“Ляжыць душа да сельскай гаспадаркі”

“Ляжыць душа да сельскай гаспадаркі”

IMG_0491

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Менавіта так проста, але ёмка ахарактарызаваў свой сакрэт поспеху загадчык фермы “Бусні-1” Віктар Іванавіч Сабалеўскі, які па выніках работы за 2015 год летась быў у ліку лепшых сярод брыгадзіраў ферм вобласці. Чатыры гады таму ўзначаліў калектыў “Бусні-1” СВК “Рагазнянскі”.
У яго за плячыма – 16-гадовы стаж работы ў суседняй гаспадарцы – ПУАП “Азяты”. Была спроба папрацаваць па спецыяльнасці, атрыманай у Белдзяржсельгасакадэміі ў Горках – зааінжынерам, затым каардынальна памяняў месца працы. Аднак хутка зразумеў – не яго. Ляжыць душа да сельскай гаспадаркі. І вярнуўся на ферму.
У брыгадзіра фермы нямала абавязкаў. Трэба сачыць за рацыянальным расходаваннем кармоў, якасцю малака, санітарным станам памяшканняў, здароўем жывёлы, весці неабходныя журналы і многае іншае.
У яго падначаленні – 17 чалавек, якія лёгка спраўляюцца з паўтысячным пагалоўем фермы. Тройчы на дзень, паводле графіка, кароў дояць На-дзея Рыгораўна Лабенская, Вольга Аляксандраўна Піліпук, Марыя Рыгораўна Андрасюк, Людміла Міхайлаўна Трафімчук, а лабаранты Вольга Сцяпанаўна Сірацюк і Марыя Мікалаеўна Рамейка праводзяць неабходныя аналізы якасці малака. Дарэчы, у распараджэнні апошніх – найноўшае абсталяванне, і жанчыны аператыўна і дакладна могуць вызначыць якасныя паказчыкі любой малочнай пробы – утрыманне таго ж тлушчу, бялку, сухога абястлушчанага малочнага астатку (САМА), шчыльнасць, колькасць саматычных клетак у сыравіне і інш.
– Што датычыцца якасці малака, дык пра гэты паказчык не сорамна гаварыць, – кажа брыгадзір. – Скажам, калі ў восеньскія дні ў месяц мы здавалі на малаказавод 330 тон сыравіны, дык 96 % яго залічана гатункам “экстра”. За год атрымалася 94 %. Гэта адно з найважнейшых дасягненняў любой малочнатаварнай фермы.
Праўда, каб дасягнуць яго, неабходна адладжаная работа шматлікіх службаў гаспадаркі. Тут і своечасовае ўзнаўленне статка, расцёлы, выяўленне мастытных кароў і іх лячэнне, дабраякаснае кармленне, працоўная дысцыпліна, санітарны стан. Скажам, на ферме “Бусні” абавязкова кожны аўторак праводзяцца санітарныя дні. Пад час іх яшчэ больш дасканала мыецца даільнае абсталяванне і мыечнае аддзяленне, пасыпаюцца вапнай праходы на фермах, ачышчаецца і падсцілаецца падлога на ферме. На дэзрастворы і мыючыя сродкі грошай не шкадуюць, таму ў памяшканнях у любы сезон года тут – ідэальная чысціня. Нават дойныя каровы п’юць ваду, прапушчаную праз спецыяльную сістэму ачысткі. Дарэчы, ёй жа мыюць вымя жывёле перад дойкай. Стэрыльнасць – як у аперацыйнай. Спецыяльныя сурвэткі і сродкі для апрацоўкі вымені дазваляюць максімальна знізіць шанц узнікнення непатрэбных бактэрый у малацэ. (А карова, як вядома, дае стэрыльнае малако).
Гаспадарскі падыход, адказнасць за даручаную справу, гонар за вынік карпатлівай працы адчуваецца ў размове з брыгадзірам фермы.
– Калі чатыры гады таму прыйшоў сюды, то даілі 7500 кілаграмаў малака ад каровы, – кажа Віктар Іванавіч. – Гэта і тады, і цяпер – выдатны паказчык зладжанай і мэтанакіраванай работы ўсяго калектыву. Кожная “прыступка”, кожны “плюсік” пасля 7-тысячнага рубяжу даюцца няпроста. Нам удалося праз год “дадаць” 300 кілаграмаў, потым – яшчэ 500 кілаграмаў. За 2015 год ад кожнай рагулі надаілі 8273 кілаграмы. Такім чынам, наша буснёўская ферма ўваходзіць у трыццатку лепшых у рэспубліцы.
Ёсць на ферме і свае каровы-рэкардсменкі, якія даюць да 45 кілаграмаў малака ў дзень. Такія рагулі – на асаблівым рахунку. Атрыманых ад іх цялятак стараюцца ўвесці ў статак. Раскрыць малочны патэнцыял давяраюць вопытным і цярплівым аператарам машыннага даення ў цэху раздою. Брыгадзір фермы Віктар Іванавіч заўжды цікавіцца станам здароўя жывёл, бо здаровая карова – ладнае цяля – якаснае малако.
Клопаты аб узнаўленні статка загадчыка фермы падзяляе заатэхнік-селекцыянер Вольга Мікалаеўна Сабалеўская. Дарэчы, ягоная жонка. Такі сямейны тандэм дазваляе лепей вырашаць пастаўленыя задачы, таму поспехі на “Бусні-1” і яе таксама.
Віктар Іванавіч расказаў, што звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай вырашыў і сын Сяргей. Ён, як і некалі бацька, вучыцца зараз на другім курсе Белдзяржсельгасакадэміі ў Горках, праўда, на агранома. Бацька спадзяецца бачыць яго ў гаспадарцы, якая стала роднай для сям’і Сабалеўскіх.

На здымку: брыгадзір фермы “Бусні-1” Віктар Сабалеўскі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top