Абараніла дыплом і …знайшла работу

Абараніла дыплом і …знайшла работу

IMG_1826Святлана БЯЛЯК.

Фота аўтара.

Ганна Панасеня і Сцяпан Склезь (на здымку) – ветфельчары СВК “Маціевічы”. Яны абодва сёлета прыйшлі ў гаспадарку, і пакуль маладыя спецыялісты аб сваім жыццёвым выбары не шкадуюць.
Напрыклад, Ганна прызналася, што вясковае жыццё яе заўжды больш вабіла, чым гарадское, і зусім не імкнецца ў шматпавярховы “шпакоўнік”. Дзяўчына нарадзілася і вырасла ў Баранавічах, вучылася ў гімназіі, амаль на ўсе дзясяткі скончыла 9-ы клас. З такім атэстатам перад ёю былі адчынены дзверы многіх навучальных устаноў. Яна выбрала Ляхавіцкі аграрны каледж. Бацькі і трое малодшых братоў і сясцёр не здзівіліся: Ганна любіць жывёл, асабліва катоў, а на дачы з задавальненнем даглядала трусоў, рабіла ім прышчэпкі ад мікаматозу і гемаралагічнай ліхаманкі. Выбар дзяўчыны падтрымалі: будучую прафесію выбірала сама, дый каледж быў побач. Вучоба ёй давалася лёгка. Паспявала на лекцыі, а ў вольны час чытала кніжкі, гуляла з аднакурснікамі ў баскетбол. Яшчэ Ганна пасля заняткаў разносіла газету “Капейка” – заробак быў у два разы вышэйшы за стыпендыю – ужо ў бацькоў не прасіць, дый малодшым брату і сястрычкам на ласункі перападала.
– Вучыцца было цікава, – расказвае Ганна. – У нас, лічу, былі выдатныя выкладчыкі. Практыку праходзілі на вучэбнай ферме “Кашэнка” ў СВК “Шлях новы”. Чамусьці адбілася ў памяці наша першая аперацыя – давялося ампутаваць лапу сабаку, які трапіў у капкан. Рана зацягнулася, і небарака хутка навучыўся бегаць на трох лапах. А вось месца для пераддыпломнай практыкі мне давялося шукаць самастойна, праз інтэрнэт. З многіх варыянтаў выбрала СВК “Маціевічы” Жабінкаўскага раёна. Тут абяцалі жыллё. Да месца работы зручна дабірацца: побач чыгуначны прыпынак, раённы і абласны цэнтры. Падумалася: калі спадабаецца ў Жабінцы на практыцы – застануся і далей. Так яно і адбылося.
Дзяўчына прыехала ў СВК “Маціевічы” разам з юнаком, які завалодаў яе сэрцам. Будучых ветфельчараў пад сваю апеку ўзяў вет-урач гаспадаркі Віктар Уладзіміравіч Цупа. Ён не шкадаваў ні сіл, ні часу на маладых спецыялістаў – тлумачыў, паказваў, падказваў. Пасля практыкі і абароны дыпломнага праекта яны зноў сустрэліся.
…Пацяклі працоўныя будні. У сельскай гаспадарцы ніводны дзень не падобны на папярэдні. Тут нельга сказаць: мой працоўны дзень скончыўся ў 17 гадзін. Ганна пакрысе прывыкла, што пасля работы можа трапіць дадому ў восем-дзевяць гадзін вечара. Даводзіцца займацца лячэннем, прафілактыкай і вакцынацыяй жывёл, размяркоўваць медыкаменты, кантраляваць працэс даення, лячыць мастытных кароў і дапамагаць ім расцяліцца, весці неабходную дакументацыю. Усе гэтыя абавязкі ёй у радасць. Яна адчувае падтрымку старэйшых калег – загадчыц ферм Ларысы Максімаўны Штык, Галіны Іванаўны Маскалёвай, аператара па штучным асемяненні кароў Леаніда Аляксеевіча Дзеніскаўца, лабаранта Галіны Фёдараўны Лясько і іншых. Падабаюцца адносіны да моладзі і з боку кіраўніцтва. Старшыня Мікалай Іванавіч Кавальчык заўжды цікавіцца, што хвалюе маладых ветфельчараў, выслухае просьбы і пажаданні, дапамагае ў вырашэнні іх бытавых праблем. Скажам, калі Ганне напярэдадні ацяпляльнага сезона спатрэбілася паліва – літаральна праз некалькі дзён брыкет і дровы былі ёй дастаўлены.
– Калі адчуваеш падтрымку і чалавечыя адносіны да сябе – хочацца працаваць, – расказвае Ганна. – Многае ад мікраклімату ў калектыве залежыць. Мне тут падабаецца, абжылася.
Дарэчы, Ганна ў інтэрнат (дом, пабудаваны паводле прэзідэнцкай праграмы) прывезла з дому мультыварку, ноўтбук, посуд, бялізну. А ложак, падушкі, паліцы, халадзільнік у пакоях ужо былі. Можна было б узяць спецыяльны крэдыт (маладым спецыялістам, якія прыехалі з іншых раёнаў, даецца такая магчымасць), толькі Ганна выдатна адчувае сябе ў “спартанскіх” умовах, не “шыкуе”. Інтэрнат разам з ёю падзяляе кошка Сана, якая, дарэчы, разам з маладой гаспадыняй выдатна адчувала сябе ў студэнцкім інтэрнаце ў Ляхавічах, а цяпер прыжылася на Жабінкаўшчыне. Нядаўна Ганне падарылі шчанюка. Сабачка ладзіць з кошкай, нават ядуць з адной міскі, з нецярпеннем чакаюць гаспадыню з працы.
Куды пайсці вечарам пасля работы? Ганна над гэтым не задумваецца. Можна ў клуб ці ў бібліятэку, каб не сядзець у адзіноце. У вольны час дзяўчына чытае кнігі (з апошніх – перачытаная “Майстар і Маргарыта”), вышывае крыжыкам і займаецца агучваннем анімэ (японскіх мульцікаў), размаўляе па тэлефоне з любімым чалавекам, які паступіў у Віцебскую ветэрынарную акадэмію. Ганна спадзяецца, што ў наступным годзе яна таксама стане студэнткай гэтай установы (сёлетняя спроба аказалася няўдалай – не хапіла ўсяго двух балаў для залічэння!) Хацелася б, каб маладых спецыялістаў часцей збіралі разам, арганізоўвалі паездкі на іншыя фермы, каб параўнаць, абмяняцца вопытам, думкамі, выказаць праблемы – гэта будзе асабліва цікава і карысна.
Што наконт арганізацыі працоўнага працэсу, дык Ганна лічыць, няблага было б гаспадарцы разжыцца тэрмабоксамі для цялят, палепшыць умовы ўтрымання маладняку на ферме “Карды”, часцей праводзіць дэзынфекцыю памяшканняў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top This site is protected by WP-CopyRightPro