Ткёт рука сквозь времена

Ткёт рука сквозь времена

Кросны навіваюць ласкавыя рукі: бабуліны, матуліны, дзявочыя. Так ад веку павялося — тчэ рука, ствараючы хараство. Выпадкова (а мо ўсё ж заканамерна?) мы трапілі 2 лютага на гэты старадаўні рытуал у Ракітніцкім сельскім Доме культуры.
Дачка і старэнькая маці беражліва трымаліся чатырмя рукамі за ніткі, прадаўжаючы ўмельства, узятае ад продкаў у спадчыну. І падумалася міжволі: на гэтую аснову кладзецца нешта большае, чым проста падрыхтоўка да стварэння ходніка. Перад вачыма — аснова жыцця, якім крочыць беларускі народ не адно тысячагоддзе.
Пытаемся ў Марыі Рыгораўны Грачанік, якая рукі напрацавала за 78 гадоў, адкуль гэтае ўмельства.
— Ад маці Ганны. А ў яе — ад бабулі Марыі, — гаворыць яна.
Пытаемся ў Таццяны Аляксееўны Міхайлюк, яе дачкі, навошта гэта зараз трэба.
— Для сябе і для дзетак, што ходзяць у наш гурток, каб жыло надалей даўняе рамяство, — зноў чуем у адказ.
Гуртку ўжо пяты год. Цяпер наведваюць яго дзяўчынкі-школьніцы Маша Гарбачова, Марына Дзёрдзяк, Лера Шарай, Алёна Пасевіч. За два гады яны прылучацца да сапраўды жывога, народнага. Для іх снуюць кросны. Спрактыкаваная майстрыха вытчэ ходнік за месяц, а дзяўчаткам часу трэба болей –— да году. Але галоўнае — гэтую справу яны любяць, таму і спяшаюцца ў Дом культуры пасля школы кожныя аўторак, сераду, пятніцу.
Асобна хочацца сказаць добрае слова пра гаспадыню. Таццяна Аляксееўна з матуляй — удзельніцы шматлікіх фальклорных мерапрыемстваў у Брэсце, Жабінцы, на Хмелеўскім Спасе і, вядома ж, у роднай Ракітніцы. Ніводнае свята вёскі не абыходзіцца без іх вырабаў.
Муж Таццяны Міхайлюк Канстанцін Лявонцьевіч, які працуе ў ААТ “Ракітніца”, захапленне жонкі ўхваляе, любіць, калі яе рукі ствараюць хараство (імі поўніцца вясковая хата). А дзеці Маша ды Алежка ў зімнюю пару з задавальненнем ходзяць у цёплых шкарпэтках і кофтах, звязаных матулінымі рукамі.
Ад мастацкага кіраўніка Ракітніцкага СДК Алены Пятроўны Прыхожка даведаліся, што кросны, за якімі зараз шчыруюць жанчыны, патрапілі ў клуб ад яе маці 85-гадовай Марыі Аляксандраўны Стальмашук.
… А праца, скрупулёзная і адказная, між тым, не спыняецца.
— Спачатку навіваем, — тлумачыць Таццяна Міхайлюк, — затым накідваем і толькі пасля тчэм як і бабулі-прабабулі рабілі. У гэтым працяг жыцця, повязь паміж нашымі Марыямі. Так склалася ў родзе, што праз пакаленне ў нас нараджаюцца дзяўчынкі, якім даем імя ў гонар Божай Маці. Таму мама мая Марыя, і прабабуля Марыя, і дачка Машанька. Праз іх ідзе нітка жыцця, якая не перарвецца і надалей.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: майстрыхі маці і дачка М.Р.Грачанік і Т.А.Міхайлюк свае веды і старадаўняе ўмельства з задавальненнем перадаюць дзецям.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top