Няхай дом напоўніцца радасцю, любоўю і шчасцем

Няхай дом напоўніцца радасцю, любоўю і шчасцем

IMG_2464 IMG_2478 IMG_2520 IMG_2544
Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы БЯЛЯК.
Не ўсе беларускія дзеткі атулены бацькоўскай ласкай і пяшчотай. Родным домам і сям’ёй для такіх з’яўляецца інтэрнат. Кіраўніцтва нашай краіны лічыць прыярытэтным напрамкам у сваёй дзейнасці зрабіць усё, каб хлопчыкі і дзяўчынкі выхоўваліся ў сем’ях. Для гэтага ў Беларусі будуюцца дамы сямейнага тыпу, бацькі-выхавальнікі ў якіх ствараюць для малых камфортныя ўмовы, прывучаюць да працы і самастойнасці, дзеткі не дзеляцца на родных і няродных.

Напярэдадні Калядаў на Жабінкаўшчыне адбылася сапраўды святочная падзея – адкрыццё першага дзіцячага дома сямейнага тыпу. Яго адрас: Жабінка, вуліца 17 верасня, дом 60. Засялілася сюды сям’я Віктара Рыгоравіча і Алены Віктараўны Янушаў, якія прыёмнымі бацькамі з’яўляюцца з 2010 года. Цяпер у сям’і выхоўваецца чацвёра прыёмных дзяцей. Уласныя дзве дачкі Янушаў ужо дарослыя: Настасся працуе настаўнікам матэматыкі ў другой гарадской школе Каменца, Вольга вучыцца ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна.
Гаспадыня сям’і працуе прыёмнай мамай і выхавальнікам у Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце. Віктар Рыгоравіч – саставіцель вагонаў на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Усе ў сям’і Янушаў актыўныя ўдзельнікі раённых і школьных мерапрыемстваў.
Алена Віктараўна і Віктар Рыгоравіч за добрасумленную працу ў выхаванні дзяцей узнагароджаны Пісьмом падзякі Жабінкаўскага райвыканкама. Дарэчы, у 2015 годзе Янушы сталі фіналістамі абласнога конкурсу прыёмных сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу “Мая прыёмная сям’я”.
З навасёламі пазнаёміліся, а цяпер раскажам пра падзею адкрыцця дзіцячага дома сямейнага тыпу. Ён, дарэчы, двухпавярховы, вядома, большы за сцяброўскі, дзе жыла сям’я да гэтага.
Урачыстасць і прыемнае хваляванне навасёлаў прыйшлі падзяліць жабінкаўцы і госці: старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, старшыня Жабінкаўскага райсавета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк, начальнік Жабінкаўскай ПМК-10 Мікалай Шпакоўскі. Апошні, дарэчы, уручыў сімвалічны ключ ад дома гаспадару Віктару Янушу. Кожны з гасцей сказаў цёплае слова і паднёс каштоўныя падарункі.
Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў важнасць падзеі, таму што дзеткі знайшлі сабе сям’ю, а значыць утульнасць, цеплыню зносін, пяшчоту, ласку, і выказаў словы падзякі бацькам-выхавальнікам, якія прынялі хлопчыкаў і дзяўчынак і сталі для іх роднымі і блізкімі людзьмі, а таксама тым, хто будаваў дом і напаўняў яго ўсім неабходным для паўнавартаснага развіцця маленькіх навасёлаў. Менавіта сям’я з’яўляецца падмуркам духоўнага і маральнага выхавання чалавека.
Сяргей Ашмянцаў, выступаючы, заўважыў, што на Жабінкаўшчыне пабудаваны першы дзіцячы дом сямейнага тыпу, а ў вобласці 45-ы. У іх ужо пражывае 286 хлопчыкаў і дзяўчынак. “Гэта тлумачыцца тым, што ў нашай краіне ахова дзяцінства – справа ўсенародная, – сказаў ён. – Дарослыя павінны зрабіць усё, каб дзеці, пакінутыя без апекі, не адчувалі сябе чужымі ў гэтым свеце. Вельмі важна, каб кожнае дзіця, пазбаўленае з нейкіх прычын бацькоўскай увагі, атрымала магчымасць жыць і выхоўвацца ў доме, дзе ёсць сямейнае цяпло”.
Слова сказала і мама Алена Януш. Яна падзякавала ўсім, хто будаваў дом і дапамагаў рабіць яго камфортным і ўтульным, і выказала надзею, што на жабінкаўскай зямлі для кожнага дзіцяці, якое апынулася ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, абавязкова знойдуцца людзі, якія падтрымаюць і дапамогуць яму. Яна будзе рабіць усё магчымае, каб яе дзеці былі шчаслівымі і выраслі годнымі людзьмі.
Надышоў хвалюючы момант. Кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў і гаспадар Віктар Януш пераразаюць чырвоную стужку. Шаноўныя госці і іншыя ўдзельнікі ўрачыстасці ідуць у асабняк, каб пазнаёміцца, як абуладкавалася сям’я на новым месцы.
Урачыстая цырымонія завяршылася за кубачкам чаю сумеснай размовай дзяцей, прыёмных бацькоў і гасцей.
Яшчэ хачу сказаць, што летась у нашым раёне было выяўлена 15 дзяцей-сірот і тых, хто застаўся без апекі бацькоў. З іх на сямейныя формы выхавання вызначаны 8 хлопчыкаў і дзяўчынак.

P.S. На будаўніцтва дзіцячага дома сямейнага тыпу ў Жабінцы патрачана 2 млрд. 334 млн. руб.
На бытавую тэхніку, свяцільнікі, мэблю зрасходавана 24 тыс. 566 руб., а ўсяго запланавана патраціць 41 тыс. 417 руб.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top