новости

“Калядная зорка” назвала пераможцаў

У гэтыя навагоднія дні, напоўненыя зімовым хараством і верай у цуды, у Мінску адбылася рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Калядная зорка”. На яе былі адабраны лепшыя работы, зробленыя таленавітымі і творчымі школьнікамі з усёй краіны. Журы падвяло вынікі і вызначыла прызёраў і пераможцаў “Каляднай зоркі” ў намінацыях: “Арт-аб’ект”, “Мастацкая саломка”, “Мастацкі роспіс”, “Тэкстыль”, “Кераміка”, “Выцінанка”, “Інтэр’ерная лялька”, “Ёлачная цацка”, “Паштоўка-віншаванне”, “Сувенір-падарунак”, “Сюжэтная кампазіцыя”, “Навагодні касцюм”. Сярод пераможцаў прозвішчы юных жабінкаўцаў: Марыі Поснікавай (намінацыя “Інтэр’ерная лялька”) і Кацярыны Казінскай з Настассяй Гайдук (намінацыя “Мастацкая саломка”).
Так, 9-гадовая Марыя, якая наведвае аб’яднанне па інтарэсах “Выяўленчы дызайн” пры РЦТДіМ, падрыхтавала тэкстыльную ляльку “Анёл з цудоўнай весткай”. А Кацярына і Настасся для рэспубліканскага конкурсу пад кіраўніцтвам педагога Ірыны Коваль (аб’яднанне па інтарэсах “Чароўная саломка”) аформілі незвычайную маску “Калядная”. Абедзве работы дзяўчынак былі годна ацэнены журы, і ім былі ўручаны дыпломы за трэцяе месца.

Мюслі для хамякоў

ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” займаецца выпускам збалансаванага корму для ўсіх відаў жывёл, птушак і рыб. Летась былі распрацаваны рэцэпты камбікорму для фарэлі і асятровых рыб, а таксама мюслі для спартыўных коней. Напрыканцы адыходзячага года завадчане таксама наладзілі выпуск ласункаў для хамякоў, марскіх свінак, дэкаратыўных пацукоў.
– У мюслі ўключаны сушаныя яблычныя выжымкі, фуражная кукуруза, экструдыраваны ячмень, сухая морква, пшаніца, тэрмаапрацаванае насенне сланечніку і лёну, шматгадовых траў, аўсяныя і пярловыя шматкі, лушчаны ячмень – усё тое, што так любяць грызуны, – раскрывае сакрэты чарговага рэцэпта начальнік камбікормавага цэха ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Ірына Мацука. – Корм расфасаваны ў пакецікі па 400 грамаў і мае зручны зіпер-замок. Нядаўна новы від корму для дэкаратыўных грызуноў паступіў у спецыялізаваныя магазіны камбікормавага завода. Абавязкова пачастуйце свайго зубастага сябра новай прадукцыяй!

Ранішнік арганізавалі прафсаюзы

Як расказала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская, запамінальнымі для дзяцей сталі навагоднія мерапрыемствы, што прайшлі ў Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў. Ранішнік быў арганізаваны абласным аб’яднаннем і галіновымі камітэтамі прафсаюзных арганізацый. Больш за 30 хлопчыкаў і дзяўчынак з Жабінкаўшчыны паглядзелі казку “Навагодні перапалох, альбо Таямніца Карабаса Барабаса”. З глядзельнай залы святочнае відовішча перамясцілася ў фае, дзе маленькія госці прадоўжылі сваё вяселле ля ўпрыгожанай ялінкі і атрымалі салодкія падарункі ад Дзеда Мароза.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top