Пятровічы занатаваў Напалеон

ПЕТРОВИЧИ 1 Петровичи 2

Сярод выдатных асветнікаў і творцаў беларускай зямлі, чый юбілей будзе святкавацца неўзабаве, – вядомы ва ўсім свеце мастак, піяніст, кампазітар, кіраўнік Італьянскай оперы ў Парыжы, нараджэнец палескай зямлі Напалеон Орда (1807-1883) (нагадаем, у свет ён прыйшоў у Варацэвічах, што на Янаўшчыне, а вось падарожжы свае з пэндзлямі, алоўкамі ды нотнымі аркушамі за доўгае жыццё ажыццявіў у многія краіны свету, пакідаючы з нагоды гэтых працяглых вандровак выдатныя свае творы).
Прыемна, што сярод шматлікіх палотнаў, акварэляў, створаных гэтай выбітнай асобай для нашчадкаў вельмі скрупулёзна і дакладна, ёсць дзве карціны, прысвечаныя нашым, жабінкаўскім краявідам, а калі быць дакладней – маёнтку Пятровічы, дзе мастак гасцяваў у мясцовага памешчыка Альбіна Дзяконскага (бацькі будучага першага паэта, народжанага ў нашым краі, Альбіна Міхала Дзяконскага).
Арыгіналы Ордаўскіх малюнкаў, выкананых алоўкамі, беражліва захоўваюцца зараз у зборах Кракаўскага архіва (Польшча). Пад палотнамі знаходзяцца лаканічныя надпісы: “Piotrowicze 11 lutego 1870. Rzeka Muchawiec” (“Пятровічы 11 лютага 1870. Рака Мухавец”). Аднак, калі прыглядзецца, узнікае сумненне, ці сапраўды малюнкі зроблены з натуры менавіта сярод зімы, бо падаецца, што дрэвы і кустоўе, размешчаныя ў старадаўнім парку і паблізу панскага палаца, яшчэ пакрытыя лістотай. Хутчэй за ўсё, гасцюючы ў больш цёплую пару года ў Дзяконскіх, Напалеон Орда, па сваёй завядзёнцы, накідаў для памяці эскізы будучых карцін, а ўжо пазней, пасля вяртання з вандроўкі, няспешна дамаляваў іх у Варацэвічах.
Што цікава, дык гэта дата, пакінутая пад палотнамі: у той самы дзень, 11 лютага, мастак святкаваў свой чарговы, 63-ці дзень нараджэння. Як бачым, нават у такі святочны для сябе дзень ён не пакідаў алоўка, упэўнены, што лепшым адпачынкам для творчага чалавека заўсёды застаецца мастацтва, узбуджанае і падтрыманае моцнай хваляй натхнення.
На здымку: малюнкі маёнтка Пятровічы і ракі Мухавец, выкананыя Напалеонам Ордам у 1870 годзе.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*