“Студзеньскія музычныя вечары” – у Жабінцы

“Студзеньскія музычныя вечары” – у Жабінцы

DSC03784 DSC03809 DSC03832

Наталля ВАЛОШКА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
11 студзеня жыхары нашага райцэнтра далучыліся да высокага мастацтва, пабываўшы на канцэрце ў рамках XXIX Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”. Першае выязное вячэрняе выступленне музыкантаў адбылося напярэдадні ў Кобрыне. І вось лаўрэаты міжнародных конкурсаў: баяністы з Украіны Уладзімір і Іван Гайдзічукі і ансамбль саксафаністаў з Нідэрландаў “SAX-A-LOT” ­– у нас у Жабінцы.
У глядацкай зале гарадскога Дома культуры сабралася вялікае мноства прыхільнікаў класічнай музыкі. Задало тон канцэрту выступленне майстра пескаграфіі Алены Чавусавай з Брэста, на фоне якога дэкламаваў уласныя вершы дырэктар прыватнага ўнітарнага машынабудаўнічага прадпрыемства “КОМПА” Міхаіл Белавусаў.
У першым аддзяленні на сцэне “запальвалі” выпускнікі Кіеўскай кансерваторыі браты Уладзімір і Іван Гайдзічукі. Дуэт баяністаў зачараваў сваім майстэрскім выкананнем твораў Вівальдзі, Баха, Моцарта, Штрауса. Баяны звычайна асацыіруюцца з народнай музыкай, а тут гучала класічная: 1-ая частка канцэрта “Вясна” і “Зіма” А. Вівальдзі, “Турэцкі марш” В.А. Моцарта, “Таката для аргана” І.С. Баха, “Марш Радзецкага” і полька “Трык-трак” бацькі і сына Штраусаў. Прысутныя ў зале то чулі ў гуках баянаў завыванне завірухі, то вясновыя капяжы і шчабятанне птушак, сумныя мелодыі чаргаваліся з больш вясёлымі. Ну і, канечне, як сказаў адзін з братоў Гайдзічукоў Уладзімір, які вёў па ўласнай ініцыятыве першую частку канцэрта, “ты не баяніст, калі не ўмееш выконваць “Паланез Агінскага”. Уладзімір і Іван цудоўна яго сыгралі, сарваўшы шквал апладысментаў захопленай публікі і крыкі “брава”.
У завяршэнне выступлення Уладзімір сказаў, што класічная музыка паляпшае эмацыянальнае здароўе, і падзякаваў жабінкаўцам за цёплы прыём.
У другой частцы рамантычны настрой прысутным у зале ствараў ансамбль саксафаністаў з Нідэрландаў “SAX-A-LOT”. Гэты аматарскі калектыў адносна малады: ён утварыўся ў 2004 годзе і выступае пад кіраўніцтвам дырыжора Герарда Герытса. Галандскія музыканты выканалі творы Э. Грыга, К. Джэнкінса, М. Равеля, Т. Дункана, Г.Ф. Гендэля. Саліравалі на саксафонах музыканты ансамбля Рольф Дэкер і Эльвіра Мін.
Калі заціхлі гукі апошняй музычнай кампазіцыі – марша Гендэля “Каранацыя каралевы”, на сцэну падняўся ўладар нашага “каралеўства” – старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Гарадзецкі. Ён адзначыў, што для Жабінкаўшчыны вялікі гонар прымаць музыкантаў міжнароднага ўзроўню, што ўпершыню адзін з канцэртаў “Студзеньскіх музычных вечароў” адбыўся ў нашым райцэнтры – горадзе-спадарожніку Брэста, брэндам якога яны з’яўляюцца. Дзмітрый Мікалаевіч выказаў удзячнасць музыкантам, што прыехалі ў Жабінку, арганізатарам Міжнароднага фестывалю класічнай музыкі “Студзеньскія музычныя вечары”: Брэсцкім абласному і гарадскому выканаўчым камітэтам, грамадскаму аб’яднанню “Брэсцкае абласное музычнае таварыства” і, канечне, дырэктару і мастацкаму кіраўніку фестывалю, заслужанаму дзеячу мастацтваў Рэспублікі Беларусь Ліліі Рыгораўне Батыравай.
“Ёсць адно ёмістае слова, якім можна выказаць мае ўражанні ад сённяшняга канцэрта. Гэта было ЧАРОЎНА!” – заключыў кіраўнік раёна.
Падзяліўся са мной сваімі ўражаннямі ад канцэртнага вечара і прыватны прадпрымальнік Валерый Саўчук. Ён адзначыў, што выступленне баяністаў, на яго погляд, было бездакорнае, разнапланавае, а ў выступленні саксафаністаў мужчыне не хапіла вясёлых кампазіцый, якія б крыху разбавілі сумна-рамантычныя.
Аксана Антонава, якая працуе ў ААТ “Жабінкаўскі”, чакала канцэрта з нецярпеннем і засталася ад яго ў захапленні. Яна вялікая прыхільніца класічнай музыкі, а дачка Ліза займаецца ў філіяле Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў па класе баяна і не магла прапусціць выступленне дуэта Уладзіміра і Івана Гайдзічукоў. “Саксафаністы падарылі нам кавалачак Еўропы, а баяністы – асалоду ад свайго выступлення (здавалася, яны падыгрывалі нават мімікай)”, – сказала Аксана.
Настаўніку па класе баяна Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святлане Зотавай бліжэй было, безумоўна, выступленне братоў-баяністаў. Яна адзначыла для сябе цікавыя інтэрпрэтацыі вядомых твораў у іх рэпертуары, а таксама добры густ дырыжора саксафаністаў, які стварыў праграму з музычных кампазіцый, зразумелых нават непадрыхтаванаму слухачу.
Той студзеньскі музычны вечар атрымаўся па-сапраўднаму цёплым і чароўным і пакінуў прыемны ўспамін.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro