Галоўнай справай стала аднаўленне

Галоўнай справай стала аднаўленне

Камендант
Анатоль БЕНЗЯРУК.
15 студзеня – чарговая гадавіна з дня ўтварэння Жабінкаўскага раёна. У такі дзень звычайна згадваюцца асобы, што ў розныя перыяды існавання Жабінкаўшчыны рупіліся, каб развівалася і прыгажэла наша зямля. У шэрагу тых, кто кіраваў раёнам у няпростыя 40-ыя гады мінулага стагоддзя, – чалавек з незвычайным прозвішчам і няпростым лёсам – Стэфан Аляксандравіч Камендант (1913-1992).
Ён узначальваў раён, бадай, у адзін з самых няпростых перыядаў яго гісторыі. Час быў пасляваенны, калі патрабаваўся чалавек адказны, сумленны, з практычнымі ведамі, адным словам – сапраўдны гаспадар. Стэфан Камендант (дарэчы, ягонае імя часам памылкова пішуць Сцяпан) цалкам адпавядаў гэтым патрабаванням.
Архіўныя дакументы дазваляюць раскрыць некаторыя старонкі яго біяграфіі. Стэфан Аляксандравіч нарадзіўся 16 сакавіка 1913 года ў горадзе Чашнікі, што на Віцебшчыне. У дваццацігадовым узросце скончыў Магілёўскі палітыкаасветніцкі тэхнікум, а затым рэспубліканскую партыйную школу пры Цэнтральным камітэце КП(б)Б, заняўся журналістыкай. Веды і любоў да друкаванага слова, а таксама ўменні, атрыманыя на курсах шыфравальшчыкаў, неўзабаве згадзіліся і ў нямірны час.
З вясны сорак першага адчуваўся подых набліжэння непазбежнай вайны. У пачатку чэрвеня лейтэнант Камендант быў прызваны на вайсковыя зборы, якія праходзілі ў Заходняй Беларусі. Трапіў у Кобрын, дзе выконваў абавязкі шыфравальшчыка пры штабе 4-ай арміі. На світанку грознага і трагічнага дня, які стаў пачаткам доўгага крывавага ліхалецця, праз сродкі штабной сувязі прыняў паведамленне аб пераходзе фашыстаў праз Заходні Буг і масіраваным абстрэле Брэсцкай крэпасці. А ўжо праз лічаныя хвіліны самалёты з крыжамі абрынуліся на Кобрын, Жабінку, іншыя гарады і мястэчкі, якія ў імгненне вока сталі прыфрантавымі. Пад час аднаго з авіяналётаў Стэфан Камендант быў паранены. Першых вайскоўцаў, пацярпелых ад бамбёжак, яшчэ паспелі вывезці ў глыб Расіі. Такім чынам малады лейтэнант аказаўся ў шпіталі ў горадзе Тамбове. Пасля лячэння вярнуўся ў дзеючую армію, знаходзіўся на тым адрэзку фронту, дзе вырашаўся лёс сталіцы Савецкай краіны. Пасля жорсткіх баёў пад Масквой з 1942 года Стэфан Аляксандравіч быў прызначаны старшым памочнікам начальніка 8-га аддзела штаба 10-й арміі, а з 1944-га – у штабе ваенна-паветраных сіл, удзельнічаў у вызваленні нашага краю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За сваю ратную працу стаў кавалерам ордэнаў Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны І ступені (пазней, ужо за мірныя справы, ягоныя грудзі ўпрыгожыў таксама ордэн “Знак Пашаны”), быў узнагароджаны медалямі “За адвагу”, “За абарону Масквы”, “За перамогу над Германіяй” у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.
Калі летам пераможнага 1945 года Стэфан Аляксандравіч прыехаў у Жабінку, перад вачыма былі сумныя вынікі доўгай акупацыі ды жорсткіх баёў за райцэнтр і яго наваколлі. На працягу двух гадоў С.А. Камендант быў намеснікам старшыні Жабінкаўскага райвыканкама, непасрэдна займаўся пытаннямі аднаўлення краю, яго сацыяльных аб’ектаў. У 1947-1948 гады стаў другім сакратаром раённага камітэта Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі, а з восені 1948-га прызначаны на пасаду старшыні Жабінкаўскага райвыканкама. Вядома, галоўнай справай у пасляваенным разбураным краі стала яго аднаўленне. Трохгадовае “гаспадаранне” фашыстаў, як сведчылі тагачасныя дакументы, было жудасным: акупанты закатавалі каля дзвюх тысяч мірных жыхароў, спалілі 1916 хат і гаспадарчых пабудоў (у Жабінцы з цагляных дамоў засталіся непашкоджанымі толькі чыгуначны вакзал і школа), у руінах на тэрыторыі раёна ляжалі 30 вучэльняў і хат-чытальняў, былі знішчаны бальніца, бібліятэка ў Жабінцы, нічога не засталося ад маёмасці створаных да вайны калгасаў і машынна-трактарнай станцыі ў Малых Сяхновічах, агульныя матэрыяльныя страты Жабінкаўшчыны ацэньваліся ў астранамічную для таго часу суму – больш за паўмільярда рублёў. І ў тым, што ўжо праз тры-чатыры гады каля трох тысяч жабінкаўцаў перасялілася з зямлянак у адноўленыя дамы, зноў адчынілі свае дзверы 47 вясковых школ, раённая бальніца, аптэка, культурныя і асветніцкія ўстановы краю, не-малая асабістая заслуга Стэфана Каменданта, які знаходзіўся ў гэты няпросты час на чале раёна.
Пасля развітання з нашым горадам у ліпені 1950 года Стэфан Аляксандравіч пераехаў на працу ў Кобрын. З гэтым горадам ён назаўсёды звязаў свой лёс, паслядоўна займаючы пасады старшыні райвыканкама, дырэктара масласырзавода, намесніка старшыні раённага спажывецкага таварыства, нарэшце, стаў старшым навуковым супрацоўнікам і архівістам філіяла Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. Памёр ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна Стэфан Камендант амаль 25 гадоў таму, у маі 1992-га.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*