Навагодні падарунак – наваселле

Навагодні падарунак – наваселле

семьяЛещенко
Лідзія БАРАДЗІНА.
Вольга і Сяргей Лішчанкі пазнаёміліся, калі вучыліся ў Крыўлянскай сярэдняй школе. Сяргею дзяўчына спадабалася адразу, а да яе пачуццё прыйшло пазней. Хлопец жыў у Вярхах, а Вольга ў Свішчах. Даводзілася пераадольваць 7 кіламетраў дарогі, каб сустрэцца з дзяўчынай. Але для закаханага гэта не адлегласць, нават напісаў верш “Прямой наводкою в Свищи”.
Перад вачыма Сяргея пастаянна ўзнікала чарнавокая Вольга. Дзяўчыне таксама падабаўся спакойны, добры, вясёлы хлопец, які быў са шматдзетнай сям’і, паважаў старэйшых, клапатліва і пяшчотна адносіўся да малодшых. Вяселле згулялі ў жніўні 2006 года. Дзе ёсць каханне, там і дзеці нараджаюцца. Першым на свет у сям’і Лішчанкаў з’явіўся Глеб, потым – Яраслаў і Кірыл. “Вельмі хочацца паламаць стэрэатып, што склаўся пра вялікія сем’і, – гаворыць Вольга. – Часта чуеш: “Шматдзетныя? Зразумела. Нарадзілі дзеля кватэры. А можа, якія п’яніцы! Што, пра супрацьзачаткавыя сродкі не чулі?” Гэта ўсё не пра нас. Мы самі са шматдзетных сем’яў. Пераканана: яны могуць быць удалымі, паспяховымі, шчаслівымі”. На пытанне “А хто ў вашай сям’і іграе першую скрыпку?” жанчына адказала: “Ва ўсіх справах галоўны Сяргей. Ён асноўны здабытчык. Да планавання вялікіх пакупак падыходзіць сур’ёзна. Мы і сыноў прывучаем ра-
зумна адносіцца да ўсяго. Калі ў нас узнікаюць нейкія рознагалоссі, то кропку над “і” расстаўляем не пры дзецях”.
У гэтай сям’і не пакідаюць нявырашаныя праблемы на потым, абавязкова ўсё абгаворваюць разам. Для дзяцей важны прыклад бацькоў, іх аўтарытэт. Калі яны адчуваюць, што тата і мама жывуць дружна, значыць, і сыны, калі стануць дарослымі, перанясуць такую мадэль у свае сем’і.
Летась 4 лістапада Лішчанкі атрымалі трохпакаёвую кватэру, на чарзе прастаялі 6 гадоў. Такім чынам, цяпер на кожнага з дамачадцаў у новай кватэры, куды перасяліліся напярэдадні Новага года, прыпадае 10,14 квадратнага метра жылой плошчы.
“З пераездам у кватэру вырашыліся ў нас многія сямейныя праблемы, у першую чаргу, транспартныя, – дзеліцца перажытым Вольга. – Раней з мужам даводзілася прачынацца і будзіць дзяцей у 6 гадзін раніцы, каб самім паспець на цягнік на працу ў Жабінку”.
Сяргей рупіцца ў Жабінкаўскай ПЧ-5, Вольга таксама працавала на чыгунцы, а цяпер у дэкрэтным адпачынку. Цяпер Глебу 8 гадоў, Яраславу – 6, яны школьнікі і вучацца ў СШ № 1
Жабінкі. Кірыл, якому паўтара года, неўзабаве пойдзе ў дзіцячы сад.
Дом, дзе жыве сям’я, знаходзіцца ў мікрараёне Жабінкі на вуліцы Моладзевая, недалёка ад двух садзікаў, так што вадзіць Кірылку маме з татам давядзецца блізка.
Вольга і Сяргей удзельнічаюць у грамадскім жыцці. У кожнага з Лішчанкаў ёсць свае захапленні: Глеб цікавіцца футболам, Кірыл – машынкамі, Яраслаў калекцыяніруе дыназаўраў, мама Вольга любіць фатаграфаваць, выпякаць, тата Сяргей гуляе ў футбол. Дарэчы, гаспадар сямейства захапляецца гэтым відам спорту даўно, дый наогул вядзе здаровы лад жыцця. Займаецца ў футбольным клубе “Расток”. Яму давялося гуляць за футбольную каманду ПЧ-5 на спаборніцтвах, што праводзіліся сярод акалодкаў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці. Іх каманда заняла трэцяе месца.
У выхаванні дзяцей актыўна ўдзельнічаюць і мама, і тата, прытрымліваюцца адзінай лініі. Хлопчыкі адчуваюць бацькоўскую любоў. А цяпер вельмі радуюцца, што ў іхняй кватэры будзе свой пакой. Старэйшыя Вольга і Сяргей шчаслівыя тым, што іх мары збываюцца (мець шмат дзяцей і сваю ўласную кватэру).
“Дзяцей проста трэба любіць такімі, якія яны ёсць, – разважае жанчына. – Каб не яны пад цябе падладжваліся адразу, а ты знайшоў падыход да іх. У кожнага ж свой характар: да аднаго трэба са строгасцю, да іншага толькі з пяшчотнасцю і ўгаворамі. Любога трэба ўмець выслухаць, зразумець, дапамагчы знайсці выхад са складанай сітуацыі, падтрымаць, накіраваць”. Пра выхаванне Сяргей гаворыць так: “Дзіця, як толькі пачало хадзіць, павінна прывучацца да працы. Нашы дзеці ахвотна дапамагаюць нам у хатніх справах”. У мамы і таты траіх дзяцей вельмі многа працы. Але яны з любой спраўляюцца, бо сям’я Лішчанкаў жыве пад дэвізам “Жыць – значыць працаваць”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top