Жыццё састарэлых робяць дабрэйшым

IMG_2419

Алена БОЙКА, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі дома.
Фота Святланы БЯЛЯК.
5 студзеня сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі сацыяльнай абароны. Бессардэчных людзей у нашай службе няма, таму што кожны, хто тут працуе, ад Бога надзелены міласэрнасцю, спачуваннем, цярпеннем, разуменнем і дабрынёй.

Сацыяльны работнік… У гутарцы высвятляецца, што такая прафесія не была іх мараю, на гэтай працы жанчыны апынуліся выпадкова. З кожным годам яны ўсё больш і больш прызвычайваліся да яе, адчуваючы адказнасць за кожнага са сваіх падапечных. І цяпер ужо сумленне і спачуванне не дазваляюць ім выкінуць з галавы і сэрца клопат пра пажылых людзей, удзел у іх лёсе, да якога яны датыкнуліся. І ў гэтым, відаць, і ёсць найвышэйшае праяўленне чалавечай міласэрнасці…
У ДУ “Жабінкаўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” ў вёсках і горадзе на стаўку працуюць 23 сацыяльныя работнікі, а ўсіх іх у нас 53. Атуліць пенсіянераў увагай і клопатам, каб яны не адчувалі сябе адзінокімі, а жылі паўнавартасным жыццём – асноўная іх задача.
Сёння хачу расказаць аб працы і выказаць словы ўдзячнасці кожнаму сацыяльнаму работніку. Так, Наталля Васільеўна Грышчук абслугоўвае 9 пажылых людзей. Пяцёра з іх перакрочылі 80-гадовы рубеж: В. Пастушчык, З. Яроцкая, А. Пустава, К. Шумко, М. Крыўчэня. Заходзіць яна да іх паводле графіка, паслугі аказвае ў адпаведнасці са ступенню іх рухальнай актыўнасці. Адным з цэнтральных накірункаў у сваёй працы бачыць клопат аб пажылых, вырашэнне іх паўсядзённых праблем: купіць і занесці на дом прадукты харчавання, дапамагчы прыбрацца ў доме, набыць лекі, выклікаць дадому ўрача і многае іншае. Наталля Васільеўна ўважлівая, добрасумленная, міласэрная і працавітая жанчына. Яе паважаюць і цэняць пенсіянеры. Паводле вынікаў 2016 года ўзнагароджана Пісьмом падзякі старшыні Камітэта працы занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва.
Людміла Мікалаеўна Мароз – чалавек сардэчны са спачувальнай душою і адказнасцю перад сваімі падапечнымі. У яе іх сямёра. Усе жывуць на тэрыторыі Крыўлянскага сельскага Савета. Да састарэлых людзей адносіцца ўважліва, стараецца максімальна дапамагчы справай і пазбавіць іх ад лішніх цяжкасцей і непрыемнасцей. Дарэчы, абавязкі сацыяльнага работніка не абмяжоўваюцца пералічаным у інструкцыі. Старыя адзінокія людзі хочуць адчуць да сябе клапатлівасць, пагаварыць па душах і паскардзіцца на свае хваробы. І ў гэтым ім не адмаўляюць Ларыса Мікалаеўна Сашына, Галіна Мікалаеўна Ун-дзярук, Алена Іванаўна Жэдзік, Алена Аляксандраўна Яльчык, Вера Уладзіміраўна Угляніца, Галіна Паўлаўна Бенедзісюк, Ірына Віктараўна Навуменка. Яны заўсёды прыветлівыя, вясёлыя, клапатлівыя. Сталі для сваіх падапечных роднымі, іх чакаюць з вялікім нецярпеннем. Не ўсюды ёсць такія душэўныя, цярплівыя работніцы, як Галіна Іванаўна Мікуц, Таццяна Аляксандраўна Старыкевіч, Кацярына Сцяпанаўна Ланчук.
Людміла Герасімук, Аксана Сомава, Ірына Апановіч, Ірына Гамола, Святлана Андрайчук, Таццяна Парадня, Святлана Войцік, Тамара Кірыліна і Генадзь Клімчук працуюць у сацыяльнай службе нядаўна, але пра іх можна сказаць толькі добрае.
Сёння хочацца выказаць вялікі дзякуй тым сацыяльным работнікам, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку: Таццяне Дыдэнка, Ніне Таўставухавай, Марыі Буснюк, Алене Іванюковіч, Алене Макасюк за іх руплівую працу ў нашым цэнтры.
На адрас сацыяльных работнікаў прыходзіць многа слоў удзячнасці ад пажылых людзей, іх родных і блізкіх. Гэта і ёсць паказчык таго, што наша служба важная, патрэбная і запатрабаваная людзьмі пажылага ўзросту.
Напярэдадні свята хачу павіншаваць усіх работнікаў сацыяльнай абароны з прафесійным святам і Раством Хрыстовым. Усім моцнага здароўя, міру, дабрабыту, доўгіх гадоў жыцця. Дзякуй вам за невычэрпную шчодрасць сэрца, душэўнасць, уменне рабіць свет, у якім жывуць пажылыя людзі, дабрэйшым.
На здымку: сацыяльны работнік Наталля ГРЫШЧУК і Ганна ШУМКО.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.