Хто лепш за ўсіх гуляе ў баскетбол? Канечне, Даша!

Хто лепш за ўсіх гуляе ў баскетбол? Канечне, Даша!

IMG_0070

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
У РАМКАХ 29-ай круглагадовай спартакіяды навучэнцаў у спартыўнай зале трэцяй гарадской школы адбыліся баскетбольныя матчы паміж дзявочымі камандамі, удзельніцы якіх 2001-2002 гадоў нараджэння. Галоўнай задачай спаборніцтваў было выявіць лепшую каманду баскетбалістак на раённым узроўні для ўдзелу яе ў абласным этапе.
У баталіях прымалі ўдзел сем дзявочых каманд: першай, другой і трэцяй гарадскіх адзінаццацігодак, Ленінскай, Ракітніцкай, Крыўлянскай і Старасельскай сярэдніх школ.
Галоўным суддзёй спаборніцтваў выступаў Сяргей Аляксандравіч Карпук, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 3, галоўным сакратаром – Вольга Аляксандраўна Булай, настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 1.
Па выніках баскетбольных матчаў сёмае месца заняла каманда Старасельскай школы, шостае – Ленінскай, пятае – другой гарадской, чацвёртае – Ракітніцкай. На трэцюю прыступку п’едэстала пераможцаў узнялася каманда першай гарадской адзінаццацігодкі.
Але, безумоўна, самым напружаным быў матч за першае месца, у якім спаборнічалі каманды трэцяй гарадской і Крыўлянскай сярэдніх школ. Ва ўпартай барацьбе перамаглі дзяўчаты з трэцяй школы з лікам 26:7. Прычым усе 26 мячоў у карзіну закінула капітан каманды Дар’я Балакер! Усю гульню баскетбалістка выдзялялася як яўны лідар. Немагчыма было не захапляцца яе сабранасцю, разлікам, трапнасцю кідкоў, уменнем весці мяч як правай, так і левай рукамі.
На матчы прысутнічалі бацькі Дар’і і малодшая сястрычка, якія актыўна “хварэлі” за дзяўчыну. Тата Андрэй Анатольевіч ні на хвіліну не сумняваўся ў перамозе Дашынай каманды. Ён ганарыцца поспехамі дачкі ў баскетболе, яе прафесійнай гульнёй. Мама Вера Канстанцінаўна ўдзячна настаўніку фізічнай культуры першай гарадской школы Аляксандру Пятровічу Дарафейчуку, які ў свой час запрасіў Дашу ў зборную раёна па баскетболе.
Ганарыцца Дашай і родная трэцяя гарадская школа, у якой дзяўчына вучыцца ў 8 “В” класе. Любімы ўрок, канечне, фізкультура. Праз пастаянныя трэніроўкі і ўдзел у розных спаборніцтвах па баскетболе Даша часам прапускае заняткі ў школе, але прызнаецца, што хутка даганяе аднакласнікаў. Сярэдні бал яе дзённіка 8,7, што даказвае, што любімы від спорту не перашкода для паспяховай вучобы. Даша марыць прафесійна займацца баскетболам і праслаўляць маленькую радзіму.
…Падводзячы вынікі баскетбольных паядынкаў, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спортру і турызму райвыканкама Аляксей Фёдаравіч Крук падзякаваў дзяўчатам за прыгожую, цікавую гульню, пажадаў ім далейшых поспехаў і ўручыў камандам-пераможцам граматы, а камандзе трэцяй гарадской школы яшчэ й пераходны Кубак.IMG_0085

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro