“Трэба заўсёды быць на пазітыве”

“Трэба заўсёды быць на пазітыве”

IMG_9847

Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
Вадзіцель пагрузчыка Жабінкаўскай ПМК-10 Іван Масіевіч, на мой погляд, можа стаць марай любой дзяўчыны, якая з ім пазнаёміцца. Працавіты, актыўны, ініцыятыўны, пазітыўны.
Нашу сустрэчу Іван пачынае з жартаў, і адразу становіцца зразумелым, што без дасціпнага слова ў гэтага маладога чалавека не абыходзіцца ні гадзіны. Звычайна ў такіх людзей – вострых на язык – і работа спорыцца. У дадзеным выпадку гэта якраз так. У ПМК-10 Іван працуе ўсяго паўтара года, а ўжо зарэкамендаваў сябе работнікам адказным, дысцыплінаваным, які з любой даручанай задачай справіцца.
Родам хлопец з Вежак, скончыў Крыўлянскую сярэднюю школу. Тата яго працаваў спачатку вадзіцелем, потым трактарыстам, а матуля – прадаўцом. З самага дзяцінства Іван назіраў за бацькам, які меў справу з тэхнікай. Употай ад жонкі Віктар Леанідавіч даваў сыну, што называецца, “патрымацца за руль”. Таму і пайшоў Ваня бацькавай сцежкай: пасля дзевяці класаў адвучыўся ў вучэбна-вытворчым камбінаце, дзе і атрымаў “корачку” трактарыста.
Прафесійны шлях пачынаў у СВК “Вазнясенскі” пры старшыні Мікалаю Грышко, потым перайшоў у ПМК-19. На курсах павышэння кваліфікацыі асвоіў працу на экскаватары. Наступныя пяць гадоў свайго жыцця старанна рупіўся ў ПМК-19. Цяпер Іван Масіевіч шчыруе ў Жабінкаўскай ПМК-10.
Тое, што маладому хлопцу даверылі новенькі “Амкадор 342С4”, шмат аб чым гаворыць. Іван сядае за руль пагрузчыка і ўпраўляе яго каўшом, быццам трэцяй рукой: пясок, шчэбень, адсеў… У кабіне “Амкадора” камфортна ў любую пару года. А працы работнікам Жабінкаўскай ПМК-10 хапае. Іван расказвае, што быў задзейнічаны са сваім верным стальным памочнікам на рэканструкцыі цукровага завода, будаўніцтве фермаў у Падлессі і Агародніках, цялятніка ў Стаўпах, працаваў на кар’еры ў Дзяменічах, прымаў удзел у будаўніцтве завода па вытворчасці прэміксаў ЗАТ “Консул”, у будаўніцтве 40-кватэрнага дома ў Жабінцы. Зараз заняты на правядзенні водаправода на вуліцы Прыазёрная ля возера Візжар.
“Амкадор” верна служыць свайму гаспадару, хоць без паломак, як бывае з любой тэхнікай, вядома, не абыходзіцца. Але на рамонце стаяць нявыгадна, таму Іван прыкладае максімум намаганняў, каб як мага хутчэй сесці за “штурвал” свайго “карабля”. Вадзіцель спрытна спраўляецца з пагрузчыкам унушальных габарытаў. Машына зачэрпвае пясок або шчэбень вялікім каўшом і вязе ў патрэбны бункер. Магчыма, такая штодзённая работа для іншага паказалася б манатоннай і нецікавай, але Івану Масіевічу яна падабаецца, і мяняць прафесію ён не збіраецца.
Нягледзячы на тое, што шмат даводзіцца працаваць, работнікі Жабінкаўскай ПМК-10 умеюць адпачываць. Ваня адзначае, што ў іх выдатна наладжана работа пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, якую ўзначальвае Людміла Шыкута. Дзякуючы яе ініцыятыве працаўнікі прадпрыемства наведалі Нясвіжскі і Мірскі замкі, сёлета летам адпачывалі ў Карпатах.
– Лепш за горы могуць быць толькі горы, як спяваў Уладзімір Высоцкі. Там такая прыгажосць – не апісаць словамі! – захоплена расказвае Іван.
А яшчэ прыгадвае, што наведвалі дыскатэку 80-90-х у Мінску зноў жа дзякуючы прафсаюзу.
– Калектыў у нас дружны, згуртаваны, пануе ўзаемападтрымка, – кажа малады чалавек. – Нас аб’ядноўваюць экскурсійныя паездкі, турыстычныя паходы, удзел ва ўрачыстасцях, цікавыя хобі, мастацкая самадзейнасць, спорт, суботнікі.
Арганізацыя, у якой працуе, прадаставіла Івану жыллё – інтэрнат у мікрараёне бальніцы. Але хлопец марыць пра ўласную кватэру, стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў. Ці станецца так, што яна будзе пабудавана спецыялістамі Жабінкаўскай ПМК-10, пакуль невядома, але Івану хацелася б.
А вось пра ўласны аўтамабіль малады чалавек не мроіць. “Штурвала” і на працы хапае.
– Трэба заўсёды быць на пазітыве, – раскрывае сакрэт жыццялюбства Іван Масіевіч. – Радавацца жыццю, бо яно хуткацечнае. Сёння мне 25, а не паспею азірнуцца, як стукне 45 (смяецца). Люблю глядзець камедыі (што і не дзіўна). Чакаю святаў, таму што на Новы год, на Раство і на Вялікдзень наша сям’я збіраецца ў матулі ў Вежках.
Гледзячы на гэтага ўсмешлівага, прывабнага хлопца, хочацца, каб усё ў яго жыцці склалася найлепшым чынам. Тое, аб чым марыцца пад Новы год, абавязкова здзяйсняецца. А раптам 2017-ты падорыць Івану і кватэру, і гаспадыню ў ёй?

Вадзіцель пагрузчыка Жабінкаўскай ПМК-10 Іван Масіевіч.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro