І ўдзень, і ўначы гатовыя дапамагчы

І ўдзень, і ўначы гатовыя дапамагчы

мчс

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
Дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Жабінкаўскага РАНС Сяргей Пятручык больш за два дзясяткі гадоў працягвае справу сваіх дзядзькаў Івана Аляксеевіча і Васіля Аляксеевіча Арабейкаў – і ўдзень, і ўначы нясе выратавальніцкую службу, гатовы дапамагчы тым, хто трапіў у надзвычайную сітуацыю.
Сяргей Міхайлавіч скончыў трэцюю гарадскую школу ў Жабінцы, адслужыў радыётэлефаністам у арміі. У 1994 годзе змяніў салдацкую форму на форму пажарнага, уладкаваўшыся ў Жабінкаўскі раённы аддзел надзвычайных сітуацый. Першыя дванаццаць гадоў камандаваў аддзяленнем, апошнія дзесяць займае пасаду дыспетчара цэнтра аператыўнага кіравання РАНС.
“Дзяжурная служба МНС. Чым вам дапамагчы?” – гэтую фразу Сяргей Пятручык за суткі дзяжурства прамаўляе сотню разоў.
Дыспетчар службы МНС – гэта вельмі адказная, сур’ёзная работа. Ён павінен быць не толькі прафесіяналам-выратавальнікам, але і тонкім псіхолагам, даючы кансультацыі тым, хто трапіў у надзвычайныя сітуацыі. Напрыклад, калі чалавек знаходзіцца ўнутры кватэры ці дома, што гараць, рэкамендацыі дыспетчара будуць адны. А калі чалавек бачыць пажар звонку, знаходзіцца непадалёк – абсалютна іншыя. Яшчэ да прыбыцця пажарных машын на месца здарэння Сяргей Пятручык высвятляе ў заяўніка-відавочца па тэлефоне, што гарыць, дзе, якая плошча ахоплена полымем, каму належыць дом ці гаспадарчая пабудова, ці ёсць унутры людзі і гэтак далей.
Акрамя тушэння пажараў, супрацоўнікі службы МНС ліквідуюць вынікі розных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. “101” і “112” сёння — гэта яшчэ і адзіная дзяжурная дыспетчарская служба, якая прымае розныя трывожныя званкі з просьбамі аб дапамозе.
Аднак Сяргей Міхайлавіч расказвае, што тэлефон 112 многія ўспрымаюць як нумар нейкага кол-цэнтра: тэлефануюць, каб спытаць, дзе ў Жабінцы знаходзіцца “Беларусбанк”, “Еўраопт”, вуліца такая-та. Адзінокія бабулі часта звоняць, каб проста пагаварыць, таму што ім самотна. Тэлефануюць жабінкаўцы, калі разаб’ецца градуснік, просяць дапамогі, каб дастаць сабаку з калодзежа.
Дыспетчар прымае ўсе магчымыя паведамленні і перадае іх службам, з якімі ўзаемадзейнічае РАНС: раёнам электрасетак і газазабеспячэння, камунгасу, міліцыі, “хуткай дапамозе” і г.д. З апошніх паведамленняў – некалькі штармавых папярэджанняў.
– Калі чалавек доўга не выходзіць на сувязь, не адказвае на тэлефонныя званкі, супрацоўнікі РАУС просяць дапамогі ў выратавальнікаў, каб мы трапілі ў кватэру і выявілі, што здарылася, – дзеліцца Сяргей Пятручык.
Усю інфармацыю пра надзвычайную сітуацыю: тэкст, фота, відэа – дыспетчару неабходна перадаць у выглядзе спецданясення ў абласное ўпраўленне МНС. Яно павінна быць падрыхтавана на працягу гадзіны з моманту паступлення паведамлення.
– Працаваць даводзіцца суткамі, – кажа Сяргей Міхайлавіч, – работа эмацыянальная, нервовая, але я не адчуваю незадаволенасці. Трэба чалавеку дапамога, значыць, неабходна яе аказаць. Канечне, шмат дакументацыі, журналаў, якія запаўняю, так званай папяровай работы. Але людзі і іх праблемы – на першым месцы.
Нядаўна Сяргей Пятручык прымаў удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства на лепшага дыспетчара МНС і заняў першае месца ў раённым этапе і сёмае – у абласным.
– Разумееце, жыву на той жа вуліцы, у тым жа самым доме, дзе нарадзіўся. Атрымліваецца, дзе нарадзіўся, там і згадзіўся, – падводзіць вынік мой суразмоўца.
Сяргея Міхайлавіча паважаюць калегі, яго багаты вопыт работы цэняць у раённым аддзеле надзвычайных сітуацый, а яго прафесіяналізм выратаваў, упэўнена, не адно чалавечае жыццё.
На здымку: дзяжурная змена Жабінкаўскага РАНС на варце спакою грамадзян: начальнік каравула Ігар Бандарчук, камандзір аддзялення Ігар Антанюк, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання Сяргей Пятручык, вадзіцель Яўген Міхалічук, вадзіцель Мікалай Германовіч.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro