15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

У чарговы дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў даведалася, што сярод афганцаў ёсць жанчына. Акурат уручаліся юбілейныя медалі з нагоды вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Вырашыла для сябе — пры нагодзе абавязкова сустрэнуся. Гэта Тамара Васільеўна Міхалюк, работніца ўпаковачнага аддзялення ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Пры сустрэчы жанчына прызналася, што асабліва не любіць расказваць пра Афганістан, хоць у мікрараёне цукровага завода жыве ўжо другі дзясятак гадоў. Маўляў, подзвігаў я там не здзяйсняла, у асаблівых ваенных дзеяннях не ўдзельнічала, працавала афіцыянткай у лётнай сталоўцы Джалалабада.
Як узнік такі эпізод у біяграфіі Тамары Васільеўны, нараджэнкі Херсонскай вобласці? У маладосці хочацца нечага незвычайнага, зменлівасці ў жыцці. І вось дзве сяброўкі вырашаюць паехаць за мяжу па рамантыку і падзарабіць грошай. Выклік-дазвол давялося чакаць амаль год. І быў ён не надта прыемным. Аказалася, што работнікі патрэбныя толькі ў Афганістане, а там ідзе вайна. І Тамара вырашае ехаць, вядома ж, дома не прызнаецца родным, што ляціць туды, дзе гінуць салдаты. Называе краіну Германія. Было гэта ў 1987 годзе.
Пры сустрэчы Тамара Міхалюк расказвала, што трапіла ў Джалалабад, недалёка знаходзілася пакістанская мяжа. Пасля гутарак з камандзірам батальёна, афіцэрам з асобага аддзела прыступіла да працы афіцыянткі ў лётнай сталоўцы, дзе карміліся верталётчыкі, якія ўдзельнічалі ў баявых аперацыях.
— Кожны павінен выконваць сваю працу сумленна, — расказвае Тамара Васільеўна. — Вылеты байцоў на заданне здараліся, напрыклад, у чатыры-пяць гадзін раніцы. Да гэтага мы іх павінны былі пакарміць. Вядома ж, з хваляваннем чакалі вяртання. Таму што чарка гарэлкі з пакладзеным хлебам наверсе для загінулага, была вельмі часта на стале. Смутак, гаркота панавалі тады ў душы, на тры дні аб’яўлялася жалоба. Здаралася так, што не паспяваў закончыцца адзін, як зноў сумуем па іншых загінулых.
Увачавідкі бачыць Тамары, як падае ўніз падбіты духамі верталёт, як падрываецца на міне салдат, канечне, не давялося, хоць аднойчы выязджала на аперацыю разам з баявымі верталётчыкамі.
— У нас, грамадзянскіх, была сурёзная ахова, — успамінае жанчына. — Жылі мы, а гэта повары, афіцыянты, бібліятэкары, медыкі, у інтэрнатах. Калі духі абстрэльвалі аэрадром, то мы хаваліся ў прыстанішчы. У такія моманты найстрашней было салдацікам, якія знаходзіліся ў ахове. Калі параненага забіралі з месца бою, а потым ён вылечваўся — то гэта для яго было другім днём нараджэння.
11 месяцаў адпрацавала Тамара Васільеўна афіцыянткай у афганскім Джалалабадзе. Сутыкнуцца прыйшлося і са смерцю, страціла сяброўку Наталлю, з якой пазнаёмілася ў Афганістане. Дзяўчына загінала пры пералёце. Памятае як адпраўлялі з пашанай на Радзіму загінулых. Успаміны калі-нікалі прыходзяць у снах, у памяці яны засталіся назаўсёды. Гэта ж быў суровы эпізод у яе жыцці, падчас якога яна ўбачыла шчырае сяброўства баявых лётчыкаў, іх высокую чалавечую годнасць…
Калі вярталася дадому, то была шчаслівейшая з дзяўчат: вяртаецца здаровай, без аніводнай драпінкі. Не думала прызнавацца родным, што была ў Афганістане, і пасля вяртання. Аднак абставіны склаліся так, што давялося сказаць праўду. Тым, хто вярнуўся з афганскай зямлі, трэба было зрабіць прышчэпку ад гепатыту, калі б не сказала сама, то суседка абавязкова, яна працавала медыцынскай сястрой у сельскай бальніцы.
Калі матуля Аляксандра Гаўрылаўна даведалася ў якой краіне была дачка, прамовіла: “А я думаю,  чаго так баліць сэрца, калі ў тэлевізійных навінах паказваюць пра афганскія падзеі. Вось табе і разгадка”.
Вяртанне было нядоўгім. Праз паўгода Тамара накіроўваецца на працу ў новую сацыялістычную, зноў жа ў якасці афіцыянткі. На гэты раз у Чэхаславакію. Тут яна знаходзіць таго чалавека, які стаў для яе мужам. Неўзабаве ў сям’і нарадзіліся Жэня і Саша, якія цяпер атрымліваюць прафесію электрагазазваршчыкаў. Хлопцы за аснову ўзялі бацькаву прафесію. На жаль, Сяргея Аляксандравіча ўжо няма на гэтым свеце. Гора прыйшло ў сям’ю, калі яму было толькі 36 гадоў. Тамара Васільеўна Міхалюк не разгубілася, дзяцей трэба было гадаваць. На той час сям’я Міхалюкоў з Херсона перабралася ў Жабінку, на мужаву радзіму, які працаваў на цукровым заводзе. Пазней і Тамара прыйшла на завод ва ўпаковачнае аддзяленне, пабудавала двухпакаёвую кааператыўную кватэру.  Яму, як афганцу, жыллё было здадзена пад ключ. Праўда, пакуль сям’я жыве ў кватэры, якую ім пакінула бабуля Вольга Міхайлаўна Міхалюк.
На развітанне пацікавілася ў сваёй суразмоўніцы, ці ёсць у яе, як афганкі, пэўныя льготы. На гэта яна паведаміла, што змагла па-за чаргою пабудаваць жыллё, а яшчэ карыстаецца бясплатным праездам у дзяржаўным гарадскім транспарце, ёсць ільгота ў вылічэнні падаходнага падатку..
Л.КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top