Наш край памятае свае вытокі

Наш край памятае свае вытокі

jabinka

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Як для кожнага асобнага чалавека, так і для ўсяго раёна дзень нараджэння – асаблівае штогадовае свята. 15 студзеня жыхары Жабінкаўшчыны адзначаць чарговыя 77-ыя ўгодкі з дня ўтварэння свайго раёна, паколькі з’яўленне ў далёкім 1940 годзе на карце Беларусі новай адміністрацыйнай адзінкі – прыкметная падзея ў лёсах некалькіх пакаленняў яе жыхароў.
У такі дзень няблага прыгадаць, як здарылася, што менавіта Жабінка стала цэнтрам нашага краю. Як вядома, нічога не вырастае на пустым месцы. Ужо з канца ХІХ стагоддзя росквіту Жабінкі паспрыялі хуткаснае развіццё чыгункі і гандлю. Паселішча адбудоўвалася як мястэчка, дзе запрацавалі нафтавы склад, паравы млын, два невялічкія заводы, узніклі пошта, тэлеграф, ашчадная каса. Нарэшце ў 1928 годзе Жабінка ўпершыню стала адміністрацыйным цэнтрам. 23 сакавіка згаданага года тагачасныя польскія ўлады ўтварылі Жабінкаўскую воласць (альбо гміну), уключаную ў межы Кобрынскага павета.
З прыходам савецкай улады напрыканцы 1939 года паўстала пытанне аб падзеле земляў Заходняй Беларусі на 101 сельскі раён, кожны з іх меў агульную дату нараджэння – 15 сту-дзеня 1940 года. Аднак на сённяшні дзень з гэтай колькасці адміністрацыйных адзінак захавалася толькі 41, у тым ліку і Жабінкаўскі раён, які аб’яднаў, акрамя земляў колішніх Азяцкай і Жабінкаўскай валасцей, часткі суседніх паветаў, што мелі цэнтры ў Кобрыне і Брэсце.
У тыя часы ўлада падзялялася паміж партыйнымі і савецкімі органамі. Таму найпершымі кіраўнікамі раёна ў даваенныя гады супольна з’яўляліся першы сакратар райкама Кампартыі Беларусі Мікіта Кароткін (ягонае імя сёння носіць адна з жабінкаўскіх вуліц) і старшыня выканаўчага камітэта раённага Савета дэпутатаў працоўных, кавалер ордэна Леніна Васіль Давыдаў. Усяго за перыяд існавання раён узначальвалі 30 асоб, у тым ліку 18 старшынь райвыканкама.
Зараз плошча Жабінкаўскага раёна складае ўсяго 684 квадратныя кіламетры, па гэтым паказчыку ён самы невялікі ў Беларусі. Аднак так сталася толькі ў 1966 годзе, пры аднаўленні Жабінкаўшчыны як самастойнай адміністрацыйнай адзінкі. Першапачаткова пры стварэнні яе ў межы раёна былі ўключаны 752 квадратныя кіламетры са 105 вёскамі і хутарамі (супраць сённяшніх 98). Агульная колькасць насельніцтва ў 1940-ым – больш за 30 тысяч чалавек (нагадаем, сёння жыхароў на Жабінкаўшчыне на шэсць тысяч менш). Трохі пазней, у кастрычніку 1940 года, раёны былі падзелены на сельсаветы. Першапачаткова ў складзе Жабінкаўшчыны іх было 13, зараз засталося сем.
Раён сапраўды быў сельскагаспадарчым (у райцэнтры пражывалі ўсяго 1400 чалавек), а таму адной з першых задач для новых улад стала аб’яднанне насельніцтва ў калектыўныя гаспадаркі. Да пачатку вайны іх было ўжо восем, у ліку першых – калгасы і сельгасарцелі ў Вежках і Шпіталях, Глыбокім і Кардах, Баярах і Крыўлянах.
22 чэрвеня 1941 года Жабінкаўшчына адной з першых прыняла ўдар нямецкіх захопнікаў. Ужо на другі дзень на тэрыторыі раёна часці Чырвонай Арміі арганізавалі контрнаступленне, аднак праз суткі Жабінка ўсё ж была занята ворагам.
Наш край вызначаўся моцным антыфашысцкім рухам: у старасельскім лесе сіламі вайскоўцаў, што выйшлі з Брэста, ужо ў ноч на 25 чэрвеня быў арганізаваны першы партызанскі атрад, які з 1943 года насіў імя адважнага камандзіра разведкі Міхаіла Чарнака. Раён панёс вялікія людскія ахвяры: па падліках спецкамісіі, створанай у 1945 годзе, захопнікамі былі знішчаны 1858 чалавек, у тым ліку жыхары “вогненнай вёскі” Драмлёва, 620 жабінкаўцаў не вярнуліся дамоў з фронту.
Сярэдзіна мінулага стагоддзя стала часам адраджэння, суцэльнай калектывізацыі, асушэння балот, сярод найбуйнейшых прамысловых аб’ектаў таго часу – камбікормавы і цукровы завод, райсельгастэхніка і ДРБУ № 103, ПМК-10 і ПМК-19. Найбольшых працоўных перамог раён дасягнуў у 80-ыя гады мінулага стагоддзя, калі не аднойчы ўганароўваўся пераходнымі Чырвонымі сцягамі па выніках дзейнасці ў 1983, 1984 і 1985 гадах.
Шчодрымі і заслужанымі былі ўганараванні жабінкаўцаў за самаадданую працу ў развіцці эканомікі, аховы здароўя, адукацыі і культуры раёна. Больш за 600 з іх былі адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, у тым ліку 16 сталі кавалерамі ордэна Леніна, 18 – Кастрычніцкай Рэвалюцыі, 88 – Працоўнага Чырвонага Сцяга. Акрамя таго 15 прадстаўнікоў Жабінкаўшчыны атрымалі званні заслужаных работнікаў у розных галінах народнай гаспадаркі, сярод іх былі заслужаныя настаўнікі Паліна Анічэнка, Марыя Кавалёва, Мікалай Кавальчук, Вера Секяржыцкая, Ганна Сяльскова, Валянціна Талокіна, заслужаныя працаўнікі сельскай гаспадаркі Надзея Бакун і Канстанцін Буснюк, заслужаныя работнікі прамысловасці Уладзімір Вайцюк і Генадзь Вялько ды інш.
Жабінкаўшчына – малая радзіма многіх таленавітых людзей. У іх ліку навуковец Юльян Крачкоўскі, ваеначальнік Маркіян Германовіч, акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук Андрэй Трафімук, прафесар, доктар матэматычных навук Яўген Завулічны, акадэмік, доктар медыцынскіх навук Данііл Крыўчэня і яшчэ каля сарака слынных асоб, якія сваёй працай і службай праславілі родны край далёка за ягонымі межамі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro