагогаў. Па выніках 2016 года школа прызнана найлепшай навучальнай установай сярод вясковых школ Жабінкаўшчыны. Гэта і прыемна, канечне, але й накладвае пэўную адказнасць, бо даводзіцца мацней “трымаць сцяг”. І пакуль вынікі задавальняюць. За гэты навучальны год у скарбонцы ленінцаў ужо маецца 11 дыпломаў другога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Прыемным стаў поспех і ў фізічнай культуры – другое каманднае месца ў раёне. Апошнім часам на базе Ленінскай СШ было праведзена пасяджэнне метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны, прымала яна і ўдзельнікаў раённага семінара загадчыкаў і работнікаў харчаблокаў.
Падводзячы рысу пад размовай, сённяшняя дырэктар пераканаўча гаворыць:
– Нездарма кажуць, што адзін у полі не воін і толькі разам мы – сіла! Штодня іду на працу і адчуваю, як будзённы дзень нярэдка ператвараецца ў святочны. У нас не бывае цішыні – усё ў тэмпе, жыццё б’е ключом, як у калейдаскопе, змяняюцца мерапрыемствы, справы, паперы… Ад усяго сэрца хочацца павіншаваць родную школу са святам, падзякаваць за тое, што яна стала другім родным домам для некалькіх пакаленняў яе вучняў. Зярняты ведаў, што пасеяныя сёння, абавязкова прынясуць добрыя ўсходы – медалі, дыпломы, а галоўнае дазволяць выхаваць асоб, якія і праз гады з удзячнасцю будуць вяртацца да гэтага парога і з гонарам называць імя роднай школы.IMG_3389

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*